Канец крызісу? Толькі не ў Беларусі

Ці можна сказаць, што сусьветны крызіс пайшоў на спад і ўрады ўжо могуць згортваць антыкрызісныя захады? Ці супадае беларускі графік крызісу з сусьветным? Беларусь увайшла ў крызіс пазьней — ці значыць гэта, што яна яшчэ не дасягнула дна? Ці ўдасца беларускай эканоміцы “праскочыць” крызіс без кардынальных рэформаў?

Гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць эканаміст Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык, выкладчык Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандар Кавалёў і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Чуткі пра сьмерць крызісу моцна перабольшаныя


Віталь Цыганкоў
Цыганкоў
: 1-2 кастрычніка міністры фінансаў эўрапейскіх краінаў на сустрэчы ў швэцкім горадзе Гэтэборгу вырашалі, ці варта ўжо згортваць антыкрызісныя праграмы. Эўракамісія мяркуе, што пачаць можна было б у 2011 годзе, бо ў 2010 годзе рост эканомікі ў Эўропе павінен аднавіцца. Эўропа пачынае думаць, як скарачаць даўгі, якія рэзка вырасьлі за кошт антыкрызісных праграмаў. Яшчэ адзін факт: дырэктар МВФ Дамінік Строс-Кан заявіў, што аднаўленьне глябальнай эканомікі “сапраўды пачалося”, але крызіс яшчэ ня скончаны. Ці згодныя вы з такімі аптымістычнымі ацэнкамі, ці лічыце вы, што крызіс сапраўды пайшоў на спад?

Злотнікаў: Я нагадаю, што нядаўна Джордж Сорас заявіў, што будзе другая фаза крызісу яшчэ і ў наступным
Леанід Злотнікаў
годзе. І ў наступным годзе, паводле Сораса, будзе зафіксаваны спад сусьветнай эканомікі. Але ў любым выпадку — будзе другая фаза крызісу ці не — я лічу, што прыкметнага эканамічнага росту сусьветнай эканомікі (напрыклад, звыш 3 працэнтаў) ня будзе шмат гадоў.

Кавалёў: Я, на жаль, ня менш пэсымістычны. На маю думку, праблема ў тым, што эканамічная навука так і не адказала на пытаньне пра прычыны гэтага крызісу і рэцэсіі. Я не сустрэў ніводнай сур’ёзнай манаграфіі пра тое, што выклікала такую вялікую рэцэсію, якую параўноўваюць зь Вялікай Дэпрэсіяй 30-х гадоў.

Аляксандар Кавалёў
І ніхто не прадказаў гэты крызіс. Тыя прадпрымальнікі, што працуюць у бізнэсе толькі апошнія 10-15 гадоў, наогул ня верылі, што такое магчыма. І калі няма адказаў на галоўнае пытаньне, як можна казаць і пра прагнозы на будучыню, і пра тое, ці варта згортваць антыкрызісныя праграмы.

Але ці сапраўды гэтыя захады былі антыкрызіснымі? Калі мы ўжо згадалі Сораса, то ён выводзіць галоўнай прычынай крызісу залішнюю грашовую масу, якая пайшла на фондавыя рынкі. Калі гэта прычына, то ўсе антыкрызісныя захады, якія толькі павялічвалі грашовую масу, пагаршалі сытуацыю?

Цыганкоў: Але можа, крызіс — гэта звычайная цыклічная зьява? Яна адбываецца кожныя, напрыклад, 10 гадоў, на гэты раз ударыла трошкі мацней чым звычайна.. Адбылося тое, што павінны было адбыцца, — і прайшло?

Кавалёў: На маю думку, калі нават крызісы і адбываюцца цыклічна, то эканамічная навука павінна шукаць нейкія тлумачэньні, чаму гэтая цыклічнасьць існуе. Ніхто яшчэ не абверг “boom and bust cycle” тэорыю, якая больш за сто гадоў выводзіць прычыны рэцэсіі да зьмяненьняў грашовай масы.

Цыганкоў: Аляксандар Чубрык, ці лічыце вы, што сусьветны крызіс пайшоў на спад, ці варта давяраць аптымістычным заявам?

Чубрык: Тое, што адбываецца зараз, — гэта толькі зьмяншэньне тэмпаў рэцэсіі, бо казаць пра тое, што аднавіўся рост, яшчэ зарана.
Аляксандар Чубрык
Казаць, што эканоміка дасягнула дня крызісу, можна было б толькі тады, калі б пачаўся рост. Я думаю, што такая станоўчая рыторыка з боку МВФ і Фэдэральнай Рэзэрвовай Сыстэмы хутчэй грунтуецца не на нейкіх дадзеных, а на псыхалягічных чыньніках. Гэтая рыторыка зьвязана, відаць, з тым, што калі чалавек спадзяецца на нешта лепшае, то ён тым самым і набліжае гэта лепшае. Калі сур’ёзныя арганізацыі пачынаюць даваць такія прагнозы, то гэта можа зрабіць больш аптымістычным бачаньне людзей, інвэстараў.

Што да эўрапейскіх заяваў, што, магчыма, варта ўжо скасоўваць праграмы падтрымкі, то тут пакуль ніякага пагадненьня не было дасягнута. Проста сказалі, што, можа, і трэба гэтыя праграмы адмяніць з 2011 году, але шмат хто не пагадзіўся, таму ніякай даты і ня вызначылі. На маю думку, гэта сьведчыць, што ніхто яшчэ ня верыць у хуткі выхад з крызісу. Бо калі ў 2010 годзе рост адновіцца, навошта захоўваць праграмы падтрымкі? Можна было б іх ужо скасаваць — а тут іх ня хочуць скасоўваць нават для 2011 году.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што спрацавалі антыкрызісныя праграмы?

Чубрык: Калі мець на ўвазе тое, што гэтыя праграмы паспрыялі таму, што спад аказаўся не такім глыбокім, — то з гэтага гледзішча яны былі эфэктыўнымі. Бяз гэтых грошай спад быў бы глыбейшым. Калі казаць пра нейкія доўгатэрміновыя рэчы, то калі падтрымліваюцца прадпрыемствы, то тым самым адкладаецца іх неабходная рэструктурызацыя. Бо ў іх няма такіх моцных стымулаў рэструктурызавацца, якія ёсьць, калі няма вонкавых крыніц падтрымкі. З гэтага пункту гледжаньня тыя праграмы падтрымкі былі кепскімі для эканомікі.

Калі прызямляць гэта на беларускую глебу, то можна спытаць, ці трэба было Нацбанку так актыўна падтрымліваць беларускія банкі. Ба Нацбанк даволі шмат грошай на гэта выдаткоўваў, і гэта нібыта кепска, бо мае вялікі інфляцыйны патэнцыял, і ніяк не спрыяе аздараўленьню фінансавай сыстэмы. Але зь іншага боку, калі б гэтага не было, магчыма, адбыўся б больш глыбокі крызіс у эканоміцы і адмоўныя наступствы былі б мацнейшыя.

“Эканамічны сыстэмны крызіс у Беларусі пачаўся яшчэ да сусьветнага”


Цыганкоў: У Беларусі, паводле распаўсюджанага меркаваньня, крызіс пачаўся пазьней, бо не было фінансавай фазы крызісу. Ці азначае гэта, што крызіс у Беларусі і пазьней скончыцца, і што Беларусь не прайшла яшчэ кропку падзеньня. Цікава, што падзеньне ВУП пачалося тут, паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі летам. Самы горшы месяц быў жнівень. Атрымліваецца, што Беларусь толькі падыходзіць да
Мы не атрымалі яшчэ ўсяго, што можа быць. Наш крызіс наперадзе.
дна?

Кавалёў: Мы не атрымалі яшчэ ўсяго, што можа быць. Наш крызіс наперадзе, і будзе ён зьвязаны не з дынамікай сусьветнага крызісу, а з тымі інстытуцыянальнымі пераменамі, якія мы павінны рабіць, каб не застацца назаўжды на ніжэйшым узроўні эканомікі. Гэтыя неабходныя зьмены пацягнуць за сабой дадатковы шлейф нэгатыўнага ўзьдзеяньня на ВУП.

Цыганкоў: А ці магчыма, каб Беларусь праскочыла крызіс бяз гэтых зьменаў, іншымі словамі — без рэформаў. Здаецца, улада ўжо пераконвае, што самае страшнае адзаду, і што Беларусі з-за сыстэмы дзяржаўнага рэгуляваньня якраз і ўдалося праскочыць крызіс з найменшымі стратамі. Што вы на гэта скажаце?

Кавалёў: Ну хаця б тое, што днямі кіраўнік Дзяржмаёмасьці спадар Кузняцоў услых сказаў, што прыватызацыя і акцыянаваньне не адно і тое ж. Гэта азначае, што неабходнасьць прыватызацыі абмяркоўваецца ў беларускім урадзе. Гэта значыць, што асэнсаваньне тых зьменаў, якія трэба рабіць, ужо ёсьць. Таму пры ўсім “пазытыўным” шчасьці дзяржаўнага рэгуляваньня сам урад разумее, што трэба рабіць гэтыя інстытуцыянальныя зьмены.

Цыганкоў: Леанід, ці мае Беларусь уласны графік крызісу і як ён супадае з сусьветным?

Злотнікаў: Па-першае, адзначым, што эканамічны крызіс у Беларусі пачаўся яшчэ да таго, як да нас дайшла першая хваля фінансавага крызісу. Я ўжо неаднойчы прыводзіў прыклады, што зьніжэньне попыту на нашы тэлевізары пачалося яшчэ ў 2006 годзе. Яшчэ да крызісу пачаўся спад попыту за мяжой на нашы рухавікі, грузавікі і гэтак далей. Шмат прыкладаў, дзе мы бачым, што беларуская эканоміка страчвалі высокатэхналягічныя і сярэднетэхналягічныя галіны. Яны выміралі, можна сказаць. Дзе станкабудаваньне, дзе “Інтэграл”, дзе вылічальная тэхніка? Гэта крызіс усёй сыстэмы, нерэфармаваная эканоміка страчвала сваю канкурэнтназдольнасьць паступова, дзень за
Сусьветны крызіс толькі падштурхнуў беларускі, які мы назіраем даўно.
днём. Сусьветны крызіс толькі падштурхнуў беларускі, які мы назіраем даўно.

Мы яшчэ не дасягнулі дна. Я думаю, што калі лічыць па ВУП альбо даходах насельніцтва, гэтае дно яшчэ наперадзе — у канцы гэтага году альбо пачатку наступнага. Мы не дасягнулі дна, бо ўвесь час падтрымлівалі эканоміку коштам замежных пазык. Але пазыкі могуць скончыцца, і яшчэ больш будзе страчана канкурэнтаздольнасьць прамысловасьці.

Калі ўсе краіны імкнуцца выходзіць з крызісу за кошт таго, што ў іх адбываюцца і тэхналягічныя зьмены, і зьмены ў кіраваньні прадпрыемствамі — а ў Беларусі нічога такога не адбываецца. Гэта значыць, што мы і далей будзем страчваць узровень жыцьця. І я ня бачу выхаду, калі ня будзе зьмененая ўся гэтая беларуская мадэль.

Беларуская мадэль — “давай працаваць на склад”


Цыганкоў: Але ўлады кажуць, што менавіта беларуская мадэль, дзяржаўнае кіраваньне эканомікай — гэта тое, да чаго зараз прыходзяць і ў Эўропе..

Злотнікаў: Кіраваць можна па-рознаму, я кажу пра эфэктыўнасьць гэтага кіраваньня. Калі пачаўся крызіс, ва ўсіх краінах адразу ж і зьніжалася вытворчасьць, бо зьнізіўся попыт. Беларуская мадэль — “давай працаваць на склад”. Напрацавалі на склад, грошы паклалі “на склад”, што рабіць далей? Давай прадаваць. Які ўрад у сьвеце займаецца тым, як разгрузіць склады? Ня тым, як палепшыць кіраваньне эканомікай, а як склады разгрузіць.

Ці іншы прыклад. Замест таго, каб зьнізіць затраты рэсурсаў на невытворчыя сфэры, зрабілі жыльлёвае будаўніцтва “лякаматывам выхаду з крызісу”. Што гэта значыць? Апошняя валюта пойдзе ў гэтыя сьцены, падлогі, а потым ня будзе за што рэфармаваць эканоміку, купляць
Памылка за памылкай і ніякага разуменьня, што рабіць.
новыя тэхналёгіі. Памылка за памылкай і ніякага разуменьня, што рабіць. Як пісаў Леанід Заіка — “як на пажары, хапай, што першае вынесьці”.

“Эканамічны рост у Беларусі пачнецца праз поўгады-год пасьля пачатку росту сусьветнай эканомікі”


Чубрык: Чаму ў Беларусі крызіс пачаўся пазьней, гэта вядома, пра гэта шмат пісалі. Шмат грошай пазычалі, праводзілі палітыку, якая мела на мэце проста адкладаньне падзеньня эканомікі. Таму рэцэсія ў Беларусі пачалася пазьней, падзеньне пачалося ў другім квартале, піку дасягнулі ў жніўні. Але, вядома, гэта не канец падзеньня. Беларусь чакае далейшая рэцэсія. Вонкавы попыт на нашу прадукцыю як зрабіўся нізкім, гэтак нізкім і застаецца.

Нейкага выйсьця з крызісу расейскай эканомікі пакуль не адбываецца, так што попыт там на беларускія тавары не павялічыцца. А ўнутраны попыт Беларусь ня можа стымуляваць, як гэта могуць сабе дазволіць ЗША ці Эўразьвяз. Бо калі беларускі ўрад пачне друкаваць беларускія рублі, то яны адразу будуць накіраваныя на валютны рынак, а не на тавары. Таму нас чакае далейшае падзеньне.
Нас чакае далейшае падзеньне.


Цыганкоў: Але можа варта было б спадзявацца, што станоўчыя тэндэнцыі ў сьвеце могуць дапамагчы экспартаарыентаванай Беларусі? Маўляў, калі Эўразьвяз і пазьней Расея выкараскаюцца, то пачнуць больш актыўна купляць беларускую прадукцыю..

Чубрык: Вядома, калі сусьветная эканоміка пачне расьці, то гэта бузе спрыяць і эканамічнаму росту ў Беларусі. Але, як я ўжо казаў, пакуль ёсьць толькі аптымістычныя словы, але няма аптымістычных тэндэнцыяў. Проста сусьветная эканоміка зараз падае больш павольна. Але, нават калі яна пачне расьці, у Беларусі застануцца вялікія праблемы з фінансаваньнем вонкавага дэфіцыту гандлю. Я думаю, што эканамічны рост у Беларусі пачнецца праз поўгады-год пасьля пачатку росту сусьветнай эканомікі

“Даходы насельніцтва за год панізяцца на 10 працэнтаў”


Цыганкоў: Ваш прагноз, якімі могуць быць паказьнікі ВУП Беларусі на каней гэтага году?

Кавалёў: Я думаю, што па выніках году будзе зафіксавана падзеньне ВУП. Магчыма, па той самай прычыне, пра якую казаў спадар Злотнікаў, — залішняе дзяржаўнае рэгуляваньне, перапоўненыя склады. Калі нават пачнецца рост у Эўропе і павысіцца попыт на нашу прадукцыю, мы спачатку ня здолеем павысіць аб’ёмы вытворчасьці, а будзем прадаваць тое, што ляжыць на складах.

Таму ў гэтым годзе будзе падзеньне мінус 1-1,5 працэнты. А ў наступным — каля нуля ў лепшым выпадку.

Але галоўная праблема цяпер — гэта недахоп капітальных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку. Лепш бы ўрад увогуле не займаўся тым, што павінны рабіць дырэктары прадпрыемстваў, а займаўся бы нейкімі макраэканамічнымі рэчамі, прававымі актамі адносна інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі

Злотнікаў: Лічыць можна па-рознаму. Паказьнікі ВУП не працуюць для Беларусі, яны ня тое паказваюць, бо міжнародныя мэтодыкі разьлічаныя на свабодныя рынкавыя цэны. А іх няма ў Беларусі, таму гэтыя паказьнікі мала што каштуюць.

Калі ўзяць даходы насельніцтва, то я магу сьцьвярджаць, што яны панізяцца ў студзені наступнага году да студзеня гэтага году каля 10 працэнтаў. Дарэчы, і рэальны ВУП панізіцца каля 10 працэнтаў. І я гэта гатовы даказаць.