“Аўтарадыё” папярэдзілі за “Эўрарадыё”



Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне “Аўтарадыё” за сумесны праект з “Эўрарадыё”, паведамляе прэсавая служба ГА “БАЖ”.


Кіраўніцтва радыёстанцыі атрымала пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за “невыкананьне творчай канцэпцыі вяшчаньня”. Пра якія менавіта парушэньні ідзе гаворка, кіраўніцтва радыёстанцыі пакуль ня ведае.

Гадзінная праграма, падрыхтаваная калектывам “Эўрарадыё”, пачала гучаць у эфіры “Аўтарадыё” летам гэтага года. Як распавёў прэс-службе БАЖ гэнэральны дырэктар радыёстанцыі Юрый Базан, 29 верасьня на “Аўтарадыё” патэлефанавалі зь Міністэрства інфармацыі з просьбай прадаставіць “для маніторынгу” аўдыёфайлы з запісам праграмы за 28 верасьня. А ўжо 30 верасьня зь міністэрства прыйшло папярэджаньне за “невыкананьне творчай канцэпцыі вяшчаньня ў частцы аб’ёму перадач уласнай вытворчасьці і тэматычнага напаўненьня”.