Вянок памяці: Барыс Стральцоў

Барыс Стральцоў

Сёньня на Паўночных могілках Менску пахавалі Барыса Стральцова — знакавую асобу для многіх пакаленьняў журналістаў. Прафэсар, доктар фiлялягiчных навук, аўтар дзясяткаў арыгінальных кніг i падручнiкаў, Барыс Васільевіч застаўся ў памяці колішніх студэнтаў і калегаў-выкладчыкаў чалавекам інтэлігентным і адданым сваёй справе. У рознастылёвых сродках масавай інфармацыі ў Беларусі і за яе межамі працуюць, без перабольшаньня, тысячы ягоных вучняў.
У будынку факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсытэту на вуліцы Кальварыйскай у Менску, пераназванага пасьля навасельля ў Інстытут журналістыкі, у фае ўсталяваны партрэт Барыс Стральцова. Тут жа — жывыя кветкі; на аркушах калегі і студэнты пішуць добрыя словы пра легенду журфаку.

Старшы выкладчык катэдры пэрыядычнага друку Ігар Чарткоў амаль 10 гадоў адпрацаваў побач з Барысам Васільевічам. Ён кажа, што розьніца ў 40 гадоў паміж імі была чыста ўмоўнай:
Вельмі кампанейскі, бесканфліктны, але разам з тым — патрабавальны да ведаў ...

“Вельмі адукаваны, вельмі шчыры, вельмі самакрытычны. Чалавек, які заўсёды можа прыйсьці на дапамогу. Асабліва маладым спэцыялістам, якія толькі-толькі прыходзяць і пачынаюць шлях у пэдагагічнай дзейнасьці, у журналістыцы. Вельмі кампанейскі, бесканфліктны, але разам з тым — патрабавальны да ведаў. Ніколі ад яго не пачуў падвышанага тону. Выдатны навуковец, выдаў шмат літаратуры — арыгінальнай, нашай беларускай школы журналістыкі, якая заўсёды была ў якасьці апанэнта да той жа піцерскай ці маскоўскай школы. Ён увогуле адзін са стваральнікаў беларускай школы журналістыкі. Перадусім вядомая ягоная тэорыя жанраў, дзе ён распрацаваў нормы, паводле якіх трэба ствараць журналісцкі твор. Вельмі добры нарысіст, пісьменьнік. Увогуле чалавек разнаплянавы, улюблены ў сваю працу, і, канечне ж, ён быў улюблены ў жыцьцё”.

Выкладчыцкай справе Барыс Стральцоў аддаў роўна чатыры дзясяткі гадоў жыцьця, упершыню зьявіўшыся на журфаку БДУ ў 1969 годзе. Увогуле факультэт журналістыкі заўсёды быў адным з самых нешматлікіх ва ўнівэрсытэце, таму супрацоўнікі ўсіх катэдраў блізка ведалі адзін аднаго, разам зьбіраліся на абмеркаваньне надзённых пытаньняў. Узгадвае былая выкладчыца катэдры тэлебачаньня і радыёвяшчаньня БДУ Людміла Шылава:
уся сучасная беларуская журналістыка ў аснове сваёй мае падручнікі Барыса Васільевіча Стральцова ...

“Я калі пачынала, яго на факультэце яшчэ не было, ён прыйшоў крыху пазьней, на мяжы 1960—70-х. Зьявіўся ў нас асьпірантам, гэткі — як сказаць — праставаты. Ну, як усе газэтчыкі. Але потым стаў вельмі грунтоўным, тэарэтыкам, распрацоўнікам новых мэтодык. Увогуле аказаўся чалавек вельмі глыбокай унутранай культуры. Ніколі ні з кім не задзіраўся, адзінае, што ў свой час крыху выпіваў — можа, толькі такая загана. Але вельмі многія спрэчныя рэчы на факультэце згладжваў, што мне заўсёды падабалася. З жанчынамі, трэба сказаць, надзвычай добра ладзіў, аказваў знакі ўвагі, жанчын вельмі паважаў. Жонка ў яго, дарэчы, нашмат раней памерла… Ну, і сказаць, што быў толькі практык, таксама нельга, паколькі ён вельмі моцна вырас і ў тэарэтычным сэнсе. Што тут казаць? Канечне, адзін з найбольш значных людзей у журналістыцы; вельмі цікавы, добры літаратар, выкладчык добрасумленны. Амаль уся сучасная беларуская журналістыка ў аснове сваёй мае падручнікі Барыса Васільевіча Стральцова”.

Апошнім часам Барыс Стральцоў выкладаў журналістыку ў недзяржаўным Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва — для 83-гадовага адмыслоўца графік працы тут быў гнутчэйшы і не такі шчыльны, як у БДУ. А ўвогуле працоўную біяграфію пачынаў журналістам — больш за 20 гадоў адпрацаваў у газэтах “Савецкая Радзіма”, “Чырвоная змена”, “Звязда”.

Натуральна, што росквіт пэдагагічнага таленту Стральцова прыпаў на савецкі час. Цяпер ягоныя мэтодыкі шмат у чым састарэлі і наўрад ці актуальныя ў дзейнасьці сучаснага журналіста. Але, як кажа колішні студэнт Барыса Стральцова, а цяпер незалежны журналіст Аляксандар Коктыш, асобныя элемэнты занатаваных лекцый будуць запатрабаваныя яшчэ доўга:
ягоныя лекцыі амаль што не прагульвалі, на іх асабліва не пазяхалі ...

“Як былы студэнт Стральцова, як калега па “Звяздзе”, хоць разам працаваць і не ўдалося, магу сказаць: ягоныя лекцыі амаль што не прагульвалі, на іх асабліва не пазяхалі, а самога выкладчыка не ўзнагароджвалі крыўднымі мянушкамі. Была зацікаўленасьць на фоне агульнай шэрасьці і, што называецца, дубовых падыходаў да адукацыі. Стральцоў жа ўспрымаўся нечым новым, нават мадэрновым у журналістыцы. Не сказаў бы, што былі нейкія рэвалюцыйныя прарывы, асабліва з гледзішча сёньняшняга дня, але было, па-першае, цікава, па-другое, карысна, а па-трэцяе, у нейкім выглядзе ўсё гэта захавалася. Канечне, нельга сказаць, што выпрацаваную 40, 20 гадоў таму школу журналістыкі Стральцова мы як эстафэтную палачку нясем і далей. Але падыходы, якія заключаюцца ў пэўнай шчырасьці журналісцкай — калі ўжо пісаць, дык ад душы, калі камэнтары, то дасьціпныя, жывыя і ў тэму, — то бок элемэнты шчырай стральцоўскай школы — захаваліся”.


Барыс Стральцоў
Нарадзіўся 1 сакавіка 1926 году ў вёсцы Хутар Быхаўскага раёну. Вучыўся на філялягічным факультэце БДУ, падчас навучаньня працаваў у газэце “Чырвоная змена”. Потым перайшоў у “Звязду”, дзе выконваў абавязкі літсупрацоўніка, загадчыка аддзела літаратуры і мастацтва. Пры канцы 1969-га ўзначаліў катэдру тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі БДУ. У 1978-м абараніў доктарскую дысэртацыю, а праз год атрымаў званьне прафэсара. Асноўныя падручнікі і манаграфіі — своеасаблівыя настольныя кнігі будучых журналістаў, іх назвы памятныя шмат каму: “Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства”, “Асновы публіцыстыкі. Жанры”, “Творчыя мэтады ў журналістыцы” і г.д.