Шыльда свабоды
Магілёў, завулак Гогаля, 13
Магілёў, завулак Гогаля, 13
У гэтым доме жыў Сяргей Абадоўскі — арганізатар у 1990-х гадах свабодных прафсаюзаў і праваабарончага руху на Магілёўшчыне. За сваю дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі.
Сям’ю магілёўскага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага і сёньня дэмакратычная грамадзкасьць называе сапраўднай беларускай, а яе галаву —самай маштабнай фігурай у Магілёве пары дэмакратызацыі. Як і ўсе сем’і, Абадоўскія мелі шмат радасных дзён, але тыя няшчасьці, якія іх напаткалі, выпадаюць на долю ня кожнай сям’і.
На пачатку 1990-х гадоў Сяргей Абадоўскі займаецца стварэньнем свабодных прафсаюзаў і становіцца першым старшынём Магілёўскай абласной арганізацыі СПБ.
Затым — удзел у праваабарончым руху. “Магілёўскі праваабарончы цэнтар”, дырэктарам якога ён быў, робіцца першай рэгіянальнай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыяй. Ладзіцца маніторынг дзейнасьці судоў, вядзецца прыём грамадзянаў, якім праваабаронцы тлумачаць іхныя правы і выступаюць ад іх імя са скаргамі. Разам з абласной філіяй Хэльсынскага камітэту цэнтар стварае “Белую кнігу”, у якой фіксуюцца парушэньні правоў чалавека на Магілёўшчыне з пазначэньнем прозьвішчаў дзяржаўных чыноўнікаў, судзьдзяў, пракурораў, каб усе ведалі, хто гэтыя парушэньні ўчыніў. Кнігу раздавалі ў судах, дзяржаўных установах, і рэакцыя яе “герояў” была вострай.
Хмары над Абадоўскім гусьцелі. Гром грымнуў пасьля ягонага актыўнага ўдзелу ў правядзеньні альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году. Удар нанесьлі ўлады па сям’і, — кажа паплечнік Абадоўскага, магілёўскі праваабаронца Аляксандар Каралёў:
“На старэйшага сына сфабрыкавалі крымінальную справу і пасадзілі ў турму. Сяргей яго і абараняў. Пасьля яго вызвалілі датэрмінова. Сярэдні сын актыўна ўдзельнічаў у моладзевым руху і быў вымушаны выехаць у Польшчу, бо і на яго плянавалі завесьці крымінальную справу. Уся сям’я Сяргея пацярпела ад ягонай дзейнасьці. Дый сам Сяргей згарэў ад таго, што хацеў многа зрабіць, але не сачыў за сваім здароўем і ў выніку пайшоў з жыцьця. І старэйшы сын празь некалькі гадоў пасьля бацькі таксама памёр”.
За сваю веру ў ідэалы свабоды, справядлівасьці і спробу іх ажыцьцявіць Сяргей Абадоўскі заплаціў найвялікшую цану. Ён памёр у 2003 годзе, на 53-м годзе жыцьця.