С.Харэўскі: У генпляне Менску няма месца культуры

Сяргей Харэўскі

Госьць “Начной Свабоды” – мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
У праектным інстытуце “Менскграду” выстаўлены праект генпляну разьвіцьця сталіцы Беларусі да 2030 году. Архітэктары кажуць пра магчымасьць карэкціроўкі праекту паводле прапаноў жыхароў. Грамадзкае абмеркаваньне праекту генэральнага пляну разьвіцьця Менска працягнецца да 30 верасьня.

Соўсь: Сяргей, Вы самі бачылі ўжо генплян разьвіцьця Менску. Якая Ваша першая ацэнка? Якія тэндэнцыі у ім выяўляюцца?

Харэўскі: Так, бачыў. Нічога асабліва новага ў гэтым генэральным пляне няма. Нагадаю, ужо ў 2003 годзе ўжо быў прыняты адзін генэральны плян. Гэта хутчэй эскіз таго, чаго б хацелася – плян прадугледжаны аж да 2030 году. Таму сур'ёзна з пункту погляду горадабудаўніцтва да гэтага ставіцца ня варта. Плян дае ўяўленьне пра тое, як сёньняшнія ўлады бачаць горад, як яны сабе ўяўляюць сваю пэрспэктыву ў гэтым горадзе.

Соўсь: І як яны яе ўяўляюць?

Харэўскі: Па-першае, яны ўяўляюць яе без паняцьця “культура”, яно ў прынцыпе адсутнічае ва ўсёй дакумэнтацыі. У пляне адсутнічае мяжа гістарычнага цэнтру гораду, мяжа ахоўных зонаў. Прадугледжваецца масавы знос прыватнай забудовы і вынас з цэнтру гораду - наколькі гэта магчыма - прадпрыемстваў. Улады мысьляць патазна, пампэзна, яны насамрэч уяўляюць сабе, што Менск можна за пару дзясяткаў гадоў ператварыць у нешта зусім іншае. Гэта абсалютна ня новая тэндэнцыя - усе генэральныя пляны Менску, якія прыняліся ад 1946 году, падлягалі сур'ёзным карэкціроўкам, і ніводзін зь іх ня спраўдзіў прагноз на будучыню. У 1946 годзе плянавалася сталіца Беларусі з насельніцтвам 500 тысячаў чалавек, а праз 10 гадоў ужо гаварылі пра 800, пасьля пра мільён і гэтак далей. А цяпер Лукашэнка, вялікі спэцыяліст у горадабудаўніцтве і дэмаграфіі, кажа: Менск – 2 мільёны, і гэта хопіць...

СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ: