Яшчэ 700 мільёнаў даляраў на падтрымку беларускага рубля

Міжнародны валютны фонд выдзеліў Беларусі чарговы транш крэдыту stand-by памерам 700 мільёнаў даляраў.
МВФ адзначыў посьпехі Беларусі ў рэфармаваньні фінансавай інфраструктуры і паляпшэньні бізнэс-клімату.

Між тым, некаторыя незалежныя эканамісты лічаць, што шматлікія крэдыты, якія апошнім часам атрымлівае беларуская ўлада на Захадзе, праядаюцца ці дазваляюць падтрымліваць курс беларускага рубля, але не ідуць на рэфармаваньне эканомікі.

З улікам чарговага траншу сума дапамогі Беларусі ў рамках праграмы stand-by перавысіла 2,2 мільярда даляраў. Але гэта яшчэ не канчатковая лічба: калі беларускі ўрад выканае ўсе патрабаваньні МВФ, то да красавіка 2010 году атрымае агулам больш за 3,5 мільярда даляраў. Падрабязнасьці падае кіраўніца прадстаўніцтва МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна:
ніяк не зьвязана зь нейкімі просьбамі Менску, гэта ўсё адбываецца ў рамках той жа самай праграмы ...

“Наша праграма разьлічаная на 15 месяцаў і агляды праводзяцца кожны квартал. То бок абавязковыя паквартальныя агляды. Другі агляд, які разглядаў выкананьне паказьнікаў на канец чэрвеня, быў завершаны ўчора. А ўжо цяпер, праз два тыдні, прыяжджае місія па трэцім аглядзе. І гэта ніяк не зьвязана зь нейкімі просьбамі Менску, гэта ўсё адбываецца ў рамках той жа самай праграмы. Тады, калі будзе завершаны трэці агляд, то будзе выдадзены чарговы транш — прыкладна столькі ж, колькі і зараз. Усё залежыць ад курсу даляра да СДР (спэцыяльныя правы запазычаньня — РС). А сама па сабе праграма дзейнічае да красавіка”.

Паводле вынікаў агляду, экспэрты фонду адзначылі посьпехі Менску ў рэфармаваньні фінансавай інфраструктуры і паляпшэньні дзелавога клімату. Аднак некаторыя незалежныя аналітыкі робяць іншыя высновы — маўляў, такім чынам МВФ працягвае фінансавую падтрымку цяперашняга рэжыму. У той час як нават сталы беларускі донар — Расея — адмаўляецца фінансаваць неэфэктыўную эканоміку Беларусі. Гаворыць эканаміст, адзін з распрацоўнікаў антыкрызіснай плятформы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Леў Марголін:
крэдыты адсоўваць на нейкі неабмежаваны пэрыяд рэформы ў беларускай эканоміцы ...

“Думаю, што вялікай карысьці гэтыя крэдыты не прынясуць, хоць, безумоўна, яны дазваляюць беларускай уладзе ўратавацца. Я б зьвярнуў увагу на тое, што ня так даўно расейскі міністар фінансаў Кудрын казаў пра падзеі ў Расеі. У прыватнасьці, ён сказаў, што высокія кошты на нафту і на газ перашкаджаюць разьвіцьцю Расеі. Гэтак жа я сказаў бы і пра Беларусь: гэтыя крэдыты, якія даюць Беларусі, яны дазваляюць зноў адсоўваць на нейкі неабмежаваны пэрыяд рэформы ў беларускай эканоміцы. А без рэформаў мы ўсё роўна ня выратуемся. Адзін крэдыт, другі крэдыт — гэта ж ня можа доўжыцца вечна. Яны папросту праядаюцца ці дазваляюць падтрымліваць курс беларускага рубля. Мы ж усе бачым, што кожны месяц сальда плацёжнага балянсу ўвесь час адмоўнае. І вось такія крэдыты дазваляюць яго выраўноўваць”.

Калі беларускім уладам чакаць жывых грошай — 700 мільёнаў даляраў чарговага эмвээфаўскага траншу? Натальля Калядзіна ўдакладняе, што гэта пытаньне літаральна некалькіх дзён:

“Гэта будзе паступаць адразу, то бок грашовы транш паступіць сёньня ці заўтра, у скрайнім выпадку — празь дзень. Гэта ўжо чыста тэхнічнае пытаньне. Іншымі словамі, пытаньне вырашанае і агляд завершаны. Станоўчае рашэньне было прынятае, таму цяпер Беларусь атрымае чарговы транш”.

Дзеля таго каб дэкляраваныя намеры сталі рэальнасьцю, МВФ паставіў перад урадам Беларусі задачу скараціць колькасьць ільготных крэдытаў юрыдычным і фізычным асобам. Такія крэдыты, на думку экспэртаў, зараз беларускай эканоміцы папросту не па кішэні. Таксама рэкамэндуецца фарсіраваць працэс прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Абмежаваць ільготнае крэдытаваньне кіраўніцтва краіны паабяцала ў 4-м квартале 2009 году, і праблемы з атрыманьнем банкаўскіх пазыкаў у людзей ужо пачаліся. А на мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка, наведваючы Менскі гадзіньнікавы завод, заявіў пра намер пусьціць на “Луч” швайцарскі капітал. Апроч таго, на продаж будзе выстаўлены Менскі падшыпнікавы завод і некаторыя другарадныя прадпрыемствы.

Тым часам фінансавы аналітык Сяргей Чалы лічыць, што дапамога ад МВФ можа не абмяжоўвацца толькі праграмай stand-by. Падчас апошніх самітаў кіраўнікоў “вялікай дваццаткі” разглядалася пытаньне апэратыўнай дапамогі ад імя МВФ найбольш пацярпелым ад эканамічнага крызісу дзяржавам, у лік якіх, паводле фармальных прыкметаў, трапляе і Беларусь:

Сяргей Чалы
“Роля МВФ традыцыйна была ў дапамозе краінам, якія пацярпелі ад нездавальняючай зьнешняй каньюнктуры. У дадзеным выпадку чыста па фармальных прыкметах, калі не ўдавацца ва ўласна нашыя эканамічныя праблемы, то насамрэч мы сутыкнуліся з рэзкім падзеньнем коштаў на наш экспарт, зь іншага боку — рост цэнаў на наш сыравінны імпарт, з трэцяга боку — закрыцьцё рынкаў зьнешняга фінансаваньня. То бок, па ўсіх фармальных паказьніках мы праходзім у гэты плян дапамогі. Таму з той праграмай stand-by, якая ў нас ёсьць, у рамках гэтай новай праграмы апэратыўнай дапамогі мы маем магчымасьць цалкам у яе ўпісацца”.



У сваю чаргу зацягваецца чаканьне Менскам расейскага стабілізацыйнага крэдыту. Напачатку кастрычніка міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што Расея ня дасьць Беларусі апошні паўмільярдны транш. Рашэньне пра крэдыт у памеры 2 мільярды даляраў Масква прыняла пры канцы 2008 году. З гэтай сумы пералічана 1,5 мільярда даляраў, аднак апошні транш расейскі Мінфін прыпыніў, матывуючы гэта неабходнасьцю ўважліва ацаніць пэрспэктывы вяртаньня крэдыту. Усяго ж за апошнія два гады Расея выдала Беларусі крэдытаў на суму 3 мільярды даляраў.