Зь перапісчыкам па хатах

14 кастрычніка распачаўся агульнанацыянальны перапіс насельніцтва, які будзе доўжыцца 10 дзён — да 24 кастрычніка. Зьвесткі пра дэмаграфічны склад і сацыяльна эканамічны стан беларусаў запісваюць як непасрэдна па месцы жыхарства, так і на стацыянарных пунктах.

Перапісны участак № 13 ў менскай школе № 24 распачаў працу а 8-гадзіне ранку. А 9-й тут ужо стаяла чарга. Больш сталыя нават блыталі перапіс з галасаваньнем. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: “Чаму вы прыйшлі на перапіс ў першы ж дзень ранкам?”

Спадар: “Для таго, каб дапамагчы людзям, якія праводзяць перапіс. І ўвогуле, гэта ж, пэўна, наш абавязак перапісацца, калі гэта робяць”.

Карэспандэнтка: “Як вашае імя?”

Юначка: “Сьвятлана мяне зваць. Я прыйшла на перапіс, бо лічу, што перапіс — гэта важна”.

Карэспандэнтка: “Ці прыходзілі да вас дахаты?”

Юначка: “Прыходзілі, але мы вырашылі прыйсьці самі”.

Карэспандэнтка: “Ці задаволеныя вы хадою перапісу?”

Спадарыня: “Задаволеныя. Сёньня ішлі галасаваць, як на сьвята”.

Пераважная большасьць людзей чакаюць перапісчыкаў дома. Студэнткі БДТУ Алена Шарфановіч і Ганна Марушка да 10 гадзіны ранку пасьпелі абыйсьці некалькі кватэраў:

Юначка: “Мы ўжо абыйшлі 4 кватэры і ўсіх там перапісалі, каго засьпелі”.

Юначка: “У большасьці выпадкаў людзі просяць прыйсьці вечарам, Але ёсьць маладыя мамы, якія дома. І гэткім чынам патрапляем у кватэры”.

Карэспандэнтка: “Значыць, вечарам вы таксама будзеце хадзіць?”

Юначка: “Так. Нам выдалі ліхтарыкі, сьвісткі, у нас ёсьць пэўныя меры бясьпекі”.

Карэспандэнтка: “Як людзі ставяцца да перапісу і да вас пэрсанальна?”

Юначка: “Добра. Усе ахвотна адчыняюць дзьверы, адказваюць на пытаньні”.

Карэспандэнтка: “Задаволеныя працай?”

Юначка: “Так. Пакуль што ніякіх праблемаў няма, так што задаволеныя”.

Кардынатар перапіснога участку Рэгіна Аўчыньнікава праводзіць перапіс стацыянарна. Яна кажа, што задаволеная першым днём працы:

Карэспандэнтка: “Першы дзень працы — як ён праходзіць?”

Аўчыньнікава: “Ёсьць вельмі вялікая адказнасьць у людзей, асабліва старэйшага пакаленьня. Вы ж самі бачыце, як людзі ідуць. Канечне, хацелася б, каб мы былі больш забясьпечаныя. Каб на кожнага перапісчыка быў ліхтарык, сьвісток, а гэтага няма. Таму, калі дзяўчат ўвечары няма, то мы хвалюемся”.

Карэспандэнтка: “Ці хапае беларускамоўных блянкаў?”

Аўчыньнікава: “Хапае, і мы людзям прапаноўваем, што калі жадаеце, то можам запаўняць па-беларуску”.

Карэспандэнтка: “Ці ахвотна людзі адказваюць на пытаньні?”

Аўчыньнікава: “Ёсьць людзі, якія не жадаюць паведамляць, дзе яны працуюць, кім яны працуюць. Кажуць — а якая вам да гэтага справа? Працую ды і ўсё”.

Карэспандэнтка: “Якую мову часьцей называюць роднай беларускую ці расейскую?”

Аўчыньнікава: “Мне вельмі прыемна, што многія роднай называюць беларускую, але дома размаўляюць па-расейску. І кажуць так, што, калі б была магчымасьць, то размаўлялі б па-беларуску. Да беларускай мовы вельмі добрае стаўленьне, і людзі з задавальненьнем і нават гонарам адказваюць, што яны валодаюць беларускай мовай”.



Зь перапісчыкам па хатах





Шпаргалка для адказу пра даходы.