Грамадзкі рэдактар новага тыдня – лекар Ірына Цішкоўская з Жыткавічаў. Яна загадвае дзіцячым аддзяленьнем у мясцовай паліклініцы. Сябра КХП-БНФ.
Што для вас свабода?
Абсалютнай свабоды не бывае, заўсёды існуюць зьнешнія альбо унутраныя абмежаваньні. Добра, калі больш маральных, чалавечых – як у палітыцы, так і ў асабістым жыцьці.
“Свабода гэта ёсьць магчымасьць тварыць дабро” (гл.артыкул З.Пазьняка “Свабода”).
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Бывае, не магу адрозьніць дабро ад зла. Напрыклад, грошы – гэта дабро ці зло?
Што для вас шчасьце?
Магчымасьць і неабходнасьць самаўдасканаленьня.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Каб што-небудзь дрэннае не здарылася з маімі дзеткамі.
Які талент вы хацелі б мець?
Хаця б які.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Асоба Ларысы Геніюш.
Што вы найбольш любіце рабіць?
- Прыгатаваць што-небудзь смачненькае, калі ёсьць з чаго.
- Вадзіць машыну, калі ў ёй нічога не адвальваецца.
Можа б нешта і не так рабіла, на цяперашні розум. Але з чаго б я вучылася, калі не са сваіх памылак
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
"Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі, і, абярнуўшыся, не разадралі вас".
Які ваш улюбёны дэвіз?
У мяне ў пакоі шмат гадоў вісіць «ніколі не здавайся» - з карцінкай, дзе жабка змагаецца за сваё жыцьцё ў клюве бусла. Але ж я не такая мужная.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У “камунізме”. Гэта - калі “ад кожнага - па здольнасьцям, кожнаму – па патрабаваньням”. Ідэальную ж сыстэму яшчэ не вынайшлі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
ВКЛ .
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Добра б у ВКЛ ХV - ХVI ст; але ж як без мабільнікаў, ваннаў і антыбіётыкаў?
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Натуральна, памяняла б сьцяг і герб
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Сяброўскія, узаемавыгадныя
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Сяброўскія, узаемавыгадныя
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Дыктатура заўсёды для народа варожая
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Адзін Бог ведае.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі ў Беларусі зьменіцца ўлада.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Яны зьнікнуць фізычна, тэндэнцыя к чаму ўжо і назіраецца