“Белвіясат”. Ня блытаць зь “Белсатам”

Ад сёньня са спадарожніка "Sirius" пачаў вяшчаньне новы тэлеканал +TV, заснавальнікам якога зьяўляецца таварыства з дадатковай адказнасьцю “Белвіясат”.
Гэта трэці спадарожнікавы канал, арыентаваны на беларускую аўдыторыю ў краіне і за яе межамі, пасьля афіцыйнага “Беларусь TV” і фінансаванага з польскага бюджэту “Белсату”. Якія інфармацыйныя мэты перасьледуе новае тэлебачаньне?

На інтэрнэт-старонцы кампаніі “Белвіясат” акрэсьлены тэматычныя прыярытэты: сямейны, пазнавальна-забаўляльны і інфармацыйна-музычны тэлеканал. Удакладняецца, што + TV будзе трансьляваць “высокамастацкую і пазытыўную тэлепрадукцыю, перадачы пра гістарычную спадчыну і нацыянальную самабытнасьць беларускага народу, пра хрысьціянскія каштоўнасьці, пра здаровы лад жыцьця”.
У перапынках паміж кінасэансамі — “Песьняры” і “Крамбамбуля”...

Праўда, пакуль што нічога са згаданага ў прэс-рэлізе на экране няма. Абсалютная большасьць эфіру запоўненая старымі амэрыканскімі стужкамі і мэксыканскімі сэрыяламі. У перапынках паміж кінасэансамі — кліпы беларускіх выканаўцаў (дарэчы, сярод першаадкрывальнікаў новай тэлевізійнай прасторы — “Песьняры” і “Крамбамбуля”).

У офісе “Белвіясату” патлумачылі, што на праектныя магутнасьці канал выйдзе бліжэй да зімы, а пакуль рыхтуецца база для насычэньня праграмаў. Супрацоўніца давяла, што “Белвіясат” зьяўляецца самастойнай гаспадарчай адзінкай, не падпарадкаванай Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Па яе словах, творчае насычэньне каналу будзе адбывацца ўласнымі намаганьнямі:

“Так, усе перадачы будуць аўтарскія — нашы, уласныя, каналу + TV. Але да гэтага ідзе грунтоўная падрыхтоўка, і я думаю, што, напэўна, дзесьці ад 1 сьнежня пачнецца актыўная праца. Пакуль жа фармат такі — акцэнт на кінафільмы, на відэакліпы”.

Усе астатнія пытаньні суразмоўніца параіла адрасаваць кіраўніку каналу + TV Пятру Станкевічу, які, праўда, зьявіцца на працоўным месцы пры канцы тыдня. Таму пытаньні адносна мэтавай аўдыторыі, палітычнай лініі, супрацоўніцтва з рэжысэрамі і сцэнарыстамі, крыніцаў фінансаваньня праекту пакуль застаюцца адкрытымі.

Тым часам ужо чуюцца меркаваньні, што зьяўленьне спадарожнікавага каналу + TV не выпадковасьць, а загадзя пралічаная акцыя. Прынамсі, у той частцы, каб адцягнуць частку гледачоў ад іншага тэлеканалу — “Белсат”, які гэтаксама трансьлюецца са спадарожніка "Sirius". Наколькі апраўданыя такія падазрэньні? Вось што на гэты конт кажа кіраўнік праграмаў “Белсату”, рэжысэр-кінадакумэнталіст Яраслаў Каменьскі:

“Я ў немалой ступені пагадзіўся б з тым, што, напэўна, ён створаны ў значнай частцы дзеля таго, каб адцягнуць увагу ад “Белсату”. Але як гэта атрымаецца — права вырашаць трэба пакінуць гледачам... Зноў жа, вы ведаеце, папера ўсё вытрымае. Там можна ўсё напісаць, у тым ліку і тое, што ня будуць браць прадукцыю іншых каналаў і г.д. А калі казаць пра высакаякасную прадукцыю… Калі б мне давялося рабіць такія набыткі, то я адразу пайшоў бы на ВВС. Але ці дадуць у ВВС ім такі прадукт? Напэўна, не, таму што яны не даюць на каналы, якія не кадаваныя. А калі не кадаваны, значыць, частка высакаякаснай прадукцыі туды ня пойдзе адназначна. Таму насамрэч цікава, чым яны будуць запаўняць сетку. Але таксама шмат залежыць ад грошай і магчымасьці працаваць. Калі ім улада будзе дазваляць працу з акрэдытацыяй, то відавочна, ім будзе лягчэй працаваць у Беларусі, чым “Белсату”.

Разам з тым спадар Каменьскі кажа, што яго не асабліва хвалюе зьяўленьне патэнцыйнага канкурэнта, паколькі наўрад ці інтарэсы каналаў будуць перакрыжоўвацца. Дакладна гэтак жа, як няма нічога агульнага ў “Белсату” з афіцыйным спадарожнікавым тэлеканалам “Беларусь TV”, які па сутнасьці зьяўляецца прапагандысцкім рупарам беларускіх уладаў на замежжа:

“Сам па сабе я такой канкурэнцыі не баюся. У нас вельмі акрэсьленыя мэты, мы патроху намагаемся рухаць узровень каналу ўверх. Таму мы сваю працу будзем рабіць і надалей, а вось што будзе зь імі — проста паглядзім”.

Сыходзячы з тэхнічных парамэтраў, тэлеканалы “Белсат” і + TV — бліжэйшыя суседзі на спадарожніку "Sirius", што таксама дае падставы меркаваць пра невыпадковасьць такой “блізкасьці”.