Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына расказала пра плянаваныя зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Ці можна лічыць іх істотнымі? Ці стануць больш дэмакратычнымі правілы фармаваньня выбарчых камісій? Якія наступствы могуць мець прапанаваныя зьмены?
Над гэтымі пытаньнямі ў “Экспэртызе Свабоды” разважаюць адказны сакратар управы Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч і намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Ці істотна зьмяняюцца правілы фармаваньня выбарчых камісій?
Валер Карбалевіч: “Прапанаваныя зьмены ў выбарчае заканадаўства некаторыя незалежныя мэдыі ўжо ацанілі як рэвалюцыйныя. Пра іх расказала старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Найперш зьвернем увагу на новыя правілы фармаваньня выбарчых камісій. Цяпер абавязкова трэцюю частку чальцоў камісій будуць прадстаўляць сябры палітычных партый і недзяржаўных арганізацый. Здаецца, гэта тое, чаго патрабавала апазыцыя. Ці задаволеныя вы гэтым пунктам?”
Уладзімер Лабковіч: “Усё залежыць ад таго, як гэта будзе працаваць. Справа ў тым, што цяперашняе выбарчае заканадаўства дае магчымасьць ствараць выбарчыя камісіі цалкам, на 100% з прадстаўнікоў палітычных партый. Таму новая прапанова нічога не дадае. У нас шмат праўрадавых квазіпартый і грамадзкіх арганізацый (БРСМ, Белая Русь), якія рэальна не змагаюцца за ўладу, а ствараюць фон. Гэтыя структуры і цяпер запаўняюць 2/3 складу выбарчых камісій.
Апазыцыя прапаноўвала, каб партыя, якая прымае ўдзел у выбарах, мела права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя і акруговыя выбарчыя камісіі. А орган, які фармуе камісіі, павінен гэтае прадстаўніцтва забясьпечыць. Улады не прынялі гэтай прапановы”.
Валянцін Стэфановіч: “Рана даваць ацэнку, бо мы ня бачым, як гэтыя прапановы будуць сфармуляваныя ў канкрэтных артыкулах Выбарчага кодэксу. Усё ж, я лічу, гэта лепш, чым тое, што мы маем цяпер. Бо ў дзеючым заканадаўстве зафіксавана, што орган, які фармуе камісіі, мае права ўключаць у іх склад прадстаўнікоў партый і грамадзкіх арганізацый. То бок мае права, але не абавязаны.
А вось паводле прапановаў Ярмошынай траціна камісій павінна будзе складацца з прадстаўнікоў партый і грамадзкіх арганізацый. Хоць, магчыма, туды сапраўды будуць уключаць у асноўным прадстаўнікоў праўрадавых структур. Але гэта падвышае ролю палітычных партый. Праўда, незразумела, ці патрэбна для вылучэньня партыйных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, каб у гэтай акрузе існавала зарэгістраваная партыйная арганізацыя”.
Таксама прадугледжана, што зьявіцца магчымасьць судовага абскарджваньня адмоваў уключыць грамадзян у выбарчыя камісіі. Гэта крок наперад. Бо цяпер гэтае пытаньне непадведамнае суду”.
Ці адбудзецца рэальнае назіраньне за выбарамі?
Карбалевіч: “Другое пытаньне, якое ўвесь час ставіла апазыцыя: правы назіральнікаў пры падліку галасоў. Назіральнікаў не дапускалі сачыць за гэтай працэдурай. Цяпер, паводле Ярмошынай, назіральнік павінен знаходзіцца на адлегласьці, каб бачыць падлік выбарчых бюлетэняў. Як вы пракамэнтуеце гэта?”
Лабковіч: “Фармулёўка слушная пры ўмове, калі будзе забясьпечана магчымасьць назіральніку сачыць не за падлікам галасоў, а за правільнасьцю падліку волевыяўленьня выбаршчыкаў. Калі гэта будзе рэалізавана, то гэта адродзіць у Беларусі інстытут назіраньня. Таму
Тое, што прапануецца, — лепш, чым тое, што ёсьць цяпер.
Стэфановіч: “Я працягну думку сп. Лабковіча. Назіраць за падлікам галасоў магчыма ў поўным аб’ёме тады, калі працэдура падліку галасоў дэталёва прапісаная ў кодэксе. У нас гэтага цяпер няма. У дзейным заканадаўстве толькі прапісана, што спачатку лічацца бюлетэні з скрыні датэрміновага галасаваньня, потым — з скрыні галасаваньня па месцы знаходжаньня выбаршчыка, потым — астатнія скрыні.
Але не прапісана, як камісія мусіць іх лічыць. У выніку атрымоўваецца, што ўсе члены камісіі лічаць адразу, у цішыні, запісваюць лічбы ў пратакол. Назіральнік, нават калі ён знаходзіцца блізка, не пасьпее зафіксаваць правільнасьць падліку.
Напрыклад, ва Украіне ў выбарчым заканадаўстве прапісана, што падлік галасоў ажыцьцяўляецца адным сябрам камісіі, які паказвае ўсім кожны бюлетэнь, уголас агучвае яго зьмест і кладзе ў адпаведны стос. Гэта доўга, але дакладна і гарантуе ад фальсыфікацый. У нас нічога гэтага няма. Але тое, што прапануецца, — лепш, чым тое, што ёсьць цяпер”.
Праблема датэрміновага галасаваньня
Карбалевіч: “Як можна ацаніць іншыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве, прапанаваныя Ярмошынай?”
Лабковіч: “Я вітаю прапанову, паводле якой партыя зможа вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты незалежна ад таго, ці ёсьць у дадзенай акрузе зарэгістраваная партыйная арганізацыя.
Яшчэ адзін станоўчы момант. У дзейным заканадаўстве абскардзіць дзеяньні камісіі ў вышэйстаячую камісію можна толькі на наступны дзень пасьля выбараў. За ноч напісаць аб’ектыўную, грунтоўную скаргу цяжка. Цяпер прапануецца даць на скаргу тры дні.
На жаль, немагчыма абскарджваньне вынікаў выбараў у судзе. Ня вырашана праблема датэрміновага галасаваньня. Прапануецца ў гэтым пытаньні, што кожны дзень павінен складацца пратакол аб колькасьці тых, хто прагаласаваў. Але гэта абсалютна не ламае сыстэму фальсыфікацый датэрміновага галасаваньня.
Апазыцыя прапанавала ў гэтым пытаньні два варыянты рашэньня. Першы варыянт: увогуле адмена інстытуту датэрміновага галасаваньня. Другі варыянт: датэрміновае галасаваньне застаецца, але выконваюцца дзьве ўмовы. Патрэбна, каб было зафіксавана, што чалавек мае права на датэрміновае галасаваньне толькі ў выпадку хваробы ці камандзіроўкі і падасьць адпаведны дакумэнт. І патрэбна,
Высновы можна будзе рабіць толькі пасьля выбараў паводле новага заканадаўства.
Стэфановіч: “Я б не назваў гэтыя зьмены рэвалюцыйнымі. Для мяне сапраўды рэвалюцыйнымі былі б зьмены, калі б была ўведзена зьмяшаная сыстэма выбараў, альбо поўная адмена датэрміновага галасаваньня, ці ўвядзеньне адмацавальных талёнаў для тых, хто ня можа прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня.
Станоўчым зьяўляецца тое, што назіральнік зможа атрымаць копію пратаколу вынікаў галасаваньня, завераную пячаткай камісіі. Цяпер гэтага няма. А ўвогуле высновы можна будзе рабіць толькі пасьля выбараў паводле новага заканадаўства”.
Лабковіч: “Той Выбарчы кодэкс, які дзейнічае цяпер, дазваляе праводзіць у Беларусі свабодныя дэмакратычныя выбары. Зь іншага боку, любы дэмакратычны кодэкс, які будзе ўведзены ў Беларусі, дазваляе масава фальсыфікаваць выбары, калі ва ўладаў ёсьць на гэта жаданьне і воля. Самае галоўнае — ня нормы закону, а практыка прымяненьня”.