Лазавік: “Родная мова для мяне і беларуская, і руская”.

“Свабода” запыталася ў сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка, як ён падчас перапісу адказаў на пытаньне адносна роднай мовы і мовы, якой карыстаецца ў сям’і.


Your browser doesn’t support HTML5

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік пра родную мову



“Нарадзіўся я у цэнтры Менскай вобласьці, дзе беларуская мова — сапраўды народная. Большасьць насельніцтва Вілейскага раёну размаўляюць на той мове, якая найбольш блізкая да сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Таму для мяне, вядома ж, роднай мовай ёсьць беларуская мова.

Але доўгі час працаваў у тых арганізацыях, дзе размаўляюць толькі па-руску. Сваю працоўную дзейнасьць пачаў як ваеннаслужачы, афіцэр, і толькі па-руску ў Савецкай арміі размаўлялі. Далей працаваў на вялікіх прадпрыемствах, дзе таксама звычайна размаўлялі на рускай мове. І сёньня працую ў арганізацыі, дзе найбольш часта і звыкла размаўляюць па-руску. Таму я адказаў, што роднай мовай для мяне, акрамя беларускай, зьяўляецца і руская. Як кажуць, на якой мове думаеш, тая і зьяўляецца тваёй роднай. І хаця, я яшчэ раз падкрэсьліваю, для мяне беларуская мова вельмі блізкая, гэта мова маіх продкаў, беларускіх пісьменьнікаў я люблю чытаць ў арыгінале, Васіля Быкава, Івана Мележа. Але ж вось практыка працы прымусіла мяне думаць ужо па-руску. І нават цяпер, калі я гавару ў камэру, то ў галаве раблю пераклад з рускай на беларускую.

А якой мовай я карыстаюся дома? Я адказаў адназначна: рускай мовай. Таму што ў мяне так склалася. Нявестка ў мяне нарадзілася і вучылася ў Расеі. Зяць — былы ваеннаслужачы, таксама размаўляе на рускай мове. Ну і мы з жонкай па звычцы размаўляем часьцей за ўсё на рускай мове. Але і газэты, і кнігі чытаем як па-руску, гэтак і па-беларуску. А беларускія словы ўжываем гэтак жа, як і ўсе нашы беларусы. Бязь іх часам немагчыма. Бываюць такія беларускія словы, якія і не перакладзеш на рускую мову. А калі пачнеш перакладаць, то ўжо ня тое штосьці. Таму ўжываем беларускія словы, калі яны трапныя, праніклівыя, зьмястоўныя. З другога боку, і рускія словы некаторыя не перакладзеш. Вось калі мы гаворым “одуванчік” па-руску, па-беларуску гэта будзе “дзьмухавец”. Але “дзьмухавец” скажы беларусу, дык ня кожны і здагадаецца, пра што гаворка.

Таму лічу, што адказаў на пытаньні ў анкеце шчыра, як яно і ёсьць на самой справе. Родная мова для мяне і беларуская і руская, а ў звычайным жыцьці больш звыкла для мяне размаўляць па-руску”.