Драсюс Кядзіс 2: небясьпечны мэсыдж

Штораз шпарчэйшыя абароты набірае справа Драсюса Кядзіса, літоўскага бізнэсоўца, якога падазраюць у забойстве двух чалавек, датычных, паводле яго, да сэксульнага гвалту супраць ягонай 4-гадовай дачкі. Генэральны пракурор паабяцаў выправіць усе ранейшыя памылкі.
Літоўскае правасудзьдзе, да якога грамадзтва мае ў сувязі з апошнімі падзеямі вялікія прэтэнзіі, пачало больш актыўныя дзеяньні. Генэральны пракурор Валанцінас учора паведаміў, што ў дачыненьні да пяці супрацоўнікаў пракуратуры, якія мелі дачыненьні да гэтай справы, распачатае ўнутранае расьсьледаваньне з мэтай выявіць зь іх боку працэсуальныя парушэньні.

ОРГАНЫ ЗАВАРУШЫЛІСЯ


Сёньня А.Валанцінас быў заслуханы на паседжаньні юрыдычнага камітэту Сойму, дзе яму задалі шмат вострых пытаньняў – якія ад часу, калі Д.Кядзіс зрабіў гісторыю з сваёй дачкой здабыткам публічнасьці, задавала і задае літоўскае грамадзтва.

А.Валанцінас паўтарыў, што сьледзтва вядзецца з выкананьнем усіх неабходных працэдураў і што Д.Кядзіс сваімі дзеяньнямі стварыў для сьледзтва шмат праблемаў, якія ніяк не дапамагаюць вырашэньню справы.

Ёнас Фурманавічус, забіты 5.10.2009
Андрус Усас, падазраваны ў справе згвалтаваньня дачкі Д.Кядзіса
Фота: lrytas.lt

Тым часам пракуратура афіцыйна паведаміла, што адзін з трох чалавек, каго Д.Кядзіс вінаваціць у злачынных дзеяньнях – Андрус Усас – ужо праходзіць падазраваным у гэтай справе. Паводле экспэртаў, гэта сьведчыць пра тое, што сьледзтва ўжо мае дастаткова падставаў для сур'ёзных высноваў. З А.Усаса ўзятая падпіска аб нявыезьдзе, яго ахоўваюць байцы спэцпадразьдзяленьня “Арас”.

Лайма Станкунайце, былая сужыцелька Д.Кядзіса
Віялета Нарушэвічэне, сястра Л.Станкунайце, забітая 5.10.2009
Фота: lrytas.lt

Забіты судзьдзя Ёнас Фурманавічус, паводле пракуратуры, праходзіў па справе ў якасьці “асаблівага сьведкі” і да апошняга дня жыцьця захоўваў як судзьдзя статус недатыкальнасьці. Толькі сёньня – праз дзевяць дзён пасьля забойства – у яго кватэры быў зроблены ператрус. Сьледзтва найбольш зацікавілася знойдзенымі там сьпісамі асобаў з тэлефонамі.

НЕБЯСЬПЕЧНЫ МЭСЫДЖ


У літоўскай публічнай прасторы надалей дыскутуецца пытаньне магчымасьці выкарыстаньня неправавых мэтадаў пры недастатковай функцыянальнасьці дзяржаўных структураў. Зварачаецца ўвага, што масавая падтрымка дзеяньняў Д.Кядзіса (з тым, што ні ў кога няма сумневаў, што за забойствамі стаіць менавіта ён), сьведчыць пра небясьпечны стан у якім цяпер апынулася літоўскае грамадзтва.

Вось як аналізуе гэты стан філёзаф, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Леанідас Донскіс у сваім блогу на партале delfi.lt:

“Небясьпечны мэсыдж, пасланы ўсім нам, палягае ў тым, што вялікую частку літоўскага грамадзтва не шакуе і не ўзрушае нічога, апрача магчымасьці вярнуць суд Лінча і самым узяцца за помсту у нефункцыянальнай дзяржаве. Гэта ня толькі ўзрушэньне дзяржавы і глыбокі крызіс сьвядомасьці. Гэта знак, што вялікая частка жыхароў краіны сёньня падтрымала б арганізаваны гвалт супраць тых, хто быў бы залічаны ў ворагі. Карумпаваная і слабая дзяржава ў спалучэньні з амаль непрыхаваным сацыяльным і палітычным рэваншызмам ­ вельмі небясьпечная сумесь. Ёй бязь цяжкасьцяў мог бы скарыстацца здольны дэмагог і аўтакрат.

Дастаткова толькі паабяцаць вяртаньне сьмяротнага пакараньня ды яшчэ пазмагацца за тое, каб такое пакараньне выконвалася публічна – і выбары ў сёньняшняй Літве будуць выйграныя. А калі яшчэ маеш яснага вінаватага – “вычварэнцаў”, якія наагул усе аднолькавыя (якая там розьніца паміж гомасэксуалізмам і пэдафіліяй...), тады гора ўсім апанэнтам, якія палітыку спрабуюць зразумець як нешта трошкі больш складанае і адказнае. Сёньня ў Літве не паважаецца нічога, апрача помсты за прыніжэньне і сваю бяспраўнасьць. Гэта асноўная палітычная валюта, зь якой можна выйграць усё і расчыніць усе дзьверы. А грамадзтва не рэагуе на ніякія раздражняльнікі, апрача спалучэньня пакрыўджанага сыстэмай героя-мсьціўца і ахвяры”.