“Дзецям у школах загадалі насіць павязкі. А павязак няма ў ніводнай аптэцы”

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы выказваюцца з нагоды эпідэміі грыпу, візыту Аляксандра Лукашэнкі на Ўкраіну, надыходзячай гадавіны кастрычніцкага перавароту 1917 году.
Як ніколі раней, аўдыёпошта перапоўненая інфармацыяй, меркаваньнямі, парадамі наконт эпідэміі грыпу. На першым месцы — сыгналы пра недахоп лекаў і прафіляктычных сродкаў

Спадарыня: “Прыйшла ўрач з 35-й паліклінікі, выпісала рэцэпт адзін: арпетол, там яшчэ нейкія лекі вельмі дарагія, і нідзе нічога няма. Дзякуй нашай дзяржаве, што яна так пра нас клапоціцца… Як хочаш, хоць паміраць кладзіся”.

Спадарыня: “Людзі хварэюць, таму што кепска харчуюцца, не прымаюць вітаміны, садавіну і морапрадукты”.

Спадар: “У нас у Смаргоні дзецям у школах загадалі ўсім насіць павязкі. Павязак жа няма ў ніводнай аптэцы”.

Своеасабліва падсумоўвае такія паведамленьні наступны званок:

Спадарыня: “Прэзыдэнт сказаў, што фармацэўтычныя кампаніі нажываюцца на няшчасьці людзей. А дзе праверка? Што яна робіць, каб гэтага не было? Апошнія капейкі выкачваюць у людзей. Чым мы лечымся? Можа, п’ем ня тое, што трэба?”

Сярод вашых званкоў ёсьць і канкрэтныя парады наконт таго, як уберагчыся ад вірусу. У тым ліку нетрадыцыйныя:

Спадар:
Аўра большасьці людзей і этнічная аўра Беларусі забруджана.
“Аўра большасьці людзей і этнічная аўра Беларусі забруджана. Кожны хай пачне зь сябе. Хай ацэніць сваё жыцьцё, свой настрой і лад думак. Ужо толькі гэтым вы павысіце сваю энэргетыку. Зьвяртайцеся да духоўных і эзатэрычных ведаў. Выходзьце на прыроду, злучыцеся з ракой, лесам, полем, дрэвамі. Надта абцяжараныя нашы душы матэрыяй і плоцьцю”.

А вось іншая нашая слухачка апэлюе да народнай мэдыцыны.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Калісьці ў час чумы ў Менску людзі хадзілі да Сьвятога Роха і ўзносілі яму малітвы. У час сьвінога грыпу, можа, таксама трэба падысьці да Сьвятога Роха. Па-другое, я як мэдык для прафіляктыкі ў сваёй сям’і заварваю гарбату з маліньніку і календулы, ямо мы часнок, цыбулю, мёд, вельмі добра — прэпараты, якія ўтрымліваюць кальцый. Можна есьці тварог, сыр. Гэта таксама добра”.

Зь іншых тэмаў найбольшую ўвагу слухачы зьвяртаюць на палітыку.

Спадарыня: “Я рэкамэндую Юшчанку ня надта шчырым быць у размовах з Лукашэнкам, бо хутка ўсё ўведае Расея. І яна знойдзе затым колы, у якія можна ўставіць палкі…”

Праз два дні — чарговая гадавіна кастрычніцкага перавароту.

Спадар: “Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мы працягваем адзначаць гэтую чырвоную, крывавую падзею, у выніку якой загінулі мільёны людзей. Крыжы ў Курапатах нагадваюць пра страшэнны бальшавіцкі тэрор, і праз тыдзень пасьля ўшанаваньня памяці расстраляных адзначаць дзень бальшавіцкай рэвалюцыі — гэта не па-людзку”.

Мікалай Петрушэнка
Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — сябра ЦК Партыі камуністаў Беларускай Мікалай Петрушэнка:

“Тут хочацца нагадаць вельмі добрыя словы Леніна пра тое, што пакуль мы не навучымся бачыць за словамі палітыкаў іх палітычную сутнасьць, то датуль будзем наіўнымі дзецьмі. А палітлёзунгаў гучыць дужа многа, у тым ліку і ў тэлефанаваньнях на “Свабоду”. Дык у чыіх інтарэсах замаўчаць зараз падзеі 7 лістапада? Найперш выгадна зараз расейскім уладам — зрабіць выгляд, нібыта гэта дзень прымірэньня. Насамрэч ніякага прымірэньня няма! Галоўны разлом і сёньня той самы — паміж працай і капіталам. І ад гэтага нікуды ня дзецца”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.