Вёска Палачанка Валожынскага раёну

Дзіцячы аздараўленчы лягер “Палачанка”, вёска Палачанка Валожынскага раёну



Шыльда Свабоды

Дзіцячы аздараўленчы лягер “Палачанка”, вёска Палачанка Валожынскага раёну
Тут у сьнежні 1987 году адбыўся Першы вальны сойм беларускіх суполак, на якім акрэсьлілася радыкалізацыя моладзевага руху. Быў вызначаны курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэньне Беларусі.

У другой палове 1980-х гадоў па ўсёй Беларусі ўзьніклі сотні нефармальных моладзевых суполак, зацікаўленых у адраджэньні нацыянальнай культуры.

26—27 сьнежня 1987 году ў санаторыі “Палачанка”, што пад Ракавам, адбыўся Першы вальны сойм беларускіх суполак. Афіцыйна ён называўся “Рэспубліканскай нарадай моладзевых аб’яднаньняў гістарычна-культурніцкага і краязнаўчага кірунку”. Удзельнічалі ў ім некалькі соцень чалавек з усёй Беларусі.

Паэт Алесь Аркуш прадстаўляў полацкае літаратурнае аб’яднаньне “Крыніцы”:

“Было такое ўражаньне, што сапраўды працэс мусіць рухацца наперад, што немагчыма яго прытармазіць. І ўсё ж моладзі, якая прыехала, трэба было мець нейкую сьмеласьць. Гэтая моладзь ужо была структурызаваная ў нацыянальныя моладзевыя асяродкі. У прынцыпе, мы ўсе так ці інакш адзін аднаго ведалі — ці то зьбіраліся на Купальлі, ці то разам выходзілі на мітынгі. Так, у нас у Наваполацку ўвесь час адбываліся экалягічныя мітынгі, якія мы арганізоўвалі, і да нас прыяжджалі госьці з розных моладзевых арганізацыяў. Гэта ўсё было адно кола, і цяпер ужо, сабраўшыся разам, мы абмяркоўвалі, як павінна паўставаць краіна, што яна павінна быць незалежнай, нацыянальна-арыентаванай”.

Акрамя дыскусіяў пра незалежнасьць, дзяржаўнасьць беларускай мовы, дэмакратыю — паэты чыталі вершы, барды і рок-музыкі сьпявалі.

Празь некалькі месяцаў па выніках дыскусіяў склалі і распаўсюдзілі ў самвыдаце “Адозву ініцыятыўнай групы Канфэдэрацыі Беларускіх моладзевых суполак”. У дакумэнце адкрыта заяўлялася, што толькі “фактычная сувэрэннасьць Беларусі… дазволіць ажыцьцяўляць найбольш адпаведныя характару рэспублікі палітычныя, эканамічныя і культурныя праграмы не па цэнтралісцкіх мадэлях”. У адозьве гучаў заклік да моладзевых суполак працаваць дзеля незалежнасьці, дэмакратызацыі Беларусі, разьвіцьця нацыянальнай культуры. Натуральна, што далей нацыянальным суполкам было не па дарозе з камсамолам.

У студзені 1989 году на Другім вальным сойме ў Вільні была ўтворана Канфэдэрацыя беларускіх суполак — як палітычны саюз дзеля барацьбы за незалежнасьць краіны і супраць праяваў сталінізму.