Лявонаў патрабуе адкрытага суду над Аўтуховічам і Асіпенкам

Юры Лявонаў

Паводле Лявонава, у адкрытым судзе стане відавочнай іх невінаватасьць. Адвакат Сапелка накіраваў скаргу ў пракуратуру адносна ўмоў утрыманьня Аўтуховіча і дзеяньняў сьледчых у ягонай справе.
Абаронца Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка мяркуе, што ягонага падабароннага зарана перавялі ў агульную камэру, дзе яму цяжка рабіць пэўныя працэдуры, неабходныя пры выхадзе з працяглай галадоўкі. Таксама за Аўтуховічам не вядзецца адмысловы мэдычны нагляд, сьцьвярджае Павал Сапелка. Адвакат наведаў Аўтуховіча ў менскім сьледчым ізалятары. Вось што Павал Сапелка сказаў пра тое, як выглядае Мікалай Аўтуховіч:

“Збольшага ён выглядае ня вельмі. Такі ж худы і зьнясілены, як быў. А што да вагі, то яе ніхто зараз не кантралюе, таму казаць пра гэта бессэнсоўна і неаб’ектыўна”.
Павал Сапелка

Карэспандэнт: “Ці ўжывае ён турэмную ежу — кашы, супы?”

Сапелка: “Ён змагаецца за тое, каб дыетычнае харчаваньне, якое яму прызначылі, адпавядала прадугледжаным нормам”.

Адвакат спадзяецца, што на ягоную скаргу пракуратура адрэагуе неадкладна, бо затрымка небясьпечная для здароўя Мікалая Аўтуховіча.

Я спытаў Паўла Сапелку пра тое, як ён ацэньвае спыненьне крымінальнага перасьледу аднаго зь фігурантаў гэтай справы — прадпрымальніка Юрыя Лявонава. 24 верасьня стала вядома пра тое, што сьледчыя дзеяньні адносна Лявонава спыненыя. Павал Сапелка вітаў гэты факт, але адносна справы самога Аўтуховіча быў стрыманы:
Мікалай Аўтуховіч

“Тое, што з чалавека зьнялі абвінавачаньні, само па сабе добра. А як гэта адаб’ецца на працэсуальным стане майго падабароннага і даказанасьці ягонай віны? У мяне ёсьць наконт гэтага меркаваньне”.

Адвакат Павал Сапелка нагадаў, што даў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва і не камэнтуе справу Аўтуховіча.

Былы намесьнік Аўтуховіча ў кіраўніцтве фірмай “Ніка-транс” Юрый Лявонаў патрабуе адкрытасьці суду над Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам. Паводле Лявонава, у такім судзе стане відавочнай іх невінаватасьць:

“Ці прыслухаюцца ўлады да гэтага патрабаваньня? Відаць, гэта будзе залежаць ад таго, ці далучацца да гэтага патрабаваньня дастаткова шмат людзей і грамадзкіх арганізацый. Трэба, каб яны аб’ядналіся ў патрабаваньні сапраўды адкрытага працэсу”.

*******************

Справу супроць Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі завялі паводле абвінавачаньня іх у падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Гэтае злачынства адбылося яшчэ ў 2005 годзе і за яго ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек. Трох фігурантаў справы арыштавалі 8 лютага.

Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка сваёй віны ў падпале не прызналі. Між тым іх гэтак званы працэсуальны лёс склаўся па-рознаму. Калі Юрыя Лявонава праз паўгода арышту вызвалілі пад падпіску пра нявыезд, а яшчэ празь месяц зьнялі зь яго ўсе абвінавачаньні, то Аўтуховіч і Асіпенка застаюцца за кратамі. Мікалай Аўтуховіч у ізалятары трымаў 90-дзённую галадоўку пратэсту. На гэтым тыдні міліцыя ў Ваўкавыску апісала маёмасьць былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі.