Лукашэнка і Юшчанка разам “пацеляпаюцца” ва “Ўсходняе партнэрства”

Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка

5 і 6 лістапада ў Кіеве Аляксандар Лукашэнка мае правесьці перамовы паасобку з вышэйшымі кіраўнікамі Ўкраіны. Сёньня ў першай палове дня ён сустрэўся з прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам.
Сярод іншага кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся ўзаемадзейнічаць у рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў у рамках ініцыятывы Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”. За апошнія 12 гадоў гэта першы афіцыйны візыт Лукашэнкі ва Ўкраіну. Папярэднія выезды ў Чарнігаў мелі статус працоўных паездак. Наколькі відавочнае збліжэньне Беларусі і Ўкраіны на тле аддаленьня ад Расеі?

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы зь Віктарам Юшчанкам расказаў, што прыехаў у Кіеў падрыхтаваным: учора ўвечары ён паглядзеў кінастужку “Тарас Бульба”, якая яму вельмі спадабалася. Пад уражаньнем ад фільму ён заявіў, што кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны не сябруюць супраць кагосьці, а разьвіцьцё паўнавартаснага супрацоўніцтва не скіраванае супраць інтарэсаў іншых дзяржаваў. І калі такія кантакты камусьці не падабаюцца, то гэта ня іх — Лукашэнкі і Юшчанкі — праблемы.

Украінскі лідэр быў больш стрыманы. Ён падкрэсьліў, што адносіны дзьвюх краінаў — гэта стасункі стратэгічных партнэраў. Украіна і Беларусь актыўна ўзаемадзейнічаюць у палітычнай сфэры, маюць высокі ўзровень эканамічных сувязяў. Юшчанка выказаў спадзяваньне, што падчас гэтага візыту Лукашэнкі нарэшце ўдасца вырашыць няпростыя пытаньні — перадусім энэргетычныя і памежныя, а таксама пытаньні ўзаемадзеяньня ў рамках “Усходняга партнэрства”. Паведамляецца, што, у адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, паміж Міністэрствамі замежных спраў дзьвюх краінаў падпісаны адпаведны мэмарандум, які акрэсьлівае канкрэтныя крокі ў рамках “Партнэрства”. Беларуска-ўкраінскае збліжэньне камэнтуе палітоляг Вячаслаў Оргіш:

Ранейшая арыентацыя выключна на расейскі рынак паказала: у гэтым ёсьць моцныя хібы. Бо ў сытуацыі крызісу Беларусь трапляе ў пастку
“Ранейшая арыентацыя выключна на расейскі рынак паказала: у гэтым ёсьць моцныя хібы. Бо ў сытуацыі крызісу Беларусь трапляе ў пастку. Такая аднабаковая залежнасьць, недывэрсыфікаванасьць вядзе да звужэньня магчымасьцяў эканамічных паводзінаў. Таму, канечне, тое, што сёньня адбываецца ў стасунках паміж Беларусьсю і Ўкраінай, мае нядрэнную пэрспэктыву. Яшчэ раней, памятаецца, Аляксандар Лукашэнка выказваўся, што трэба рабіць захады дзеля таго, каб наладзіць Балтыйска-Чарнаморскі шлях, пашыраць транзытныя магчымасьці ўзаемадзеяньня з Украінай. Ну, і потым, трэба ж разумець, што Ўкраіна зьяўляецца буйным рынкам, дзе могуць быць запатрабаваныя тавары нашай беларускай вытворчасьці”.

У перамовах з украінскім калегам Віктарам Юшчанкам кіраўнік Беларусі акцэнтаваўся на эканамічным складніку ўзаемадачыненьняў і выказаў незадаволенасьць тэмпамі рэалізацыі некаторых праграмаў. Па словах Лукашэнкі, недапушчальна так доўга “целяпацца” адразу з ратыфікацыяй мяжы, а цяпер вось і з “Усходнім партнэрствам”. Палітычны аглядальнік Вадзім Казначэеў кажа, што ўвогуле такая пазыцыя ўласьцівая для беларускіх уладаў — хаваць за эканомікай ці гуманітарнымі пытаньнямі праблемы іншага кшталту:

“Агульная пазыцыя Лукашэнкі ў дачыненьні да Эўропы, прынамсі, лінія, якую ён вядзе апошнім часам, — пашыраць эканамічныя стасункі, асобныя праграмы. Пры гэтым ён настойвае, каб нічога не пагражала ягонай уладзе ў краіне, а ў ідэале каб наагул усё было ўнутранай справай, да якой Эўразьвяз ня меў бы дачыненьня. Паколькі Юшчанка нічога асаблівага не патрабуе і такія пікантныя моманты, як палітычныя свабоды, выбары і свабода СМІ, не закранаюцца, дык нішто не замінае разьвіваць гэтыя стасункі ці прынамсі закладаць у падмурак нейкія камяні. Чым яны, па-мойму, і займаюцца”.

Карэспандэнт: “То бок цяперашнія кантакты ніяк ня тычацца асноўных правоў і свабодаў, а перасьледуюць толькі эканамічныя інтарэсы?”

“Вядома, і гэта цалкам задавальняе і Лукашэнку, і Юшчанку.
Памаранчавая рэвалюцыя прайшла, і Юшчанку цяпер таксама цікавіць перадусім эканамічны складнік.
Усё, памаранчавая рэвалюцыя прайшла, і Юшчанку цяпер таксама цікавіць перадусім эканамічны складнік такіх адносінаў. Тым больш, зараз іх моцна збліжае праграма “Ўсходняга партнэрства”, таму знаходзіцца поле для гэткіх перамоваў, для гэткай гульні”.

У Кіеў Лукашэнка прыляцеў напярэдадні і, мяркуючы па відэакадрах, быў у добрым настроі. Прыкладам, зрабіў найграна зьдзіўлены выгляд, убачыўшы ў аэрапорце журналістаў у марлевых павязках: маўляў, няўжо ў вас таксама праблема са свабодай слова? І патлумачыў, што ў гэткіх жа павязках беларуская апазыцыя ходзіць на дэманстрацыі. Пераканаўшыся, што прычынай “маскараду” ўсё ж грып, заявіў пра сваё бачаньне праблемы:

“Гэта дакладна паніка, сто працэнтаў, якая паціху крадзецца і да нас. Вы ж бачыце, што ў Беларусі, у Менску адбываецца. Таму трэба супакоіцца і жыць. Бо, наколькі я ведаю сытуацыю па Беларусі — адмыслова запатрабаваў, каб мне далі па кожным чалавеку дакладныя дадзеныя — у нас хворых на пнэўманію ў гэты пэрыяд значна меней, чым у мінулым годзе. Ва Ўкраіне таксама статыстыка паказвае: у гэты пэрыяд меней сьмерцяў ад пнэўманіі, чым летась, калі яшчэ ніхто не вішчэў па-сьвінячы. Звычайная правакацыя фармацэўтычных кампаній, я перакананы на 98%, што гэта іхныя замашкі. Ну, ёсьць яшчэ ў сьвеце людзі, якія хочуць на чалавечым няшчасьці зарабіць”.

Візыт Лукашэнкі ў Кіеў адбываецца на тле істотнага згортваньня гандлёвай актыўнасьці з краінамі-суседзямі. Так, паводле афіцыйных дадзеных, аб’ём таваразвароту Беларусі з Расеяй і Ўкраінай за 9 месяцаў 2009 году скараціўся на 40% і склаў 3,5 мільярдаў даляраў (61% ад аналягічнага леташняга пэрыяду). У прыватнасьці, аб’ём гандлю з Украінай склаў 51%, з Расеяй — блізу 60%. Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю ў гэтым годзе — 5 мільярдаў даляраў.



Напярэдадні візыту Лукашэнкі ў Кіеў украінскі сацыялягічны “Цэнтар Разумкова” правёў апытаньне адносна стаўленьня грамадзянаў Украіны да Беларусі і яе прэзыдэнта. Згодна з дадзенымі, 70% украінцаў станоўча ставяцца да беларусаў, і толькі 2,4% апытаных адносяцца да суседзяў насьцярожана. Большая палова — 56,8% — добра ставіцца да Лукашэнкі, тады як блізу 4% — адмоўна (стаўленьне астатніх — нэўтральнае ці нявызначанае). Пры гэтым цяперашнія стасункі паміж дзьвюма дзяржавамі 41,9% украінцаў называюць добрымі; траціна рэспандэнтаў лічыць іх нестабільнымі, а 5,7% — дрэннымі. Пры гэтым палова апытаных спадзяецца, што бліжэйшым часам гэтыя адносіны палепшацца.