Менск, вуліца Фрунзе, 5

Менск, вуліца Фрунзе, 5



Шыльда Свабоды

Менск, вуліца Фрунзе, 5
У Доме літаратара з 1987 да 1990 году зьбіраліся сябры нефармальнага літаратурнага аб’яднаньня “Тутэйшыя”, якое стала лідэрам маладога пакаленьня беларускіх літаратараў у руху да свабоды.

Незалежнае аб’яднаньне маладых літаратараў-нонканфармістаў “Тутэйшыя” ўзьнікла ў 1987 годзе, каб “абараняць свае погляды і перакананьні, супрацьстаяць жалезнай герархічнай структуры Саюзу пісьменьнікаў”. Грамадзкая актыўнасьць і пэўны нігілізм у дачыненьні да старэйшых пісьменьнікаў выклікалі ў тых зваротную рэакцыю. Успамінае Міхась Скобла:

“У 1988 годзе на пісьменьніцкім зьезьдзе ў Доме літаратара мне давялося выступаць ад імя “Тутэйшых” з праграмнай заявай. У ёй мы асабліва нікога не скідалі з параходу сучаснасьці, але ў сваім выступе я закрануў Івана Навуменку, тагачаснага віцэ-прэзыдэнта Акадэміі навук, дзе акурат перад зьездам была забароненая вечарына “Тутэйшых”. Я ледзь пасьпеў закончыць, як пабачыў, што па праходзе да трыбуны нясецца Іван Якаўлевіч. Масіўны, як зубар. Помню нават, што мільганула думка: “Растопча”. Я хуценька спусьціўся ў залю з другога боку сцэны. А пісьменьнік- акадэмік абхапіў, як цацачную, трыбуну і кінуў у залю пытаньне, якое потым увайшло ў пісьменьніцкі фальклёр: “Падыміце рукі тыя, хто піша лепей за Навуменку?!” Ніхто, вядома, рук угору не ўзьнімаў. Помню іранічную ўсьмешку на твары Васіля Быкава і вясёлы позірк Максіма Танка з прэзыдыюму”.

“Літаратура — гэта Бацькаўшчына”, — гэтымі словамі пачынаўся “Маніхвэст” аб’яднаньня. “Тутэйшыя”, як яны самі заяўлялі, займаліся “рэанімацыяй беларуса”. Адзін са стваральнікаў аб’яднаньня Анатоль Сыс казаў: “Няхай я альбо нехта іншы з “Тутэйшых”, да прыкладу Міхась Скобла, не далічымся вершаў, аднак гэта кампэнсуецца ў некалькі разоў нашымі паходамі “ў народ”. І яны давалі ўрокі літаратуры ў школах, выступалі перад калгасьнікамі і рабочымі, ладзілі публічныя нацыянальныя сьвяты.

Пасьля першага публічнага адзначэньня Дзядоў 1 лістапада 1987 году, дзе сталінскія злачынствы былі названыя генацыдам, стала зразумелым, што “Тутэйшыя” ў шэрым аднапартыйным палітычным жыцьці Беларусі становяцца рэальнай сілай. А праз год імі ж арганізаваныя Дзяды, якія выліліся ў паход на Курапаты і жорсткую сутычку зь міліцыяй, сталі паваротным момантам у палітычнай гісторыі Беларусі.

“Тутэйшыя” праіснавалі да 1990 году. Літаратурная арганізацыя так і не набыла эстэтычнага адзінства, што засьведчылі выдадзеныя яе сябрамі калектыўныя альманахі “Літаратура” і зборнік “Тутэйшыя”. А існаваць самастойнай палітычнай арганізацыяй пасьля ўтварэньня БНФ ужо ня мела сэнсу, бо шэраг “тутэйшых” зблізіліся з Фронтам ці сталі яго сябрамі.

У гісторыі “Тутэйшыя” засталіся сымбалем радыкальна настроенага пакаленьня 1980-х гадоў.