Чуткі наконт прызначэньня Ірыны Абельскай дырэктаркаю РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі ў Бараўлянах не пацьвердзіліся.
У панядзелак міністар аховы здароўя Васіль Жарко прадставіў калектыву Рэспубліканскага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі новага кіраўніка — Аркадзя Ларыёнава, які да гэтага працаваў галоўным лекарам Рэспубліканскага шпіталя Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. “Вы чакалі іншага, але прызначаны гэты чалавек”, — паведаміў на так званай “пяціхвілінцы” міністар.
Спэцыяліст, які працуе ў РНПЦ анкалёгіі, але прасіў не называць яго імя, распавёў Радыё Свабода:
“Сёньня міністар прыехаў і прадставіў: “Вось новы дырэктар, чалавек, які будзе працаваць тут. Перад ім вялікія задачы пастаўленыя. Таму будзем абапірацца на тых, хто тут даўно працуе, на намесьнікаў і г.д”. І вось так, зьнянацку, мы атрымалі кіраўніка, якога не чакалі. Чакалі іншага”.
Карэспандэнтка: “А ён да анкалёгіі мае нейкае дачыненьне?”
“Ён хірург. Хірург вышэйшай катэгорыі. Абдамінальны хірург, які апэруе на жываце. Анкалёгіяй ён не займаўся. Як казалі людзі, зь якімі ён працаваў раней, па натуры, па чалавечых якасьцях чалавек ён вельмі годны, разважлівы, шырокі спэктар поглядаў у яго. Але тут, канечне, свая спэцыфіка...”
Яшчэ ў пятніцу цяпер ужо экс-дырэктар РНПЦ анкалёгіі, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Ёсіф Залуцкі, які ачольваў Цэнтар цягам 9 гадоў, паведаміў калектыву, што ў яго гэта апошні працоўны дзень.
У якасьці кандыдатаў на пасаду кіраўніка вядучага анкалягічнага шпіталя краіны называлі намесьніка дырэктара Цэнтру па навуковай працы Сяргея Краснага, загадчыка катэдры анкалёгіі Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту Мікалая Луда, рэктара Беларускай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі прафэсара члена-карэспандэнта НАН Юрыя Дзямідчыка, а таксама Ірыну Абельскую, былога асабістага лекара прэзыдэнта, як мяркуецца, маці пяцігадовага Колі, малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі.