Эўрарадыё непажаданае ў эфіры Рэспублікі Беларусь

Пасьля чатырох месяцаў існаваньня прыпынены сумесны праект “Эўрапейскага радыё для Беларусі” і “Аўтарадыё” пад назвай “ЭўраZOOM”.
Пасьля атрыманага папярэджаньня ад Міністэрства інфармацыі зацікаўленыя бакі вырашылі вытрымаць паўзу і разабрацца — у чым сапраўдная прычына незадавальненьня кіраўніка ведамства Ўладзімера Русакевіча? Менавіта міністэрскі подпіс стаіць пад пагрозай ануляваць права на эфірнае вяшчаньне “Аўтарадыё”, на хвалях якога і вялася трансьляцыя.

Інтэрнэт-старонка “Эўрарадыё” паведамляе: “ЭўраZOOM” — сумесны праект, пабудаваны на эўрапейскіх паралелях, які робіцца пры падтрымцы Эўракамісіі ў рамках новай палітыкі Эўразьвязу і Беларусі. Гадзінную праграму складалі навіны, рэпартажы і музыка. Генэральны дырэктар “Аўтарадыё” Юрый Базан кажа, што Міністэрства інфармацыі выявіла ў сумесным праекце разыходжаньне з творчай канцэпцыяй:
Няма спасылкі ні на што, а проста канстатацыя: вы парушылі і мы вас папярэджваем. ...

“Сапраўды, яны запатрабавалі так званы маніторынг, файлы праграмы за 28 верасьня. А 29-га вынесьлі папярэджаньне, прычым, незразумела наконт чаго. Але паколькі запатрабавалі якраз гэту праграму, то, трэба меркаваць, што ў нечым вінаватая менавіта яна. Мы, у сваю чаргу, зрабілі запыт наконт папярэджаньня з просьбай патлумачыць: у чым мы вінаватыя і што ўвогуле парушылі? Бо няма ў папярэджаньні парушэньня. Няма спасылкі ні на што, а проста канстатацыя: вы парушылі і мы вас папярэджваем. За што, як — не зразумела. Ня ведаю, у чым сапраўдная прычына, таму не хачу зараз рабіць нейкія высновы, пакуль не атрымаю хоць якіясьці адказы. Тое сярэдняе зьвяно, якое рыхтавала дакумэнты, маўчыць — гэта аддзел электронных СМІ. Не бяруць на сябе сьмеласьць нешта адказаць”.

На спробу Радыё Свабода атрымаць камэнтар па сытуацыі вакол “Эўрарадыё” і “Аўтарадыё” ва ўпраўленьні электронных СМІ адказалі: ніякіх тлумачэньняў ня будзе. Сваё меркаваньне адносна інтарэсу чыноўнікаў да сумеснага праекту выказвае праграмны дырэктар і кіраўнік праўленьня “Эўрапейскага радыё для Беларусі” Зьміцер Новікаў:
у якой ступені беларускія ўлады гатовыя пайсьці ў бок дэмакратызацыі ...

“Стан які? Зразумела, што мы хацелі б, каб сытуацыя вярнулася назад, каб можна было зноў трансьляваць гэтую праграму. А так, у прынцыпе, наша пазыцыя такая: для нас гэта тэст беларускім уладам — наколькі яны зараз, калі вядуцца актыўныя перамовы з Захадам, з Эўропай, у якой ступені беларускія ўлады гатовыя пайсьці ў бок дэмакратызацыі. І ў першую чаргу ў СМІ. Гэта для нас вельмі паказальны тэст”.

Карэспандэнт: “Праграма існавала ў розным фармаце цягам усяго лета і напачатку восені. Але цягам чатырох месяцаў чамусьці не чапалі…”.

“Трэба запытацца ў Міністэрстве інфармацыі ў першую чаргу. Але я так думаю, што тыя людзі, якія даюць ім загады, проста ня ведалі, што такая сытуацыя мае месца. Што наша праграма выходзіць на хвалях “Аўтарадыё”. І калі яны даведаліся, відаць, быў дадзены загад разабрацца з гэтай праблемай. Тым больш, што мы ўжо чатыры месяцы таму падалі дакумэнты на акрэдытацыю нашага прадстаўніцтва на тэрыторыі Беларусі. Заўтра выходзіць ужо другі тэрмін, калі мы будзем ведаць, зарэгіструюць нас ці не. Пабачым, бо таксама цікава: гэтыя працэсы ўсё ж адбываюцца паралельна”.

Юрый Базан паведаміў, што да запыту ў Міністэрства інфармацыі прыкладзеная копія ліста кіраўніка прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску Жана-Эрыка Хольцапфэля аб падтрымцы праграмы “ЭўраZOOM”. Аташэ прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску Яніс Айзсалніекс кажа, што ў прадстаўніцтве ведаюць сытуацыю і сочаць за яе разьвіцьцём, але пра нейкія высновы пакуль гаворка не ідзе:

“Так, мы супрацоўнічаем з “Эўрарадыё”, у нас ёсьць зь імі праект. Але ў дэталях нават не магу вам сказаць, што канкрэтна стала прычынай непаразуменьня. Мы ведаем, што там адбылося, але пра нейкія падрабязнасьці зараз казаць не выпадае. Мы, вядома, назіраем, як разьвіваецца сытуацыя, але пакуль у нас няма ніякіх камэнтароў наконт гэтага пытаньня”.

У сваю чаргу, Юрый Базан не выключае, што шукаць справядлівасьці давядзецца ў судзе:
ў любым выпадку тады давядзецца вырашаць у судзе, калі яны самі гэта не адкруцяць назад ...

“Так, нейкі час давядзецца чакаць, але калі ня будзе аргумэнтаванага адказу, то мне ў любым выпадку давядзецца ісьці ў суд і патрабаваць адмены гэтага папярэджаньня. Вельмі ўсё заблытана, паколькі само папярэджаньне вынесена на падставе пастановы Савета міністраў аб правядзеньні конкурсу. У законе аб друку няма такіх момантаў, на якія яны спасылаюцца, там вельмі канкрэтна напісана, за што можна атрымаць папярэджаньне. Міністэрства інфармацыя пашырае закон на нейкія падзаконныя акты 2003 года, якія не прыведзены ў адпаведнасьць з законам аб друку. То бок, гэта якісьці анахранізм. Спрэчку ў любым выпадку тады давядзецца вырашаць у судзе, калі яны самі гэта не адкруцяць назад”.

У папярэджаньні Мінінфармацыі пазначана: да 1 кастрычніка “Аўтарадыё” мусіць зрабіць захады на выкананьне заяўленай творчай канцэпцыі і нагадала пра магчымасьць ануляваньня ліцэнзіі. Каб не рызыкаваць усім праектам, да атрыманьня дадатковага тлумачэньня з Мінінфармацыі, было вырашана спыніць выхад праграмы.