Івянец: у Доме польскім перапісалі прасьціны і падушкі

Польскі дом у Івянцы.

12 кастрычніка ў Доме польскім у гарпасёлку Івянец Валожынскага раёну Менскай вобласьці перапісалі ўсе крэслы, шафы, сталы і нават падушкі і прасьціны ў спачывальным пакоі.
Інвэнтарызацыю рабіла Ганна Пшанко зь фінансавага аддзелу райвыканкаму, разам зь ёй прыбыў супрацоўнік міліцэйскай групы па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Распараджэньне аб рэвізіі выдаў падпалкоўнік валожынскай міліцыі Шакун. У паперы гаварылася аб тым, што на падставе часткі ІІ артыкула 103 Працэсуальна-крымінальнага кодэксу РБ неабходна высьветліць: ці набываліся “таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці, калі так, то якія менавіта і на якую суму. Ці лічацца яны на балянсе Івянецкага аддзелу Саюзу палякаў, а калі не, то на падставе якіх дакумэнтаў адбылося іх сьпісаньне. У выпадку, калі мела месца такое сьпісаньне, то ці абгрунтавана яно было зроблена?”

Зьлева Тэрэса Собаль, справа Ганна Пшанко.
Падставай для такіх захадаў з боку ўладаў стаў ананімны ліст, які ў паперы, падпісанай падпалкоўнікам Шакунам, названы ў адным месцы “калектыўным лістом”. У гэтым лісьце — закіды супраць старшыні Івянецкага аддзелу СПБ і дырэктара Дому польскага Тэрэсы Собаль. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што яна дапусьціла парушэньні ў фінансава-гаспадарчай дзейнасьці.

Між іншым, частка мэблі і аргтэхнікі, якія знаходзяцца ў карыстаньні ў Доме польскім, атрыманы ў арэнду ад польскай амбасады ў Менску. Будынак дому — гэта былы унівэрмаг пабудовы 1958 году, ён стаяў безгаспадарча, пакуль у 2003 годзе грошы на яго набыцьцё і рамонт не выдзеліла “Вспульнота польска”.

Сьледчы Іван Савіцкі.
У другой палове дня ў Дом польскі прыехаў сьледчы Іван Савіцкі з Маладэчна з упраўленьня дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Менску і Менскай вобласьці. Ён узяў частку падаткавых дакумэнтаў. Потым зьявіўся старшыня Івянецкага пасялковага выканкаму Сяргей Рэут з участковым. Кіраўнік мясцовай улады хацеў высьветліць — навошта ў Дом польскі прыехалі журналісты, у прыватнасьці, з Радыё Рацыя, зь якой мэтай яны здымаюць і запісваюць інтэрвію.

Старшыня Івянецкага пасялковага выканкаму Сяргей Рэут.
Яшчэ пазьней з Валожына прыбыла машына зь міліцыянтамі, якія спраўдзілі пашпарты, у прыватнасьці, у Мечыслава Яскевіча і Андрэя Пачобута — дзеячаў незарэгістраванага Саюзу палякаў, якія прыехалі ў Івянец падтрымаць сваіх паплечнікаў.

Спадар Пачобут патлумачыў нашаму Радыё, што Івянецкі аддзел па-ранейшаму падтрымлівае Анжаліку Борыс, а мясцовы Дом польскі — адна з трох такіх пляцовак у Беларусі, дзе не прызнаваны беларускімі ўладамі Саюз палякаў захаваў свой уплыў:

Машына валожынскіх міліцыянтаў.
“У сувязі з тым, што на Беларусі адбываецца так званая лібэралізацыя, праблемы ўжо не вырашаюцца як у 2005 годзе, калі высылалі АМАП і АМАП сілай займаў Дамы польскія, так як гэта было, напрыклад, у Горадні. Цяпер улады высылаюць органы фінансавага кантролю, і мэта гэтых праверак -- змусіць сяброў Саюзу палякаў, каб яны перайшлі ў праўладную структуру.

Сёньня я стаў сьведкам — спачатку адна праверка, праз паўгадзіны другая, потым прыходзіць старшыня пасялковага савету і аказвае ціск на сяброў Саюзу палякаў. Для мяне зразумела, што мы павінны шмат увагі, як структура Саюзу палякаў, зьвярнуць на Івянец, на падзеі, якія там адбываюцца. Тое, што па гэтай праверцы, якая праводзіцца на падставе ананіма, ужо дапытана больш за 100 чалавек, гэта сапраўды уражвае”.