Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску – “Заходняя Беларусь".
Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі.
Паўтор ад 28 траўня 2009 году.
Заходняя Беларусь — неафіцыйная назва беларускіх зямель, якія ў выніку польска-савецкай вайны, Рыскай дамовы 1921 году і далучэньня ў 1922 годзе Сярэдняй Літвы апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Назва ўжывалася ў процівагу ўсходняй частцы беларускага абшару — Савецкай Беларусі (БССР). Паводле пагадненьня паміж СССР і Нямеччынай і ў выніку апэрацыі савецкіх войскаў праз 17 дзён пасьля пачатку Другой усясьветнай вайны 17 верасьня 1939 году Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР.
Пра Заходнюю Беларусь існуе багата стэрэатыпаў. Паводле савецкіх хрэстаматыяў, панская Польшча захапіла беларускі абшар і вынішчала там усё няпольскае, акаталічвала і апалячвала. Паводле іншых стэрэатыпаў, у Заходняй Беларусі жылося спрадвеку лепей, культурней і сытней. І нават цяпер эўрапейскі культурны ўплыў нібыта яшчэ захоўваецца.
Вячаслаў Ракіцкі: Найперш, ці слушна мы адмерваем гісторыю Заходняй Беларусі ад Рыскай дамовы 1921 году?
Сяргей Харэўскі: Не. Бо калі браць гісторыю ХХ стагодзьдзя, дык разьдзяленьне Беларусі адбылося падчас Першай усясьветнай вайны. Ужо ў 1915 годзе палова краіны было акупавана нямецкімі войскамі і іх саюзьнікамі. Такім чынам, рэальны падзел, у выніку якога перарваліся многія гаспадарчыя, культурны ды й чалавечыя повязі, адбыўся за 6 гадоў да польска-савецкіх пермоваў у Рызе.
Ракіцкі: 6 гадоў — таксама нямала… А што істотнага зьмянілася ў жыцьці Заходняе Беларусі за часы першай нямецкай акупацыі?
Харэўскі: Беларушчына перарасла з асьветна-культурніцкага праекту ў палітычна-дзяржаўны. На тэрыторыі, што адышла да Нямеччыны, выходзіла беларуская прэса, без цэнзуры ладзіліся мастацкія выставы, свабодна ствараліся беларускія клюбы, бібліятэкі, школы. Калі ж у 1917 годзе адбыўся бальшавіцкі пераварот, дык жыхары беларускіх абшараў імкліва пачалі самаарганізоўвацца, і ідэя ўласнай беларускай дзяржавы стала рэалістычнай.
Ракіцкі: То бок, прыход палякаў можна таксама называць акупацыяй?
Харэўскі: Так. Зрэшты, так гэта называюць літоўцы і ўкраінцы.
Цалкам перадачу чытайце ТУТ.