Уладзімер Катрыдж: “Я ня даў бы парады сёньня займацца нашым бізнэсам”

Уладзімер Катрыдж

41-гадовы прадпрымальнік Уладзімер Катрыдж зь Берасьця займаецца гандлем праз шапікі. Каля сямі гадоў у прадпрымальніцтве.
Карэспандэнт: “Чаму вы займаецеся бізнэсам?”

Катрыдж: “Я па натуры такі чалавек, што для мяне важней працаваць на сябе і сваю сям’ю. Тут я магу зарабіць столькі грошай, колькі ўкладу сваёй працы, сваіх магчымасьцяў. Як спрацаваў, так і зарабіў. Сёньня ідэальны прадпрымальнік — гэта і дырэктар прадпрыемства, і рабочы, і бухгальтар, і кіроўца — у адной асобе. Таму даводзіцца працаваць самому на сябе. У дзяржаўных структурах я сябе не знайшоў”.

Карэспандэнт: “Які галоўны ўрок для вас ад заняткаў бізнэсам?”

Катрыдж: “Самае галоўнае, што мы самі навучыліся зарабляць грошы. Далі працу, знайшлі найманых работнікаў. У нас зьявіўся шанец даць людзям зарабляць, падтрымліваць свае сем’і. Самому працаваць на сябе — нашмат больш задавальненьня, чым працаваць на дзядзьку”.

Карэспандэнт: “А што было самым цяжкім?”

Катрыдж:
Мне давялося патраціць каля васьмі месяцаў, каб забіць першы цьвік і пачаць працаваць.
“Зарэгістраваць і пачаць сваю справу. Мне давялося патраціць каля васьмі месяцаў, каб забіць першы цьвік і пачаць працаваць. І цяжка сёньня. Тое, што нам забаранілі гандляваць півам, гэта ня самае галоўнае. Піва — гэта вяршыня айсбэрга. За столькі гадоў набалела столькі, што забарона на піва прымусіла людзей выйсьці на вуліцу і спытаць чыноўнікаў: колькі можна зьдзекавацца зь людзей? Колькі можна парушаць беларускія законы? Для каго была напісана Канстытуцыя?”

Карэспандэнт: Якую параду вы можаце даць чалавеку, які захоча пачаць бізнэс у вашай галіне?”

Катрыдж: “Я ня даў бы парады сёньня займацца нашым бізнэсам. Бо ў гэтай дзяржаве мы ня бачым пэрспэктыў. У нас такое ўражаньне, што мы можам працягнуць максымум яшчэ два гады. У нас няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні”.

Карэспандэнт: “Як вы лічыце, якой спакусы, якой памылкі трэба пазьбягаць любым коштам?”

Катрыдж: “Цяжка сказаць”.

Карэспандэнт: “Як ставяцца да вашай бізнэс-кар’еры родныя? Ці варта браць сваякоў у бізнэс?”

Катрыдж: “Я думаю, людзі самі прыходзяць у бізнэс. Гэта не палітычная партыя. Людзі ідуць у бізнэс, калі ў іх нешта сасьпела, калі яны адчулі, што гатовыя працаваць на сябе і не залежаць ад некага. Сваякі раней з насьцярожанасьцю ставіліся да таго, што я пайшоў бізнэс. А зараз яны глядзяць: выжыве ці ня выжыве?”