Менск, вуліца Кірава, 8


Шыльда свабоды

Менск, вуліца Кірава, 8. Стадыён “Дынама”

19 лютага 1989 году на галоўнай арэне стадыёна “Дынама” адбыўся першы ў Беларусі дазволены ўладамі шматтысячны мітынг у падтрымку Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”.

Раней і пазьней гэта выглядала б фантасмагорыяй, але 19 лютага 1989 году 40 тысяч чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на менскім стадыёне “Дынама” на заклік Беларускага народнага фронту. Быў самы пік гарбачоўскай перабудовы — першая спроба дэмакратычных выбараў у Вярхоўны Савет СССР. І ствараны Фронт вырашыў заявіць пра свае сур’ёзныя палітычныя намеры падтрымкай групы кандыдатаў у дэпутаты, а заадно і давесьці да людзей свае ідэі. Галоўным мітынгоўцам стаў старшыня аргкамітэту БНФ Зянон Пазьняк.

Тады адбыўся першы вопыт масавага раскідваньня ўлётак з запрашэньнем прыйсьці на мітынг. Тады яшчэ была магчымасьць зьмясьціць абвесткі ў моладзевых газэтах — “Знамени Юности” і “Чырвонай Змене”.


Было холадна, людзі стаялі на трыбунах, на арэне былі выступоўцы. Было выдатнае гукаўзмацненьне, якое даносіла да кожнага чалавека словы, якія раней уголас і на такую аўдыторыю ў Беларусі не вымаўляліся. Выступалі Зянон Пазьняк, Юры Хадыка, Вінцук Вячорка, Міхась Ткачоў… Шэраг вядомых людзей, прыкладам, доктар эканамічных навук Марк Куняўскі, які неўзабаве стане кіраўніком аб’яднаньня прадпрымальнікаў, упершыню публічна заяўлялі пра сваю дэмакратычную пазыцыю.

Былі і правакатары, дзесьці каля тысячы, — кажа прафэсар Юры Хадыка, які выступаў з прамовай, у якой прадказаў, што змаганьне за незалежнасьць Беларусі будзе цяжкім і доўгім:

“Я параўнаў Фронт зь лёгкай кавалерыяй Вялікага Княства, якая, паводле аднаго з апісаньняў, атакавала праз воўчыя ямы, запаўняючы іх целамі сваіх рыцараў і коней. Я сказаў, што наша роля ў гэтым, а перамогуць нашы наступнікі, якія і прывядуць краіну да канчатковай свабоды і незалежнасьці. І тады мяне стала абсьвістваць група людзей у норкавых шапках. На адной з трыбунаў была такая жоўтая пляма ад гэтых намэнклятурных шапак. Крычалі: “Кастрыраваць яго!” І калі раздаўся сьвіст, я зьвярнуўся да людзей: “Глядзіце, яны прыйшлі, каб сарваць наш мітынг!” Тады выбухнуў стадыён сьвістам у адказ. І намэнклятура, якая ў такі прымітыўны спосаб хацела перашкодзіць росту ўплыву Народнага фронту, замоўкла”.

Той мітынг на “Дынама” стаў моцным і эфэктным стартам усенароднага змаганьня за перамены. Полымя з менскага “Дынама” перакінулася на вуліцы і плошчы іншых гарадоў краіны.