У Менску ў Літаратурным музэі Янкі Купалы адбылася прэзэнтацыя дасьледаваньня гісторыка Юр’я Гарбінскага “Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: пэрыёдыка, графічныя друкі (1945—2005)”. Гэта сумеснае выданьне Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, катэдры Беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук.
Гэта найбольш грунтоўнае аналітычнае дасьледаваньне, прысьвечанае наагул друкаваным выданьням беларускай эміграцыі. У асобным разьдзеле саліднага фаліянту, аб’ём якога каля 900 старонак, аўтар разглядае асаблівасьці разьвіцьця пэрыядычнага друку беларусаў на Захадзе, тэматыку і пэрыядычнасьць выданьняў, тэхнічныя асаблівасьці, наклады, кошты, спосабы распаўсюджваньня. Доктар філялягічных навук прафэсар Арсен Ліс кажа:
“Усякая пэрыёдыка за мяжой вельмі важная ў тым аспэкце, што яна дазваляе захоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць і прысутнасьць нашых людзей, нашай дыяспары ў сьвеце, і тым самым сьведчыць аб беларусах і Беларусі перад усім сьветам”.
Аўтар кнігі, гісторык Юры Гарбінскі правёў працу ў архівах і бібліятэках розных краінаў. На аснове параўнаньня зьвестак пра беларускі пэрыядычны друк на Захадзе цалкам і рэлігійны друк як асобную яго галіну адмысловы разьдзел сваёй кнігі аўтар склаў у выглядзе статыстычных табліц, дыяграм, схем. Значнай дапамогай у складаньні такой статыстыкі стала “Бібліяграфія беларускага друку на Захадзе” Зоры і Вітаўта Кіпеляў. Але аўтар працаваў ня толькі з архіўнымі матэрыяламі, падшыўкамі, выданьнямі, кажа прафэсар Арсен Ліс:
“Юры Гарбінскі выкарыстаў многа інфармацыі, як кажуць, зь першых рук, ад удзельнікаў гэтага друку. Гэта інфармацыя вельмі жывая і дае вельмі рэальную і канкрэтную карціну наагул выданьня, характар выданьня, мову, абставінаў, арганізацыю гэтых выданьняў”.
Сваё дасьледаваньне Юры Гарбінскі прысьвяціў памяці Зоры Кіпель і Алены Юрэвіч. Паслухаем самога аўтара:
Яны прыехалі і будуць кожны раз вяртацца сюды, да сябе, да сваіх каранёў кніжкамі
Дасьледаваньне Юр’я Гарбінскага багата ілюстраванае і якасна выдадзенае: у ім каляровыя выявы графічных друкаў, вокладак і тытульных лістоў вялікай колькасьці выданьняў, маркі, паштоўкі, дыяграмы, табліцы. Прафэсар Арсен Ліс:
“Пра кнігу Гарбінскага можна гаварыць вельмі многа. Яна дае масу карыснай інфармацыі: літаратуразнаўчай, культуразнаўчай, гістарычнай. Асабліва важную ўяўляе крыніцу для тых, хто цікавіцца гісторыяй эміграцыі”.
Раней Юры Гарбінскі выдаў яшчэ два грунтоўныя дасьледаваньні: “Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагодзьдзя. Жыцьцяпісы, мартыралёгія, успаміны” і “Мікалай Лапіцкі ў служэньні Богу і Беларусі”.