Выдаткі на бясьпеку павялічыліся за 3 гады ўдвая

Служба бясьпекі прэзыдэнта адзначыла сваё 15-годзьдзе. Між тым зьвестак пра тое, ува што абыходзіцца гэтая служба дзяржаве, не становіцца болей.
Да 15-годзьдзя службы бясьпекі прэзыдэнта беларускае тэлебачаньне паказала 30-хвілінны фільм “Служба бяз права на памылку”. Тэлевядучы Юры Гроераў, які працаваў над праектам, кажа, што ініцыятыва зьняць фільм паходзіла ад супрацоўнікаў спэцслужбы, яны ж дапамагалі відэаматэрыяламі і кансультавалі падчас здымкаў: што можна здымаць, а што нельга. У выніку ў фільме шмат уласьцівых “баевікам” падрабязнасьцяў пра зброю, трэніроўкі з сапраўднымі выбухамі, але няма зьвестак пра тое, колькі ў службе працуе людзей і колькі каштуе беларускім падаткаплатнікам асабістая ахова Аляксандра Лукашэнкі.

Былы дзяржсакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман, якога не пускаюць у ЗША і Эўразьвяз з-за падазрэньняў у датычнасьці да выкраданьня лідэраў беларускай апазыцыі, згадвае ў фільме пра падзеі 1994 году, калі і ўзьнікла Служба аховы прэзыдэнта:

Віктар Шэйман
“У Беларусі зьявіліся парапсыхолягі, якія прыбылі з Расеі, якія пачалі прысутнічаць на мітынгах з удзелам Аляксандра Рыгоравіча. Пачалі дзесьці правакаваць, пачалі дзесьці настройваць людзей, які прысутнічалі на мітынгу, на непажаданыя дзеяньні, на нэгатыўную рэакцыю. Паўстала пытаньне пра гарантаваньне бясьпекі Аляксандра Рыгоравіча”.

Былы дэпутат Уладзімер Нісьцюк таксама дапамагаў Аляксандру Лукашэнку падчас выбараў 1994 году. Уладзімер Нісьцюк мяркуе, што “парапсыхолягаў”, пра якіх казаў Віктар Шэйман, замовілі з Расеі тагачасныя ўлады Беларусі:

Уладзімер Нісьцюк
“На Фрунзенскай сядзела цэлая каманда парапсыхолягаў, якіх наняла ўлада. Іх мэта была ўзьдзейнічаць на людзей падчас перадвыбарчай кампаніі. Гэта было рэальна”.

Спадар Нісьцюк удакладніў, што меў на ўвазе будынак у Вайсковым завулку каля вуліцы Фрунзэ.

У першай палове 1994 году Вярхоўным Саветам яшчэ кіраваў Мечыслаў Грыб, а ўрадам — Вячаслаў Кебіч. Мне не ўдалося стэлефанавацца з былым прэм’ерам, каб атрымаць камэнтар адносна нібыта нанятых “парапсыхолягаў з Расеі”. Мечыслаў Грыб кажа, што кіраўніцтва Вярхоўнага Савету ў выбарчую кампанію ня ўмешвалася і нікога для ўзьдзеяньня на кандыдатаў не наймала. Ня верыць Мечыслаў Грыб і ў тое, што гэтым займаўся нехта ва ўрадзе:

Мечыслаў Грыб
“Ня веру я ў тое, што такое магло быць. Гэта яны зараз што заўгодна могуць сказаць, як тады з тым нібыта замахам на Лукашэнку і Шэймана пад Лёзна. Бо і гэтага замаху не было. Бачыце, амаль 16 гадоў ад таго часу мінула, а ніхто не расьсьледуе той замах, ніхто не шукае тых злачынцаў”.

Колькі ж чалавек цяпер ахоўвае Аляксандра Лукашэнку? Прэм’ер-міністар у 1994-1996 гадах Міхаіл Чыгір згадвае, што спачатку служба аховы прэзыдэнта налічвала толькі некалькі дзясяткаў чалавек, але потым пачала імкліва пашырацца. Колькі службоўцаў у ёй зараз, Міхаіл Чыгір ня ведае. Асабіста яго як прэм’ера ахоўвалі лічаныя супрацоўнікі, таксама са службы аховы прэзыдэнта:

Міхаіл Чыгір
“Так, гэтыя людзі ахоўвалі. Дзесьці 4 чалавекі было. Два ў аўтамабілі, і яшчэ 4 ахоўнікі, замацаваныя за прэм’ерам”.

Міхаіл Чыгір згадаў, што ў сярэдзіне 1990-х гадоў выдаткі на ахову прэзыдэнта былі пазначаныя ў бюджэце асобным радком. А як зараз?

У законе аб бюджэце на 2009 год асобнай згадкі пра фінансаваньне службы аховы прэзыдэнта я не знайшоў. Ёсьць радок “органы дзяржаўнай бясьпекі” — які прадугледжвае выдаткі ў памеры 236 мільярдаў рублёў. Годам раней на гэтыя ж траты пайшло 176 мільярдаў, а ў 2006 годзе — толькі 133 мільярды. Такім чынам, рост за тры гады — амаль у два разы.

5 гадоў таму ніякага заўважнага сьвяткаваньня 10-годзьдзя службы аховы прэзыдэнта не было. Чаму спатрэбілася адзначаць 15-годзьдзе? Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка мяркуе, што гэта вестка пэўным сілам напярэдадні будучых значных палітычных падзей:

“Меней за год засталося да выбараў, таму пачалася такая падрыхтоўка. Прадэманстравалі, што ёсьць служба, якая ўсё трымае пад кантролем”.

Хто ахоўвае дзяржаўных асобаў у Польшчы?


У Польшчы аховай вышэйшых дзяржаўных кіраўнікоў ды важных дзяржаўных аб’ектаў займаецца Бюро аховы ўраду (BOR — Biuro Ochrony Rządu), вайсковае фармаваньне, падлеглае Міністру ўнутраных справаў і адміністрацыі.

Інфармацыя пра колькасьць функцыянэраў BOR-у не падаецца да публічнага ведама.

Паводле закону, які рэгулюе дзейнасьць BOR-у, права на дзяржаўную ахову маюць прэзыдэнт (пажыцьцёва), прэм’ер-міністар (на пэрыяд ад намінацыі да паўгоду пасьля сыходу з пасады), кіраўнікі абедзьвюх палатаў парлямэнту, міністар унутраных спраў і міністар замежных спраў ды іншыя асобы, сьпіс якіх зацьвярджае міністар унутраных спраў. Прэзыдэнта адначасна ахоўваюць 7-10 функцыянэраў BOR-у, прэм’ер-міністра — 5-7. Ахова вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы вядзецца бесьперапынна, 24 гадзіны на суткі, 7 дзён на тыдзень.

Польскія ахоўнікі з БОР-у ўзброеныя пісталетамі Glock-17, аўтаматамі UZI i Mini-UZI, аўтаматычнымі карабінамі AKMS, Beryl i HK G-36. BOR-аўцы езьдзяць адмыслова браніраванымі аўтамабілямі “БМВ”, “Мэрсэдэс”, “Seat Exeo”, “Škoda Superb” i “Volvo S40”.