Гародня, вуліца Вялікая Траецкая, 28


Шыльда свабоды

Гародня, вуліца Вялікая Траецкая, 28

У гэтым доме ў 1960-я — 1970-я гады жыў выдатны беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў, праваднік ідэяў беларускай дзяржаўнасьці і дэмакратыі.

Калі ў Гародні жыў і працаваў Васіль Быкаў, тады там быў цэнтар беларускай праўды і свабоды. Там жыла літаратура выбару, які савецкія людзі не маглі зрабіць, дый ня ведалі, як яго зрабіць і навошта яго рабіць. Гарадзенская інтэлігенцыя гэта ўсьведамляла.


Разумелі гэта і ўлады. Быкава спрабавалі прылашчыць, але калі гэта не ўдалося, на яго пачалі нацкоўваць вэтэранаў, пісаць пасквілі ў газэтах, асуджаць у працоўных калектывах. Нарэшце, біць шыбы ў ягонай кватэры, тым болей што гэта зрабіць было няцяжка — ён жыў на першым паверсе старога дома.

І чым болей улады гэта выраблялі, тым болей рос аўтарытэт пісьменьніка. Хай сабе на кухнях, паўшэптам, але гарадзенская інтэлігенцыя ім захаплялася. Быкаў быў гонарам гораду. Пры ўсёй сьціпласьці, магчыма, нават замкнёнасьці, ягоная прысутнасьць стварала атмасфэру гораду неправінцыйнага. Падтэкстам гораду была свабода — кажа пісьменьніца Данута Бічэль-Загнетава:

“Гэта ж жыў пісьменьнік сусьветнай велічыні. Гэта ж скарб духоўны. Горад меў свой статус. Ён меў вялікага пісьменьніка. Да яго прыяжджалі з Эўропы людзі. Адмыслова ехалі, каб убачыць Быкава, каб пагаварыць зь ім. Ня тое што ён з намі дзяліўся гэтым. Ён заўсёды памятаў, што лепей ня трэба шуму ствараць. Калі трэба было паразмаўляць, дык ён ішоў на бераг Нёмана. Ён увесь час памятаў, што за намі сочаць у дзірку ад замка. І, канечне, калі ён паехаў, стала вельмі дрэнна, бо пры ім пра літаратуру інтэлігенцыя гораду гаварыла. Тады літаратура не была недзе на задворках, як сёньня… Выйду я сёньня на вуліцу, а зь мяне толькі і могуць, што падражніцца: паэтэса, паэтэса… А тады за мной гэткія ж хлопцы беглі і прасілі аўтограф”.

Працуючы літкансультантам у газэце “Гродненская праўда”, Быкаў апекаваўся маладымі. І найбольш важнымі для іх былі ягоныя развагі. Ён вучыў іх свабоднаму мысьленьню, — кажа Вольга Іпатава, якая пазнаёмілася з Васілём Быкавым у Гародні яшчэ школьніцай:

”Для мяне дом Васіля Ўладзімеравіча быў школай свабоды. Там я якраз чула ўсё тое, што кардынальна адрозьнівалася ад таго, чаму мяне вучылі ў школе і дзіцячым доме. Каб не было гэтых размоваў, гэтых рэплік, я, напэўна б, ня стала тым, кім я ёсьць цяпер. Я ня ведаю, калі б я перастала быць савецкім чалавекам з дагматычным спосабам мысьленьня і ўспрыманьня рэчаіснасьці?! Гэта быў шанец, які мне дало жыцьцё, і я вельмі ўдзячная гэтаму шанцу”.