Чаму ў Беларусі такі высокі паказьнік самагубстваў? Як ён мяняўся ў апошнія дзесяцігодзьдзі? Чаму за гэты час назіраўся істотны рост самагубстваў сярод мужчын? Як абумоўліваюць схільнасьць да самагубстваў культурныя і рэлігійныя асаблівасьці?
Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, псыхіятар Мінскага гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэра Ігар Сарокін і псыхоляг Менскага гарадзкога Цэнтру сям'і і дзяцей Жанна Міцкевіч. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Дракахруст: 27 з паловай выпадкаў на сто тысяч насельніцтва – такім быў паказчык самазабойстваў у Беларусі ў мінулым годзе. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў і ў рэгіёне і ў сьвеце. У сярэднім у Эўропе штогод забівае сябе 17 чалавек са ста тысяч насельніцтва. Чаму так шмат беларусаў сканчаюць жыцьцё самагубствам? Жанна Міцкевіч, які Ваш адказ?
Ёсьць наўпроставая залежнасьць паміж суіцыдам і стратай сацыяльнага статусу
Ж.Міцкевіч
Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч, Вы ў свой час напісалі кнігу пра самазабойцаў "Зачараваныя сьмерцю". На Ваш погляд, чаму так шмат беларусаў сканчаюць жыцьцё самагубствам. Жанна Міцкевіч сказала пра сытуацыю нестабільнасьці, але, напрыклад, вайна -- гэта, здаецца, найвышэйшая форма нестабільнасьці. Але вядома, што падчас вайны колькасьць самазабойстваў рэзка зьмяншаецца. А чаму цяперашняя нестабільнасьць спараджае рост самазабойстваў?
Мы жывем на парэштках імпэрыі
С.Алексіевіч
Ня трэба забываць, што мы жывем на парэштках імпэрыі. Тая рэзэрвацыя, ў якой мы жывём, не дае такую стабільную карціну сьвету, якую даваў сацыялізм. Сацыялізм -- гэта не такая простая ідэя, ў ім была мэтафізыка, ён прапаноўваў сэнс жыцьця. Гэта была амаль ваенная сытуацыя. Ні ў воднай экстрэмальнай сытуацыі чалавек не сканчае сабой, ён мабілізуецца, ў яго ёсьць мэта.
Пасьля развалу імпэрыі мэты зьніклі, раздрабіліся. Зьявіліся мэты, зусім не зьвязаныя з нашай гісторыяй -- назапашваньне, спажываньне. Нэта зусім новыя выклікі і спакусы, няма на што мэнтальна абаперціся. У мяне ў кнізе ў адной гераіні маці памерла не ад старасьці, а ад таго, што не хацела жыць пры капіталізме. Страта сэнсу жыцьця: ўсё, што ззаду – дарма, ўсё, што наперадзе -- абсалютна незразумела.
Другая рэч -- чалавек сышоў з барыкады. Людзі нават гэта не ўсьведамлялі, але яны былі як патроны ў патранташы. Зараз яны выкінутыя, выкінутыя ў сям’ю, выкінутыя да другога чалавека. Гэта таксама бездань. Але наша культура ня вучыць, як жыць з другім чалавекам. Патрапіць пад уладу іншага чалавека можа быць яшчэ страшней, чым на вайне. Мы ж вар'яты, мы ўвесь час жылі недзе: на вайне, ў Чарнобылі, ў ідэі, мужчыны ўвесь час былі як бы ня дома. Да гэтых выклікаў людзі таксама не гатовыя. Ён вярнуўся дадому і ня ведае, што там рабіць.
І трэцяя прычына -- гэта новае жыцьцё. Яго хацелі, але меркавалі, што гэта будзе такі прыгожы эўрапейскі супэрмаркет. А аказаліся, што сусед уладкаваўся, а я -- не.І асабліва пацярпелі мужчыны. Жанчына хапаецца за дзіця, за інстынкт. А мужчына -- ён паляўнічы, ён павінен прыносіць здабычу ў дом. А ён пасьля камунізму , ды і наагул славянскі мужчына, гэта чалавек, якому прасьцей устаць у шыхт і загінуць у агульным шыхце, чым прызнацца, што сусед уладкаваўся, а я -- не, і сказаць, што гэта я вінаваты.
Дракахруст: Ігар Сарокін, а якія Вашы тлумачэньні гэтых высокіх паказчыкаў самазабойстваў у Беларусі? Вось спадарыня Мацкевіч сказала, што адным з чыньнікаў самазабойстваў зьяўляецца алькагалізм. Але ці не атрымліваецца так, што і алькагалізм, і самазабойствы -- праявы аднаго і таго ж схаванага фактару?
Мы, паколькі вырасьлі ў гэтых лясах і балотах пры браку цяпла, біялягічна схільныя да дэпрэсіі
І.Сарокін
Я не магу не пагадзіцца са спадарыняй Міцкевіч, што важным біялягічным чыньнікам дэпрэсіўнага стану ў папуляцыі , ў грамадзе зьяўляецца татальная алькагалізацыя, пачынаючы са школьнага ўзросту і сканчаючы вельмі сталым векам. Не скажу, што гэта ўхваляецца, але і не зьяўляецца падставай дзеля таго, каб грамада асуджала чалавека, які напіўся і валяецца дзе-небудзь. А дапамагчы -- далёка ня кожны дапаможа.
Наконт таго, што пэўная колькасьць самагубстваў абумоўлена няпэўнасьцю эканамічнага становішча -- напэўна так яно і ёсьць. Тым ня менш, вось зараз крызыс найбольш зачапіў заходнія грамадзтвы. Але пры тым, што скарачаюцца працоўныя месцы, спыняюцца заводы, нешта не чуваць, каб там людзі як гарох пасыпаліся з дахаў дамоў ці лезьлі ў пяцельку.
Прычыны самазабойстваў могуць быць самыя розныя. Усе паўночныя краіны зь недахопам сонечнага сьвятла схільныя да самазабойстваў. Скандынаўскія краіны спакойныя, забясьпечаныя цяпер, рэдка калі ўзгадваюць пра вайну. Але самазабойстваў там шмат. мы, паколькі паводле сутнасьці сваёй млявыя, інэртныя, вырасьлі ў гэтых лясах і балотах пры браку цяпла, біялягічна схільныя да дэпрэсіі. А забіць сябе ў дэпрэсіўным стане -- гэта лёгка.
Дракахруст: Спадар Ігар, давайце паглядзім статыстыку.Большасьць фактараў, якія Вы назвалі, яны ад веку -- клімат быў такім і 100, і 1000 гадоў таму. Аднак паводле статыстыкі ў 70--80-х гадах ўзровень самазабойстваў быў не такім ўжо і высокім -- 17--20 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. У 90-я гады ўзровень самазабойстваў вырас у паўтары разы. А дзесьці з 2003--2004 году пачалося павольнае зьніжэньне паказчыка самазабойстваў. Як можна патлумачыць гэтую траекторыю?
Калі ў мэдычнай установе нехта з пацыентаў скончыў жыцьцё самагубствам, галоўны доктар і ўсе, хто меў дачыненьне да гэтага пацыента, будуць пакараныя адміністрацыйна ажно да звальненьня з працы і пазбаўленьня права працаваць
І.Сарокін
Чаму ён пачаў зьніжацца цяпер? У пэўнай ступені я мог бы патлумачыць гэта ня тым, што меней п’юць і ня тым, што зьявіліся нейкія іншыя жыцьцёвыя арыенціры ў людзей. Зьмяніліся падыходы. Цяпер калі ў мэдычнай установе нехта з пацыентаў скончыў жыцьцё самагубствам, галоўны доктар і ўсе, хто меў дачыненьне да гэтага пацыента, будуць пакараныя адміністрацыйна ажно да звальненьня з працы і пазбаўленьня права працаваць. Гэта такі адміністрацыйны падыход. Робіцца ўсё магчымае, каб штучна зьменшыць сьмертнасьць наагул і ад самагубстваў у прыватнасьці.
Дракахруст: Спадарыня Сьвятлана, вы ўжо раней адказалі на першую частку майго пытаньня -- пра прычыны скачку ўзроўню самазабойстваў у 90-я, але ў чым прычыны зьніжэньня гэта ўзроўню ў апошнія гады? Ці яно сапраўды тлумачыцца тымі адміністрацыйнымі мерамі ўліку, пра якія казаў спадар Ігар? Ці гэта аб'ектыўны працэс, бо зьніжэньне паказьніка самазабойстваў назіраецца і ў суседзяў Беларусі -- ў Літве, ва Ўкраіне, ў Расеі. У Літве ён усё роўна самы высокі ў сьвеце, але ён ніжэй, чым быў 10 гадоў таму. Можа, гэта вынік працэсу адаптацыі, прывыканьня грамадзтва да новай рэчаіснасьці?
Чалавек уваходзіць у змову з гэтай уладай, як чалавек уваходзіць у змову са сваёй хваробай
С.Алексіевіч
А ў моладзі завышаная самаацэнка і завышаныя патрабаваньні да жыцьця. Я думаю. што праз гадоў 10--20 ў нас наўрад ці нешта моцна памяняецца і ў нас ізноў будзе скачок самазабойстваў, бо іх надзеі ня спраўдзяцца.
Я часам думаю, калі гляджу БТ і чытаю газэты, што гэта ўсыпленьне, гэта наркотык моцнай прэзыдэнцкай аўтарытарнай улады. І чалавек уваходзіць у змову з гэтай уладай, як чалавек уваходзіць у змову са сваёй хваробай. Ён пачынае паддавацца шаманству гэтай ўлады: у нас усё кепска, але ў нас усё добра. Задзейнічаны фактар сацыялізму, які ў нас яшчэ 20 гадоў працаваў і які сьведчыць пра тое, што ў сацыялізма быў патэнцыял -- гэта дала вынікі. Чалавек умее прыстасоўвацца. На шчасьце.
Дракахруст: Спадарыня Жанна, а як бы вы патлумачылі гэтую траекторыю: даволі памяркоўнае значэньне паказьніка самазабойстваў у 80--х, рэзкі скачок у 90--х і павольнае зьніжэньне ў апошнія гады?
Што тычыцца беларусаў, то выхаваныя ў большасьці жанчынай, гэта вырасьлі слабыя мужчыны, якія ня могуць пастаяць ня толькі за сябе, але і за сваю сямью
Ж.Міцкевіч
Вы задалі пытаньне наконт гэтага зьніжэньня паказьніку самазабойстваў у апошнія гады. Па--першае, я згодная з Вамі – ідзе менавіта адаптацыя да новага жыцьця. І таму прыходзіць нейкая ўстойлівасьць. Разам з тым большасьць моладзі ўжо хоча новага жыцьця, хочуць больш ведаць, больш дзе бываць, рабіць іншым сваё матэрыяльнае жыцьцё. І яны ўжо шукаюць выхады і бачаць іх па- свойму. Магчыма, гэта зьмяншае схільнасьць да самазабойстваў.
Па--другое, тое, што нарэшце загаварылі аб алькагалізме і робяць першыя крокі , каб зьменшыць гэтую праблему – гэта таксама спрыяе зьмяншэньню колькасьці самазабойстваў.
Нам у Беларусі не хапае мастацтва жыцьця
С.Алексіевіч
У нас ёсьць геніяльны вопыт выжываньня. Філязофію жыцьця памянялі на філязофію выжываньня. Менавіта таму і ўвесь час прыгадваем вайну. Гэта нейкая пастка для нашай культуры. Ёй закрываюцца ўсе праблемы ў на ўзроўні дзяржавы, і ў сям’і, асабліва калі ў ёй ёсьць стары чалавек. У Эўропе сапраўды ўжо не гавораць пра вайну, хаця шмат людзей, якія перажылі яе, ў Эўропе ж сярэдні ўзрост значна большы. І жахліва перажылі, хай гэта і непараўнальна з нашым савецкім досьведам, з жахлівым беларускім досьведам, дзе партызанская барацьба была надзвычай жорсткай. Але людзі прыгадалі, што ёсьць яшчэ і проста жыцьцё. І яны жывуць гэтым жыцьцём. Гэта ня значыць, што яны забылі. У нас ты адразу робісься блюзнерам, калі так гаворыш. Я не кажу, што трэба забыць, я кажу, што трэба жыць.
Самотныя людзі значна хутчэй ідуць з жыцьця, чым людзі, якія жывуць у сям’і
Ж. Міцкевіч
Я згодная са спадарыняй Алексіевіч. У нас сёньня задаеш пытаньне студэнтам – якія традыцыі ў вашым доме? Ну, мы зьбіраемся на дзень нараджэньня. І ўсё на гэтым. А тым часам людзі маюць многа традыцый, якія збліжаюць самых блізкіх. І калі чалавек адчувае, што ён не самотны, што ён разам з блізкімі, што яны шкадуюць і любяць яго, а ён – іх, то жыцьцё чалавека квітнее. І чалавек ня мае падставаў упадаць у дэпрэсію. Даказана, што самотныя людзі значна хутчэй ідуць з жыцьця, чым людзі, якія жывуць у сям’і.