Ці дакульгае беларускі вярблюд да “Ўсходняга партнэрства”

Цягам двух дзён, 16 і 17 лістапада, у Брусэлі пройдзе І форум грамадзянскай супольнасьці. У ім возьмуць удзел 220 прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу і шасьці постсавецкіх дзяржаваў, якія запрошаныя да ўдзелу ў праграме “Ўсходняе партнэрства”. Беларусь у нефармальнай эўрапейскай сталіцы будуць прадстаўляць блізу трох дзясяткаў дэлегатаў — як з боку недзяржаўных арганізацый, так і праўладных структураў.
Сёньня ў Менску прадстаўнікі трэцяга сэктару абмяркоўвалі фармат маючага адбыцца форуму.

На арганізацыйным паседжаньні, тэма якога вызначалася як “Форум грамадзянскай супольнасьці “Усходняга партнэрства”: парадак дня для Беларусі”, арганізатары паведамілі: форум выклікаў надзвычай вялікі інтарэс з боку няўрадавых арганізацый. Калі з большай ва ўсіх адносінах Украіны паступілі 62 заяўкі, то ад Беларусі — 76. У выніку задаволена 27 просьбаў. З гэтага ліку пакуль што вядомыя 10 заяўнікаў; як падзеляцца астатнія 17 месцаў — застаецца толькі чакаць.

Практычна ўсе выступоўцы сышліся на думцы: брусэльскі форум наўрад ці будзе мець уплыў на прыняцьце палітычных рашэньняў. Аднак сход можа стаць паўнавартасным органам маніторынгу, генэратарам ідэяў, скіраваных на дэмакратызацыю працэсаў у праблемных краінах. Так, Уладзімер Мацкевіч, які прадстаўляе Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, канстатуе відавочнае падвышэньне цікавасьці беларусаў да эўрапейскага вэктару — на тле астываньня ўвагі да даўгабуду ў выглядзе “саюзнай дзяржавы” з Расеяй:

Уладзімер Мацкевіч
“Як кажа ўсходняя прымаўка, калі караван мяняе напрамак, кульгавы вярблюд можа апынуцца наперадзе каравана. Мы сёньня ў Эўропе — такі вось кульгавы вярблюд, які заўсёды позьніцца, пляцецца ў хвасьце. Але пакуль ён цягнецца ў хвасьце, у самой супольнасьці, нацыі высьпяваюць пэўныя падыходы, погляды, рэфлексіі, якія маюць агульнаэўрапейскае значэньне. На сёньня, акрамя ўсяго іншага, акрамя дапамогі Беларусі інтэгравацца ў Эўропу і распаўсюдзіць на Беларусь эўрапейскія прынцыпы жыцьця, мы не павінны забывацца на ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці. І таму слушныя, адэкватныя прапановы што да парадку дня, рэглямэнту форуму могуць зрабіць касьцяк беларускай дэлегацыі, які ўзгодніць падыходы, на гэтым форуме лідэрам грамадзянскай супольнасьці. Гэта дасьць магчымасьць значна лепш усталёўваць стасункі з эўрапейскай грамадзянскай супольнасьцю”.

Іншы ўдзельнік круглага стала — палітоляг, адзін з кіраўнікоў руху “За Свабоду!” Алесь Лагвінец. Ягонае бачаньне брусэльскага форуму:

Алесь Лагвінец
“Форум для грамадзянскай супольнасьці адкрывае магчымасьць пабудовы рэгіянальнага супрацоўніцтва з краінамі-партнэрамі, трансэўрапейскага супрацоўніцтва з сёньняшнімі чальцамі Эўразьвязу. Усё гэта дапаможа знайсьці новыя формы працы ў Беларусі. Да таго ж варта спрабаваць узьдзейнічаць у рамках “Усходняга партнэрства” на Эўракамісію, каб ня ўсе праекты, якія ідуць на Беларусь, мусілі атрымліваць згоду з боку ўладаў. Бо на праекты, якія будуць прапаноўваць улады, не абавязковая згода грамадзянскай супольнасьці. Але ў рамках грамадзянскага форуму трэба пазьбегнуць спаўзаньня ў франтальнае супрацьстаяньне з уладамі. Бо гэта спаўзаньне ў сфэру, дзе барацьба паводле дэфініцыі пройгрышная. Паколькі мы хочам большага ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, то трэба, каб мы тлумачылі з дапамогай больш вольных мэдыяў, што такое Эўразьвяз і што ён рэальна дае, як зь яго могуць скарыстаць беларускія грамадзяне”.

Як кажуць экспэрты, непаразуменьняў паміж уладамі і грамадзянскай супольнасьцю цяпер ці ня больш, чым у афіцыйных дачыненьнях Менску і Брусэлю. А ўсё таму, што, паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, ад сяброўства ва “Ўсходнім партнэрстве” бакі спадзяюцца на абсалютна розныя дывідэнды:

Аляксандар Класкоўскі
“Улада бачыць супрацу з Эўразьвязам і фармат “Усходняга партнэрства” па-свойму, а грамадзянская супольнасьць — па-свойму. На жаль, гэтыя дзьве палітычныя плыні фактычна не перакрыжоўваюцца. Улада падкрэсьлівае, што яна хоча прагматычнай супрацы, і разумее пад гэтым, калі вобраз такі можна ўжыць, — выкалупаць разынкі з булкі. То бок — атрымаць грошы, не рабіць ніякіх дэмакратычных пераўтварэньняў і не ўлучаць грамадзянскую супольнасьць у гэтыя працэсы. То бок адчуваюць небясьпеку для палітычнай улады, для цяперашняга рэжыму. Для супольнасьці, наадварот, — гэта шанец, акно магчымасьцяў. Але наколькі гэта будзе выкарыстанае — залежыць і ад Брусэлю. Бо, як вядома, Брусэль — вялікі бюракратычны чыньнік, могуць працэс і зафармалізаваць. Я трохі ўтрырую, але ёсьць такая небясьпека, што зьбяруцца толькі дзеля птушачкі. Разам з тым гэта залежыць і ад таго, як скарыстае гэты шанец сама грамадзянская супольнасьць Беларусі”.

2 лістапада ў Менску адбудзецца канфэрэнцыя з удзелам зацікаўленых арганізацый і ўдзельнікаў брусэльскага форуму. На ёй будзе канчаткова ўзгодненая пазыцыя дэлегатаў ад грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый далучыцца да абмеркаваньня надзённых пытаньняў жаданьня пакуль ня выказалі.



“Усходняе партнэрства” — шматбаковы мэханізм супрацоўніцтва, прапанаваны з боку Эўразьвязу шасьці дзяржавам Усходняй Эўропы і Закаўказьзя — Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Адмысловая роля ў рамках праграмы адводзіцца пытаньням грамадзянскай супольнасьці ў кожнай з краінаў. Менавіта з гэтай мэтай у сярэдзіне лістапада ў Брусэлі пройдзе І форум грамадзянскай супольнасьці “Ўсходняга партнэрства”.