Загадка Друцкага кургана

Археолягі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі адкапалі ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласьці пахаваньне старажытных ваяроў. Вучоныя адносяць знаходку прыблізна да 11-12 стагодзьдзяў, паведамляе агенцыя БелТА.

Адмыслоўцы кажуць, што знаходка ўнікальная: у адным месцы — адразу 38 пахаваньняў паводле паганскага абраду, у цэнтры — каменны саркафаг, у ім знайшлі чалавечы чэрап. Археолягі не выключаюць, што гэта можа быць пахаваньне ваяроў з военачальнікам, якія загінулі ў нейкай бітве. Што гэта была за падзея — тэма для далейшых дасьледаваньняў.

Друцкі курган — адзіны ва Ўсходняй Эўропе, дзе ёсьць пахаваньні паводле паганскага абраду і разам з тым каменны саркафаг, паведаміла доктар гістарычных навук Вольга Ляўко.