Парашэнка: Чакаем Лукашэнку ў Кіеве

Пётар Парашэнка і Сяргей Мартынаў

Міністар замежных спраў Украіны Пятро Парашэнка абмеркаваў пытаньне падрыхтоўкі візыту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну. Візыт мае адбыцца ў першай палове лістапада.
Падчас сустрэчы з журналістамі Пятро Парашэнка назваў свой прыезд знакавым, бо вельмі даўно не было візыту кіраўніка ўкраінскага зьнешнепалітычнага ведамства ў Менск. Спадар Парашэнка таксама адзначыў, што дамоўленасьці, дасягнутыя на саміце СНД у Кішынёве паміж кіраўнікамі Ўкраіны і Беларусі, адразу ж знаходзяць практычную рэалізацыю.
Мы чакаем яго зь нецярплівасьцю ...

“Мы рыхтуем у найбліжэйшы час візыт прэзыдэнта Беларусі ва Ўкраіну. Мы чакаем яго зь нецярплівасьцю. Мы чакаем, што гэты візыт будзе напоўнены канкрэтным, практычным зьместам у эканамічным і палітычным супрацоўніцтве, каардынацыі дзеяньняў на эўрапейскім кірунку, у культурным супрацоўніцтве”.

Дагэтуль, аднак, Беларусь не ратыфікавала дамову аб дзяржаўнай мяжы з Украінай. Афіцыйны Менск нагадвае пра неабходнасьць урэгуляваньня ўкраінскага доўгу, які ўтварыўся ў першай палове 1990-х гадоў. Ці ўдалося прасунуцца ў вырашэньні гэтага пытаньня?

“Так, я думаю, што мы гатовыя прадэманстраваць сустрэчныя крокі ў вырашэньні гэтага задаўненага пытаньня. На жаль, цяпер ва Ўкраіне пачалася выбарчая кампанія, а палітычная выбарчая кампанія — гэта не найлепшы час для стабільнага вырашэньня пытаньняў. Але мы дамовіліся аб тым, што намі будзе прадэманстраваны прагрэс і ў гэтым задаўненым пытаньні”.

Раней Украіна прапаноўвала Беларусі ўзяць удзел у разьвіцьці альтэрнатыўнага нафтаправоду Адэса — Броды. Пятро Парашэнка спадзяецца на ўдзел у гэтым праекце беларускага боку.

“Далейшае разьвіцьцё гэтага трубаправоду да Плоцку, будаўніцтва новых інфраструктурных праектаў, у тым ліку сумесных зь Беларусьсю, будзе эфэктыўнымі крокамі да таго, каб палепшыць выкарыстаньне транзытнага патэнцыялу нашых дзяржаў. У нас унікальнае геаграфічнае становішча, і тут мы маем унікальныя магчымасьці для супрацоўніцтва”.

Камэнтуючы стан беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў, палітоляг Дзяніс Мельянцоў адзначыў, што яны дасягнулі такога высокага ўзроўню, калі пытаньні пра доўг і мяжу становяцца больш тэхнічнымі, чым палітычнымі, і хутка будуць вырашаны.

Дзяніс Мельянцоў
“Ёсьць маральныя катэгорыі, а ёсьць катэгорыі нацыянальных інтарэсаў. Для Ўкраіны вельмі важна ратыфікаваць гэтую дамову пра мяжу, паколькі без ратыфікацыі Ўкраіна ня можа далей рухацца ў бок эўрапейскай інтэграцыі і сяброўства ў НАТО. Па-другое, зараз вельмі важнае для Беларусі і Ўкраіны — гэта энэргетычная бясьпека, магчымасьць энэргетычных праектаў у межах “Усходняга партнэрства”. І якраз Эўракамісія патрабуе, каб краіны постсавецкай шасьцёркі, якія ўключаны ва “Ўсходняе партнэрства”, самі ініцыявалі шматбаковыя праекты. Для Ўкраіны і Беларусі гэта вельмі важна, асабліва на фоне эканамічнага крызісу. Яны вымушаныя паміж сабой супрацоўнічаць. Да таго ж Кіеў — своеасаблівы пасярэднік у наладжваньні беларуска-амэрыканскіх і беларуска-эўрапейскіх стасункаў”.



Прымаючы сёньня міністра замежных спраў Пятра Парашэнку, кіраўнік Беларусі А.Лукашэнка заявіў, што разьвіцьцё беларуска-ўкраінскіх стасункаў нікому ня шкодзіць, і дарэмна гэта “некага пачынае хваляваць”. Ён адзначыў, што “вельмі важна напоўніць канкрэтным зьместам стратэгічныя пытаньні”.