Коля паказаў Мядзьведзеву пісталет

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў прыбыў у Беларусь. Разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам ён будзе назіраць за заключным этапам сумесных вучэньняў “Захад —2009”.

Дзьмітрый Мядзьведзеў прыляцеў на аэрадром 61-й зьнішчальна-авіяцыйнай базы ўзброеных сілаў Беларусі ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці.



***

Абодва кіраўнікі краінаў разам будуць назіраць за працай Аб'яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў па кіраваньні войскамі, агледзяць сучасныя палявыя рухомыя пункты кіраваньня.

Таксама плянуецца рабочая сустрэча кіраўнікоў краінаў. Пасьля яе прэзыдэнты зробяць заяву для прэсы, паведамляе Інтэрфакс.

Тэмай сумеснага апэратыўна-стратэгічнага вучэньня зьяўляецца непасрэдная падрыхтоўка ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі "да забесьпячэньня стратэгічнай стабільнасьці ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне", гаворыцца ў паведамленьні для прэсы.

Падчас вучэньняў плянуецца адпрацаваць пытаньні арганізацыі і правядзеньня перагруповак органаў ваеннага кіраваньня і войскаў ўзброеных сілаў Расеі на тэрыторыю Беларусі.