Паэты рэанімуюць Вялікае Княства

Марыя Мартысевіч.

23 кастрычніка ў залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў будзе зробленая яшчэ адна спроба рэанімацыі прасторы Вялікага Княства Літоўскага. Дзеля гэтага ў Менск прыехалі выбітныя паэты з Літвы, Польшчы і Ўкраіны. У справе творчага адраджэньня ВКЛ ім будуць дапамагаць беларускія калегі Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Прылуцкі, Вера Бурлак і Віктар Жыбуль. Іпрэза, якая распачнецца а 19-й, пройдзе пад гукі экспэрымэнтальнай музыкі Сяргея Пукста.
Першая спроба рэанімацыі творчай велічы сярэднявечнай дзяржавы была зробленая паэтамі і музыкамі з краінаў-спадчыньнікаў ВКЛ чатыры гады таму. З таго часу яны зьбіраюцца разам то Варшаве, то ў Кіеве, то ў Вільні, то ў Менску і супольнымі высілкамі даводзяць слухачам, што калі не палітычна, то паэтычна іх агульная краіна жыве. Распавядае адна з каардынатарак і актыўных удзельніцаў міжнароднага фэсту “Вялікае княства паэзіі” Марыя Мартысевіч:

“Вялікае княства паэзіі можна назваць віртуальнай дзяржавай, дзяржавай, што аб’ядноўвае паэтаў, музыкаў, іншых творцаў у пэрспэктыве, што паходзяць з краін, гістарычна зьвязаных з Вялікім Княствам Літоўскім. Гэтыя вечары ёсьць квінтэсэнцыяй гэтага сяброўства, абмену мэтафарамі, вершамі. Першае кола фэсту рабілі літоўцы. Яны прадвызначалі сцэнар, антураж сустрэчаў. Цяпер эстафэта перайшла да беларусаў, і цяпер фэст будзе адбывацца так, як бачаць яго беларусы”.

Беларусы ж бачаць гэты фэст ня спробай аднаўленьня творчых традыцый Вялікага княства Літоўскага, а стварэньнем яго віртуальнай прасторы сучаснымі формамі паэтычнага самавыяўленьня, кажа спадарыня Мартысевіч. Адсюль склад беларускіх удзельнікаў, сярод якіх акрамя самой Марыі Мартысевіч Андрэй Хадановіч, Уладзімер Арлоў, Сяргей Прылуцкі, Вера Бурлак і Віктар Жыбуль.

“Гаворка ідзе ня толькі пра зацыкліваньне на сярэднявечных мэтафарах, на традыцыйнай паэзіі, але ёсьць імкненьне да абнаўленьня паэтыкі. То бок нашчадкі Вялікага княства пішуць вось так. Я думаю, што будзе вельмі цікава”.

Літоўскі бок прадстаўлены больш традыцыйнай паэтыкай, украінскі – разнастайнай, а вось польскіх удзельнікаў імпрэзы – а гэта Яцэк Гутараў, Богдан Задура і Лешак Энгелькінг – спадарыня Марыя ахарактарызавала як паэтычных хуліганаў са стажам. Зрэшты, ўвечары 23 кастрычніка ўсе ахвотныя змогуць самі ацаніць, хто з творчых спадчыньнікаў ВКЛ чаго варты.