Менск, праспэкт Незалежнасьці, 18

Менск, праспэкт Незалежнасьці, 18. Апошні паверх, над аркай трэцяе вакно


Шыльда Свабоды

Менск, праспэкт Незалежнасьці, 18
“На Паддашку” — тут у майстэрні мастака Яўгена Куліка з канца 1960-х і да канца 1980-х падпольна зьбіралася патрыятычная беларуская інтэлігенцыя, адраджалася нацыянальная культура, праводзіліся мастацкія і асьветніцкія акцыі.

“На Паддашку” — пад такім назовам у гісторыю незалежніцкага руху ўвайшла майстэрня мастака Яўгена Куліка ў Менску. Яна сапраўды месьцілася пад дахам дома, з вокнаў якога быў бачны велізарны будынак КДБ. А таму трэба было захоўваць кансьпірацыю, — успамінае гісторык Міхась Чарняўскі:

“У нас быў умоўны знак. Калі там усё спакойна, калі нікога чужога няма, тады Яўген Кулік вешаў на вакно белы ручнік. І мы ўжо глядзелі: ага, ручнік ёсьць, значыць, можна заходзіць. Магчыма, часамі і стукачы заходзілі, але ў прынцыпе іх не было сярод нас”.

“На Паддашку” цягам 20 гадоў, з канца 1960-х, зьбіралася амаль уся нацыянальна-арыентаваная беларуская інтэлігенцыя — пісьменьнікі, артысты, навукоўцы, у тым ліку і сябры гэтак званага акадэмічнага асяродку, разгромленага ўладамі. Касьцяк жа складалі мастакі.

Тут быў свайго кшталту клюб, дзе спрачаліся пра адраджэньне нацыянальнай гісторыі і культуры, пра мастацтва і цэнзуру, тут нараджаліся ідэі асьветніцкіх акцыяў, якія самі тутэйшыя заўсёднікі пасьля і ажыцьцяўлялі.

Канцэптуальнымі выставамі на Паддашку адзначылі юбілеі Казімера Малевіча, Міколы Гусоўскага, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Драздовіча. Мастакоў абвінавачвалі ў нацыяналізьме, спрабавалі прымусіць здымаць тыя творы, дзе быў герб Пагоня ці бел-чырвона-белы сьцяг. Беспасьпяхова.

А да тысячагодзьдзя Беларусі, якое ў 1980-м годзе з ідэі Міколы Ермаловіча адзначалі на Паддашку, Яўген Кулік падрыхтаваў паштоўку з “Пагоняй”. Паштоўка праз Польшчу патрапіла ў Лёндан, дзе і была выдадзена беларускай эміграцыяй. Грымнуў скандал, пачаліся допыты, звальненьні з працы. Тым ня меней патрыятычная інтэлігенцыя працягвала культурна-асьветніцкую справу.

А калі пры канцы 1980-х Яўген Кулік атрымаў новую майстэрню на вуліцы Танкавай, таксама на паддашку, дык там зьбіралася ўжо не культурніцкая, а палітычная апазыцыя.