Ворша, вуліца Леніна, 26


Шыльда свабоды

Ворша, вуліца Леніна, 26, музэй У.С. Караткевіча

Музэй Уладзімера Караткевіча месьціцца ў гэтым будынку з 2000 году. Гэта знакаміты нацыянальна-культурны асяродак, які прапагандуе беларушчыну і вольную думку.

Музэй Уладзімера Караткевіча ў Воршы — месца, дзе жыве сьвет і дух пісьменьніка, які глыбока, моцна, шчыра любіў і разумеў Беларусь. Прысутнасьць і місія яго ў пераважна расейскамоўным рабочым горадзе — нібы фрагмэнт містычнай і адначасна рэалістычнай прозы Майстра.

Падобныя адчуваньні наведваюць і загадчыцу музэю Галіну Юркевіч:

“Сястра Караткевіча, Натальля Кучкоўская, расказала такі эпізод. Аднойчы быў моцны лівень, і ён зь дзяўчынай забег на ганак гэтага дому і сказаў ёй: “Вось тут некалі будзе мой музэй”. Так, гэта былы радзільны дом, і сьцены яго чулі першы крык Караткевіча. Бываюць моманты, калі мы, супрацоўнікі, адчуваем, што ён ці не фізычна побач з намі. Раптам нешта лясьне… А ў лістападзе дык абавязкова, нібыта ён дае згоду на існаваньне тут свайго музэю”.

У былы радзільны дом, дзе 26 лістапада 1930 году зьявіўся на сьвет вялікі пісьменьнік, музэй зь невялічкага пакойчыка ў мясцовай бібліятэцы пераехаў у 2000 годзе. І практычна адразу стаў месцам паломніцтва пісьменьнікаў, паэтаў, мастакоў, настаўнікаў, студэнтаў — усіх прыхільнікаў творчасьці Ўладзімера Караткевіча. Едуць у Воршу таксама кіраўнікі партыяў і нацыянальна-дэмакратычных рухаў. Супрацоўнікі музэю кажуць, што тут за гэты час пабывала болей як 70 тысяч чалавек.

Асабліва шматлюдна становіцца ў Воршы напярэдадні дня народзінаў вялікага беларуса. Тут ладзіцца тыдзень памяці Караткевіча з канцэртамі, літаратурнымі чытаньнямі, навуковымі канфэрэнцыямі, чытацкімі дыскусіямі. Горад ажывае, імпрэзы ахвотна наведваюць жыхары гораду і рэгіёну. На некалькі дзён, здаецца, расейская мова цалкам саступае месца беларускай.

Уражаньнямі пасьля свайго выступу тут дзеліцца бард Зьміцер Бартосік:

“Гэта найбольш камэрная і ўвогуле найлепшая аршанская пляцоўка для літаратурных імпрэзаў. Прыйшлі маладыя і зусім не маладыя людзі, але людзі вельмі неабыякавыя да таго, што называецца беларушчынай. Была атмасфэра, як на добрай старой інтэлігенцкай кухні”.

Калі на пачатку 2009 году ЮНЭСКО ўнесла беларускую мову ў атляс “Мовы сьвету ў небясьпецы”, супрацоўнікі музэю Караткевіча выступілі з ініцыятывай правесьці тыдзень у абарону роднай мовы. І іх падтрымалі іншыя культурныя ўстановы гораду — раздаваліся ўлёткі з заклікам размаўляць па-беларуску, каб мова не памерла, ладзіліся самыя розныя імпрэзы з прапагандай беларушчыны.

Беларускім і вольналюбным аршанцам пашанцавала, што ў іхным горадзе нарадзіўся Караткевіч.