Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 29 кастрычніка.
Па-ранейшаму папулярная сярод слухачоў тэма падвышэньня пэнсій. Вось тыповыя меркаваньні.
Спадар: “Лукашэнка павысіў пэнсіянэрам пэнсіі на 9,5 працэнта, хаця цэны з 28 кастрычніка павінны былі вырасьці на 30 адсоткаў. Гэта абразьлівы крок улады. Ім не хапае пэнсіі на нармальнае харчаваньне, на лекі, яны гінуць у галечы і хваробах. Не таго яны чакалі ад прэзыдэнта. Пакуль будзе дыктатар каля ўлады, то гэта будзе працягвацца”.
Спадар: “Зараз па тэлевізіі выступаў Патупчык, які кіруе пэнсійнымі справамі. Кажа — гэта немаведама што! Сёлета, маўляў, быў тройчы пералік пэнсіі! Не, я не паверыў сваім вушам — як жа? Я цьвярозы чалавек! Адзін раз яшчэ не атрымалі, то бок яна будзе ў лістападзе. На працягу году аніякіх пералікаў не было. Госпадзе, гэтыя капейкі атрымліваем пэнсійныя, вельмі добра ведаем. Хлусіць ён!”
А зараз — тэленазіраньне спадарыні Ціны, якая вярнулася з вандроўкі ў далёкую казахстанскую Караганду.
Спадарыня: “На экране тэлевізара з плоскім экранам, натуральна, японскага паходжаньня, адзін пусты, нецікавы канал. Аказваецца, Назарбаеў дазволіў беларускі канал БТ. Ніхто яго не глядзіць, сказала мне сяброўка, сярод таго, што паказваюць на іншых кнопках. А нават сьмяюцца з нашых вечна голых кабет, так званых зорак, якія вельмі нахабна сябе прэзэнтуюць. Прапануюць сябе надта. Але ўсё пустое”.
Ну, а як рэагуюць на прапаганду беларускіх электронных СМІ самі беларусы? Разважае грамадзкі рэдактар тыдня — лекарка з Жыткавічаў Ірына Цішкоўская.
Ірына Цішкоўская: “Першая катэгорыя глядзіць усё запар — ня ўдумваючыся, галоўнае, каб нешта там бурчэла і сьвяцілася. Другая — слухае ўважліва навіны, сьвята верыць сказанаму, а калі бачыць нестыкоўкі на мясцовым узроўні з рэальнасьцю, то лічыць тое прыкрым выключэньнем… І трэцяя — яна мае магчымасьць выбару, таму многія зь іх папросту не пераносяць БТ, асабліва палітычных, аналітычных перадач. Гэта людзі, якія найбольш думаюць і найбольш адукаваныя. Так, тэлевізар — цудоўны сродак замбаваньня, па эфэктыўнасьці параўнальны з алькагалізмам — яны разам ці паралельна працуюць на ўладу. І ўтвараюць масу людзей, што жыве ў залюстэркавым сьвеце — можа, так лягчэй выжываць?”
На слыху й катастрофа расейскага самалёта пад Менскам. Разважае спадар Зіноўеў.
Зіноўеў: “У навінах ОНТ у верасьні быў сюжэт пра выпадкова знойдзены ў аэрапорце Менску замежны самалёт, і цяперашняе ЧП паказвае, што няма патрэбнага кантролю”.
Працягваем агляд званкоў за чацьвер яшчэ адным, так бы мовіць, міжнародным назіраньнем — маладэчанца спадара Анішкевіча:
Спадар: “Вось Лукашэнка на кожным кроку дэманструе звышнезалежнасьць, ускладняючы працу Сідорскаму. У дзяржаў Эўразьвязу з падпісаньнем новай Канстытуцыі нават міністар замежных спраў будзе агульны. Паводле заявы чэскага прэзыдэнта, некаторая страта абсалютнай незалежнасьці кампэнсуецца нашмат большай эканамічнай выгадай. Так мяркуюць разумныя кіраўнікі”.
І на заключэньне — колькі радкоў зь верша спадара Лявонція з Гомлі.
Спадар :
“Хто там пылам шлях свой значыць,
Сьпёкі церпіць каламуць?
Так і ёсьць, здалёк убачыў:
Беларусы то ідуць.
“Вы адкуль?” — я іх пытаю.
“Зь небыцьця” — адказ чуцён.
І душу маю сьцінае,
Б’е, нібы наводмаш, ён.
Хто з прайшоўшых беды здыме?
Хто спатоліць цяжар дум?
І нясу я разам зь імі
Аб радзіме вечны сум”.
Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.