Леанід Маракоў – літаратар і гісторык, сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру. Аўтар кніг прозы “Толькі адна ноч” (2006), “Запіскі кантрабандыста” (2008), складальнік даведнікаў “Рэпрэсаваныя праваслаўныя сьвяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі” (2007), “Рэпрэсаваныя каталіцкія, кансэкраваныя і сьвецкія асобы Беларусі” (2009) ды інш. Жыве ў Менску.
Што для вас свабода?
Галоўнае!
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Здароўе.
Што для вас шчасьце?
Жыць, а не існаваць.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Што не пасьпею скласьці даведнік “Каты беларускага народу”.
Які талент вы хацелі б мець?
Мне дастаткова таго, што ёсьць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Тымі, хто не баіцца казаць праўду.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Заканчваць чарговую кнігу.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Усё. Імя, адукацыю і г.д.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Звычайна, даю парады я…
Які ваш улюбёны дэвіз?
І адзін у полі – воін!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У капіталістычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі. Калі не – дык у Англіі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У цяперашнюю.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Закрыў бы дзяржаўную мяжу, каб некаторыя не ўцяклі ад адказнасьці.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрыя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Раўнапраўныя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Гэтыя “некаторыя”, відаць, ня вельмі адукаваныя.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі мяне ўжо, магчыма, ня будзе…
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Праз 10 гадоў пасьля сыходу дыктатара.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Большасьць зь іх і цяпер не гаворыць. І нічога. Жывуць.