Усё, што піша гэты аўтар, цікава, нават калі зь ім не пагаджаесься, — такая першая чытацкая рэакцыя культуроляга Максіма Жбанкова на новую кнігу Сяргея Дубаўца “Як?” Кніга выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода і будзе прэзэнтаваная шырокай публіцы 16 верасьня. Імпрэза адбудзецца ў Малой залі Белдзяржфілярмоніі а 18-й гадзіне.
“Мне падаецца, што кожная новая кніжка Сяргея Дубаўца — гэта ня толькі цікавая чытанка, але і вельмі істотнае аўтарскае выказваньне. Справа ў тым, што Дубаўца чытаць заўсёды цікава, нават калі зь ім не пагаджаесься. Рэч у тым, што, на мой погляд, Сяргей Дубавец належыць да таго нешматлікага, на жаль, кола беларускіх аўтараў, у якіх палемічнасьць пазыцыі заўсёды ўдала спалучаецца зь якасным літаратурным тэкстам.
З Дубаўцом пагаджацца не абавязкова, але ён заўсёды, як сапраўдны палеміст, выклікае пэўную эмацыйную рэакцыю чытача. Пазытыўную альбо наадварот — гэта іншая справа.
Тым ня менш, як мне падаецца, Дубавец заўсёды робіць, напэўна, галоўнае, чаго мы можам чакаць ад публіцыста, ад эсэіста, папросту ад выдатнага аўтара. Ён выбудоўвае пэўнае праблемнае поле ў нашай беларускай культуры, дзе, на жаль, пануе, хутчэй за ўсё, беспраблемнасьць альбо просты падзел на сваіх і чужых.
Дубавец — гэта свой і ня свой. Свой, таму што ён — наш, а ня свой, таму што ён — спрэчны. Таму што ён — праблемны. І гэта, як мне падаецца, вельмі цікава, таму што дзякуючы менавіта такім праблемным аўтарам нашае супольнае мысьленьне робіць чарговы крок наперад”.