“Мы не палякі – палітыкай і рэлігіяй беларусаў не аб’яднаць”

Алег Рудакоў

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Алег Рудакоў


“Жыцьцё правяла ў беларускім анклаве, а – “русская” яна!”


"Напачатку коратка – мовай лічбаў: што такое – Прысаяньне, Прыбайкальле альбо Іркуцкая вобласьць па тэрыторыі?


"Тэрытарыяльна – гэта Ўкраіна, Беларусь, Прыбалтыка і яшчэ Фінляндыю прыхапіце. Аднак жывуць на гэтым “матэрыку” крыху менш за тры мільёны чалавек".

...І сярод іх беларусаў?

"Па дакумэнтах дзесьці каля 50 тысяч, хоць насамрэч значна больш: проста шмат хто ўжо запісваюцца “рускімі”. І ня толькі маладыя. Прыяжджаю ў адну вёску. Бабулька на добрай такой трасянцы кажа: “Вось сястра мая беларуска, а я дык руская!” – “Як гэта: бацькі, маці розныя?” – “Ды не: яна ў Беларусі нарадзілася – таму, а я ўжо тут сьвет пабачыла! Вось і руская”. Хоць усё жыцьцё правяла ў аддаленым беларускім анклаве."

Алег Рудакоў. Яму сорак гадоў. Нарадзіўся ў полацкай вёсцы Бязьдзевічы. Закончыў ваеннае вучылішча, а пасьля арміі – гістфак Іркуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1996-м стварыў і ўзначальвае дагэтуль “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”. Яно – буйнейшае сярод сарака нацыянальна-культурных утварэньняў у рэгіёне і адно зь лепшых у Расеі сярод беларускіх.

"Колькі ў рэгіёне, дарэчы, беларускіх вёсак?"

"Асабіста я налічыў 47. Але адмысловых дасьледаваньняў тут ніхто з уладаў не праводзіў. Званю – адказваюць:”Беларускія паселішчы ў нашым раёне? Ну, можа і ёсьць... Хахлы дакладна нейкія жывуць...” Ага – як “хахлы”, то ўжо добры знак. Прыяжджаю ў тую глухамань, а вяскоўцы наперабой: “Не, мы не хахлы – зь Беларусі!”

"А калі наагул Сыбір уведала нашых землякоў?"

"Першыя зьвесткі датуюцца канцом 17-га стагодзьдзя. А найбольш масавае перасяленьне было падчас сталыпінскіх рэформаў."

"Гэта дзесьці якраз гадоў сто таму?"

"Так: з 1902 па 1912 год."

“Нобэля нам ня мець, пакуль Беларусь не ў аўтарытэце між дзяржавамі”


"Пераходзім да сучаснасьці. Ці праўда, што ў Іркуцку ёсьць цалкам беларускія дыскатэкі? Каго менавіта з выканаўцаў любяць у Прыбайкальлі?"

"Штомесяц ладзім тэматычныя “Вячоркі”. На іх звычайна карыстаюцца посьпехам запісы гурту “Стары Ольса”, розныя ансамблі народнай песьні – “Рэй”, напрыклад. А дыскатэкі – раз у квартал. Але на іх ужо прыходзяць і шмат небеларусаў: цікавяцца. Да трохсот чалавек зьбіраюцца! Фольк-мадэрн наш цэняць: скажам, “Палац”, пад сёе-тое з “Крамы” можна патанчыць... Хоць па праўдзе – сучаснай танцавальнай музыкі не хапае, ёсьць над чым кампазытарам папрацаваць. Між іншым, у нас вельмі добрыя каналы набыцьця дыскаў, самых апошніх запісаў, таму цьвярджу тое зь веданьнем справы."

"Ну а кніжкі якіх беларускіх аўтараў найбольш папулярныя ў вас?"


"Адама Багдановіча, Кіркора, Яўхіма Карскага... З больш сучасных – кніга “Беларуская міталёгія”, дасьледаваньні Ўладзімера Арлова, Генадзя Сагановіча. З мастацкіх твораў, безумоўна, на першым месцы тут чытаюць Васіля Быкава. Дарэчы, бібліятэка ў нас дужа добрая."

"На гэтым тыдні пачынаецца прысуджэньне Нобэлеўскіх прэмій. Што думаеце пра беларускія шанцы?"

"Тут рэч ня толькі ў таленце – хутчэй значэньне мае геапалітыка... І пакуль сама дзяржава Беларусь знаходзіцца, скажам так, не ў аўтарытэце, то нашым беларускім пісьменьнікам цяжка прабівацца наперад. Так, у Іркуцку куды больш паважліва ставяцца да Літвы ці той самай Ўкраіны... Таму, у прыватнасьці, што яны актыўна прэзэнтуюць сябе праз свае дыяспары."

"А вашая суполка, як я зразумеў, наадварот – не адчувае дапамогу мэтраполіі ў параўнаньні зь іншымі нацыянальна-культурнымі аб’яднаньнямі?"

"Няма на дзяржаўным узроўні ніякіх праграмаў і мерапрыемстваў. А ў Польшчы, Літвы, Нямеччыны, ня кажучы ўжо пра Ізраіль, ёсьць мэтанакіраванае фінасаваньне, канкрэтныя пляны прэзэнтацыі сваіх дзяржаваў, якія пасьпяхова рэалізуюцца. А мы ж кінутыя фактычна на самавыжываньне. Зразумела, у такіх умовах цяжка заангажаваць мясцовую эліту, уплывовых палітыкаў. Хоць пэўныя посьпехі мы маем."

"Дарэчы, а ці ёсьць факты нэгатыўнага стаўленьня тамтэйшых ўладаў, нейкіх грамадзкіх суполак да беларускага руху ў Сыбіры?"

"Не, выразнага нэгатыву не адчуваем. Хаця ёсьць Цэнтар расейскай культуры, які троху ставіцца да нас, скажам так, падазрона... Ну, адпаведна, і так званыя “ўра-патрыёты” – іх тут шмат: “Вы ж, беларусы, гэткія самыя рускія, дык што адасабляцца – давайце разам!” – “Не, у нас свой погляд, свая гісторыя, свая культура...”

“Ды якая там у нас культура? Адно – бульба... Не, да Расеі далёка!”


"Спадар Алег, ваш аптымістычны досьвед беларусізацыі Іркуцку сьведчыць: беларусаў усё ж можна арганізаваць. Што найперш трэба для таго?"

"Нас аб’ядноўвае не палітыка і не рэлігія, як, напрыклад, палякаў, а – мова. І яшчэ – традыцыя. І як толькі чалавек пачынае ганарыцца тым, што ён беларус, у яго более жаданьня аб’яднацца і ўжо разм абараняць інтарэсы сваёй культуры, абараняць інтарэсы свайго народу. Вось такіх я найбольш сустракаю сярод новага пакаленьня. А ад выхаваных за савецкім часам чую звычайна заежджаную кружэлку: “Ай, ну што там у нас? Адно – бульба... Сьмеху варта! Не, не, наша культура гэта... Ёсьць нешта, але ня тое, не маштабнае, ерунда, адным словам...” Для такіх існуе толькі “великий и могучий русский”, а сваёй мовы яны ня проста цураецца – саромеюцца размаўяць на ёй... Так што найперш важна выхоўваць гістарычна, адукоўваць нашага чалавека – каб ён ганарыўся Бацкаўшчынай. І перш заўсё тое варта рабіць праз традыцыю, праз сваю культуру і праз сваю нацыянальную годнасьць."

"Калі вашыя людзі ў нацыянальных строях сустракалі нядаўна ў Іркуцку прэм’ера Сідорскага – хоць ад кагосьці зь беларускай дэлегацыі чулі беларускую мову?"


"Ва ўсім нацыянальным мы прэзэнтавалі яму бачонак омуля і мяшэчак кедравых арэхаў, пасьпявалі беларускія песьні, а затым я зьвярнуўся да яго зь беларускім вітаньнем. То ў выніку спадар прэм’ер спачатку нават разгубіўся: як гэта – ці ня ў Гомель ён прыехаў або яшчэ некуды па суседзтву... Я так, безумоўна, жартую, але, гм, больш ніхто з дэлегацыі да нас не падышоў, не павітаўся з намі. Хаця потым казалі, нібыта міністар культуры быў тут ужо за дзень да прыезду прэм’ер-міністра – бачыце, як быццам нас і няма! А вось як літоўскія, украінскія афіцыйныя дэлегаацыі прыяжджалі, дык у абавязковым парадку ладзілі сустрэчы з дыяспарамі."

“На сёньня наш народ пакуль што зьнівеліраваны”


"Што адрозьнівае жыхара Беларусі ад патрыёта Беларусі?"

– Жыхар Беларусі проста жыве тэрытарыяльна, яму цікавая краіна, дзяржава ў тым сэнсе, каб была танная каўбаса, машыны па меншай растаможцы... А патрыёт Беларусі, паўтару, па-першае, будзе ганарыцца сваёй мовай, па-другое. – сваёй гісторыяй і традыцыяй, па-трэцяе, гэтыя гісторыю і традыцыі ён павінен прапагандаваць. Беларускі патрыёт – такі чалавек, які мусіць мець моцную ўпэўненасьць і жаданьне абараняць інтарэсы свайго народу.

Аднак на сёньня наш народ пакуль што зьнівеліраваны. Наш народ пакуль што не паважаюць фактычна нават суседнія. Паглядзіце праўдзе ў вочы: тыя самыя Польшча з Расеяй. Мне здаецца, на бытавым узроўні мэнталітэт пакуль прыніжае беларуса. Палякі кажуць: “Беларусы – гэта такія самыя палякі, толькі трошкі абруселі”, а рускія ў сваю чаргу заяўляюць: “Ды гэта ж такія самыя рускія, толькі трошкі апалячыліся”...

Вось і ўсё... Праўда ў тым, што на бытавым узроўні ў Расеі больш ведаюць украінцаў, чым нас. І гэта вельмі кепска.

Таму трэба падымаць аўтарытэт нашай краіны, а перш за ўсё – нашага народу, нашай традыцыі, нашай культуры. Падымаць – вось у гэтым імпэратыў часу.