Шыльда Свабоды
Менск, вуліца Фабрыцыюса , 24. Маскоўскае электрадэпо Менскага мэтрапалітэну
Менск, вуліца Фабрыцыюса , 24. Маскоўскае электрадэпо Менскага мэтрапалітэну
З 17 па 21 жніўня 1995 году тут адбыўся страйк працаўнікоў Менскага мэтрапалітэну — сяброў Свабоднага прафсаюзу, якія дамагаліся паляпшэньня эканамічных умоваў працы. Страйк быў жорстка здушаны ўладамі, яго ўдзельнікаў на гады ўнесьлі ў чорныя сьпісы.
Раніцай 17 жніўня 1995 году тысячы жыхароў Менску не змаглі дабрацца да працы. Некалькі гадзінаў не хадзілі цягнікі мэтро. Машыністы, іхныя памочнікі і сьлесары вагоннага дэпо Менскага мэтрапалітэну — сябры суполкі Свабоднага прафсаюзу — абвясьцілі страйк. Яны пратэставалі супраць парушэньня кіраўніцтвам мэтро калектыўнай дамовы і тарыфнага пагадненьня.
Перамовы з прадстаўнікамі ўладаў, якія зьявіліся ў дэпо, не далі плёну — страйк працягваўся. Тады ўлады знайшлі штрэйкбрэхераў — машыністаў электрычак Беларускай чыгункі і цягнікоў маскоўскага мэтро, якіх спэцыяльным авіярэйсам з расейскай сталіцы даставілі ў Менск. Падземны рух быў адноўлены, але страйк працягваўся.
Сваёй кульмінацыі падзеі дасягнулі 19 жніўня. Расказвае тагачасны кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:
“Калі людзі знаходзіліся на сваіх працоўных месцах у Маскоўскім дэпо, іх акружыў спэцназ. АМОН прыехаў з сабакамі, шмат машын хуткай дапамогі. Калі мне патэлефанавалі і запыталіся, што нам рабіць, я сказаў — калёнай ісьці да офісу Свабоднага прафсаюзу на плошчы Свабоды. Людзі прыйшлі, болей як дзьвесьце чалавек. І тут нас акружылі спэцназаўцы. Тады я даў каманду разыходзіцца. Разышліся. А ўвечары я ўбачыў па тэлевізары, як Лукашэнка крычаў, чаму ня выканалі ягоны загад. Я зразумеў, што магла праліцца кроў. Там ішла рэстаўрацыя, і было поўна навалена цэглы”.
Пачаліся арышты, суды, звальненьні. Шэраг удзельнікаў страйку апынуліся за кратамі. 56 чалавек звольнілі, і цягам гадоў яны не маглі ўладкавацца на працу. Пазьней адпомсьцілі і іншым: з розных прычынаў урэшце звольнілі некалькі соцень чалавек.
1995 год у Беларусі вызначыўся масавымі выступамі працоўных, якія перадусім патрабавалі павышэньня заробкаў. Страйк на Менскім мэтрапалітэне быў задушаны асабліва жорстка і нават паказальна для іншых. Пазьней улады застрахаваліся заканадаўствам, якое зрабіла правядзеньне страйкаў фактычна немагчымым.