Гайдукевіч: “Калі б сказаў, што родная мова — расейская, у мяне б у маёй вёсцы плюнулі”

У Беларусі працягваецца ўсеагульны перапіс насельніцтва. Найбольшую спрэчнасьць і цікавасьць у грамадзтве выклікаюць анкетныя пытаньні, зьвязаныя з мовай. Як жыхары краіны адказваюць на пытаньне пра родную мову? На якой мове людзі размаўляюць дома?

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін паведаміў, што перапіс у ягонай сям’і адбыўся. Пра адказы на моўныя пытаньні спадар Калякін ахвотна распавёў Радыё Свабода:

Сяргей Калякін
“Родная мова ў мяне была запісаная беларуская. Бо гэта — родная мова, яна і ёсьць роднай для мяне. Тым больш, што я валодаю беларускай мовай. Дома па-беларуску не размаўляем, бо дома ня ўсе добра ведаюць беларускую мову. Да прыкладу, жонка беларускую мову ведае, можа чытаць, але не размаўляе па-беларуску. Таксама сын — ён заканчваў расейскамоўную школу і таму размаўляе па-расейску. А родныя — частка размаўляе па-беларуску, а частка не, вось і ўсё”.

Пытаньні мовы падчас перапісу ня выклікалі дыскусіяў таксама ў сям’і кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоля Ляўковіча:

Анатоль Ляўковіч
“Пра мову я адказаў станоўча, канечне ж. Што мая родная мова беларуская, я размаўляю па-беларуску, некалі чытаў лекцыі па-беларуску, калі выкладаў ва ўнівэрсытэце — гэта зразумела. І дзеці мае адказалі, што ў іх мова беларуская і яны размаўляюць на роднай мове. Жонка адказала, што ў яе родная мова расейская, бо яна расейка. Яна з Харкава, бацька ў яе ўкраінец, а маці расейка. Але жонка можа размаўляць па-беларуску. У маёй сям’і беларуская мова ня тое, што традыцыя — гэта жыцьцё”.

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч заявіў, што пытаньне роднай мовы падчас перапісу для яго было прынцыповым:

Сяргей Гайдукевіч
“Ды вы што?! Родная мова якая? Ну якая ж яшчэ — беларуская мова. Ну, а як па-іншаму? Размаўляю па-расейску, а родная мова толькі беларуская — тут пытаньняў няма. Ды ў мяне ўсе продкі ў вёсцы Караліна пахаваныя! Вы ж ведаеце — я ж шляхцюк. У мяне дзед Анджэй Гайдукевіч атрымаў грамату двараніна — я што — ёкнуты ці што? Ды для мяне гэта мова родная была і будзе і ў дзяцей маіх! Большасьць насельніцтва разумее на расейскай мове, а я кандыдат у прэзыдэнты, дэпутат. Размаўляць на беларускай мове — ніякіх складаных пытаньняў няма. Але ж я разумею, што мяне будуць лепш разумець на расейскай мове. Калі мне задаюць пытаньне на беларускай мове, то адказваю толькі на беларускай. Трэба ж палітыку арыентавацца… Але нідзе я ніколі ў жыцьці не заяўляў, што ў мяне родная мова… У мяне б… у вёсцы б плюнулі ў бок”.