Грамадзкая рэдактарка тыдня – Аляксандра Дынько. Яна – дырэктарка незалежнага выдавецтва “Логвінаў”. Магістар сацыялёгіі. Займаецца навуковай дзейнасьцю: дасьледуе жаночы дысыдэнцкі рух. Аляксандра – адна з ініцыятараў і стваральнікаў Цэнтру сучаснага мастацтва, які адкрыецца ў Менску на пачатку кастрычніка.
Што для вас свабода?
Ня здраджваць свайму сумленьню.
Увогуле на гэтае пытанне хочацца адказваць прыгожа і разумна, але я помню, што ў спэктаклі Свабоднага тэатру “Зона маўчаньня” (у трэцяй, ня самай любімай маёй частцы) ёсць момант, дзе йдзецца пра тое, што ў Беларусі многа зьняволеных і вялізная частка зь іх – бізнэсоўцы. Там трое герояў перад апраўкай ў камэры запальваюць апошнюю цыгарэту. Душэўная і, галоўнае, цялесная інтанацыя, зь якой гэта адыграна, моцна ўразіла мяне, і дала адчуць, што свабода можа аказацца зусім не такой, якой я разумею яе ў дадзены момант. Напэўна, у тым, каб штодзень выбіраць, купляць хлеб “Водар” ці “Траецкі”, таксама ёсьць свабода.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Толькі свабода іншых людзей.
Што для вас шчасьце?
Удых-выдых.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Пакрыўдзіць іншага чалавека.
Які талент вы хацелі б мець?
Абсалютна сур'ёзна хацела б умець лятаць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Сваімі сябрамі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Хадзіць у кіно са сваімі дзецьмі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
З задавальненьнем пражыла б яшчэ адно такое жыцьцё.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ад бабулі: "Хто б табе што ні параіў, адказваць за ўсё давядзецца табе самой".
Які ваш улюбёны дэвіз?
Я не люблю дэвізаў, прыказак, прымавак і любых іншых формаў зацьвярдзелай мудрасьці. Афарызмы выклікаюць у мяне найбольшы давер, але толькі тады, калі побач стаіць імя іх аўтара, які сваім досьведам пацьвярджае выказаную думку. Аднак ёсць словы, якія я часта паўтараю сабе: "Усё будзе добра".
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Ніводную палітычную сістэму не лічу дасканалай, таму лепш жыць у той сістэме, на якую ты можаш найбольш уплываць.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Цяпер я жыву як раз у той краіне, у якой хачу.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Мая эпоха мяне цалкам даспадобы, не хацелася б апынуцца гераіняй Молату ведзьмаў.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Сыйшла б у адстаўку.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Мусіць стаць поўнавартаснай яго часткай у хуткім часе.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Рынкавыя
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Безумоўна лепш мець сваю дзяржаву і сваю ўладу і змагацца за тое, каб палітычны лад адпавядаў патрэбам і жаданьням большасьці яе людзей.
Калі і як уБеларусі зьменіцца ўлада?
Гэта абсалютна непрадказальна, улічваючы адсутнасць палітычнай традыцыі зьмены ўлады як такой і мінімальны палітычны досьвед актараў і структураў, якія патэнцыйна маглі б цяперашнюю ўладу зьмяніць.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі зразумеюць, што беларуская мова паляпшае іх жыцьцё ва ўсіх сэнсах. Найбольш верагодна гэта здарыцца тады, калі па-беларуску загавораць аўтарытэты любога кшталту – палітычныя, духоўныя, культурныя, якая ўвасабляюць гэтае лепшае жыцьцё альбо надзею ці практычны шлях да яго. Вялізную ролю можа адыграць выхад беларускіх тавараў на эўрапейскі і сусьветны рынак, калі беларускі бізнэс сутыкнецца з неабходнасьцю пазіцыянавання сябе ў адрозненьні ад расейскага. Пакуль Расея застаецца для нас галоўным рынкам збыту – расейская мова дазваляе і добра прадаваць там свае тавары. Прычым таварам можа быць усё што заўгодна – ад слоіка сьмятаны да прапановы разьмяшчэньня ў Беларусі элемэнтаў амерыканскай СРА.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
На жаль, на дадзены момант гэта цалкам палітычнае пытаньне, і яно мала залежыць ад намаганьняў, напрыклад, дзеячоў беларускай культуры, якія лічаць сябе галоўнымі жрацамі ў сьвятарным храме Нацынальнага. Аднак для мяне відавочна, што толькі даступнасьць мовы і выхаваньне павагі да яе, як да сродку штодзённага ўжываньня можа спрыяць яе пашырэньню.
Яшчэ захоўваецца добрая магчымасьць таго, каб усё больш людзей гаварыла па-беларуску, як, напрыклад, большасьць стала гаварыць па-украінску ў суседняй Украіне. Аднак калі ўмовы ўсё ж складуцца так, што гэтага не адбудзецца, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі мала шанцаў мове зьнікнуць цалкам, прынамсі, мы гэтага не дапусьцім.