“Ну, цэнзар, не памрэш! Сваёй сьмерцю...”

Казімір Малевіч, Чорны квадрат

Шаноўныя чытачы,

Дазвольце зьвярнуцца! Дазвольце далажыць пра чарговыя бясчынствы цэнзуры на сайце svaboda.org, якія парушалі вашу свабоду слова ня толькі на “хтокакхаціттойтакігаварыт”, але замахнуліся на сьвятое – на “штохтокакхаціттакігаварыт”.

Вось цэнзар засумняваўся ў допісе, які пачынаўся ветліва, нават займеньнік множнага ліку зь вялікай павагай напісаны быў зь вялікай літары:

“Spadar shto Vy placiecie”.


Там, апроч дзеяслова, былі яшчэ важкія ацэнкі стану сельскай, лёгкай і абутковай прамысловасьці адной суседняй краіны, якая была ахарактарызаваная як “галата і басата”, але калі цэнзар зьвярнуўся да адрасата, той абурыўся:

– Я ня плёў, – заявіў спадар. – Я плявузгаў!

Вялікую цікавасьць выклікала навіна пра разьвіцьцё камунальных паслугаў у адным мястэчку, дзе водаправод правялі нават праз старыя габрэйскія могілкі. Адзін змагар за эканомію вады піша:

“У Беларусі габрэі не жывуць, яны жывуць у Ізраілі. Маюць сваю дзяржаву. Клапаціцеся пра тое, што наша - беларускае!”

Верагодна, намякае, што трэба трубы пракладаць выключна празь беларускія могілкі. Ды вось бяда, большасьць могілак у Беларусі як сама Беларусь, ляжаць як жылі, побач праваслаўныя і юдэі, пратэстанты і паганцы, каталікі і атэісты... Ізноў жа – на носе ацяпляльны сэзон, а запазычанасьць па камунальных плацяжах ужо й так немалая, а калі яшчэ з таго сьвету злосныя неплацельнікі дададуцца – бюджэт ніякай дзяржавы ня вытрывае.

Яшчэ адзін водаправодны аналітык папярэджвае:

“Лепш ім было б дурнымі голавамі па сьцяне усім разам біці, бо цяпер уся Беларусь пападзе пад фінансавы ціск сусьветнага габрэйства. Трэба спачатку чытаці Тору ці спытаці дазволу мясцовага раббі.”


Тут, канечне, ёсьць рацыянальнае зерне – наконт галавой аб сьценку, але не надрукавалі, бо калі так падыходзіць, будзе суцэльная сьцяна аналітычнага плачу, давядзецца будаваць зьліўную каналізацыю нават праз “Куток цэнзара”, а з Торы вынікае, што калі такая распуста, лепш ужо адразу будаваць каўчэг.

Шукаць адказы на нацыянальнае пытаньне – улюбёны занятак шмат якіх камэнтатараў. Рэзкае абвастрэньне знаходак на гэтым тыдні выклікана, верагодна, перапісам. Адзін чалавек з насельніцтва, якое перапісваюць, прызнаўся ў інтэрвію, што ён – беларус і мае такую ж родную мову, хаця й працуе начальнікам у важнай дзяржаўнай канторы.

Прызнаньне выклікала наступнае адкрыцьцё:

“Круглым здраднкам яго ніяк не назавеш, але ж і беларус ён таксама някруглы, хоць і маці і бацька ў яго беларусы”.


Шкада, не даюць нобэлеўскую прэмію ў галіне нацыянальнай геамэтрыі, толькі нюрнбэргскую.

Свой рэцэпт нацыянальна-канфэсійнага кактэйлю прапанавала нам фундацыя са зваротным адрасам у Баўгарыі ”Демократична Беларус и Комитетета за Свободна Демократична и Независима Беларус”:

“Размножавай и разпространявай ускорено. Attention! Прочети и разпространи. Едінічност Алаха! У Allah няма партнера, сына, дочки, помощника или конкурента. Ничего што даже близко как Он ибо Он уникальный. Заповядайте!”

Грэшным дзелам мы былі падумалі, што тут намёк самі ведаеце на каго. Але потым дачыталі да канца:

“Станете наш спонсор и дарител – помогнете! Писатели са пророци на чоловечеството! Писатель е този, когото смятат за таків. Съюз на Писателите в България”.

Паколькі ў Беларусі толькі адзін саюз пісьменьнікаў, які дакладна ведае, хто ён і чаму нічога нават блізка, дык гэтую просьбу адрасуем туды, тым больш, што пісьменьнікі там усе, каго яны «смятат за таків».

Масу высокатэмпэратурных ацэнак і вострай, як скальпэль хірурга, крытыкі выклікалі ў наведнікаў сайту Свабоды адказы на іх жа пытаньні спадара М. Па-першае, за тое, што адказаў. Па-другое, за тое, што адказаў так, як думае сам, а не як яны. Па-трэцяе, за тое, што ён увогуле, як бы гэта далікатна сказаць, усё яшчэ тут і цяпер.

Як казаў некалі Ўладзімер Караткевіча:

“Хоць ты ўзвый на Месяц, стаўшы ракам!”


Але надрукавалі, як і вучыў у мінулым “Кутку” адзін мясцовы дасьледнік адміністрацыі Буша, усё, што змаглі. Праўда, не змаглі пакінуць без камэнтару наступны дыялёг дзьвюх асобаў:

“Чытач: Яшчэ да “выбараў” далёка. А Свабода ўжо занялася піярам М.”

“Gliadach: Зрабіце што-небудзь і пра вас напішуць на Свабодзе.”

Мы катэгарычна, укленчыўшы, хаця й радыкуліт і яшчэ ні ў адным воку, хаця ўжо па абедзе, заяўляем – ня трэба. Ня трэба “што-небудзь” рабіць, паверце на слова, і слова гэта – “энтропія”, а што яно азначае – глядзіце ня ў слоўнік, а навокал.

Вось некалькі некарэктных прыкладаў з форуму.

З нагоды Эўропы:

“Я доуга чакау, кaлi прачнецца Еуропа. Еуропа, прачнiся, пакуль яшчэ не позна!”

З нагоды воклічу «брава!» князям Радзівілам за падарункі:

“Якое ж тут "браво", калі Р. робіць у нарабаваных палацах беларускіх князёў летні бардэль для сябе. Трэба вяртаці усё нарабаванае гаспадарам і яны самы усё зробяць”.

З нагоды 21 кастрычніка:

“Калі ня сэкс дае прыемнасьць, а каханак, дык зьдзіўляе даволі высокае месца ў рэйтынгу Лукашэнкі”.

Без нагоды:

“Калi муж i жонка дома амаль голыя, то яны вымушаны дбаць. Адпаведна, хатнiя шорцiкi зроблены так, каб выпiнала дупа, часткова агалялiся клубы”.

Многія цікавяцца – а ці ёсьць прынцыпы рэдактуры ў «Кутку цэнзара»? Два з паловай прынцыпы – паляпшаць знакі прыпынку, нічога не дадаваць, толькі наадварот. Вось чытач піша:

“Ну, цэнзар, не памрэш сваёй сьмерцю...”


У адрэдагаваным выглядзе эпістула выглядае так:

“Ну, цэнзар, не памрэш!”

Вашы словы ды начальству ў вушы, шаноўныя ахвяры свабоды цэнзуры на Свабодзе, выбачайце, калі што так, выкарыстоўваў службовае становішча як мог, але ўсё адно ўсім не дапёк, з кожнай электроннай здані не пазьдзекаваўся, і больш таго, сёньня, як і вы, падпішуся ананімна, каб ніхто не здагадаўся, каму пасылаць свае прароцтвы пра асабісты канец сьвету для

Вашага Дзяжурнага Ц.