У Кіеў на дзіцячае “Эўрабачаньне” сёлета паедзе Юры Дземідовіч з “Чароўным трусікам”. Беларускія дзеці двойчы перамагалі на гэтым конкурсе. На “Эўрабачаньні-2005” найлепшай стала Ксенія Сітнік з Мазыра, два гады таму перамог мянчук Аляксей Жыгалковіч. У 2007 годзе мазыранін Андрэй Кунец быў другім.
Перамога Юры Дземідовіча з “Чароўным трусікам” ня стала нечаканасьцю — тры месяцы таму відэакліп зьявіўся ў інтэрнэце і літаральна выбухнуў: за першы тыдзень — больш за 100 тысяч праглядаў.
ВІДЭА
У дзень конкурсу ў “Комсомольской правде” в Белоруссии” мастацкі кіраўнік эстраднай студыі імя Мулявіна Сьвятлана Стацэнка крытычна ацаніла песьню. Як паўплываў, так бы мовіць і “чорны”, і “белы” піяр на пераможцу, пытаюся ў сябра журы, кампазытара Леаніда Шырына:
“Мне ўчора падаўся нумар Юры больш бляклым, чым калі я яго ўбачыў першы раз. Я чалавек дастаткова дасьведчаны, і адрозьніваю эфэкт навізны альбо прыяданьня ад шматразовага паўтарэньня. Але мне падалося, што раскрутка яму не пайшла на карысьць. Ён пераціскаў, ён у душы ўжо адчуваў сябе пераможцам, а гэта можа згуляць злы жарт”.
Як адбіваецца на псыхіцы дзіцяці раньняя слава? Псыхоляг Менскага гарадзкога цэнтру сям'і Жанна Міцкевіч кажа:
“Вось гэтая раскрутка і пераход дзіцяці ў зоркі павінны ісьці вельмі плаўна, дзеці павінны ведаць, што гэта праца, што гэта ня толькі дэманстрацыя “я — зорка”. Канечне, ідзе ломка псыхікі дзіцяці. На дзяўчынцы Ксеніі Сітнік гэта яскрава відаць. Дзіця разбэсьцілі. Гэта аплёмб, гэта параднасьць, гэта дэманстрацыя раньняй даросласьці. Дзіця павінна прайсьці пэрыяд дзяцінства, а дарослыя забіраюць дзяцінства ў дзіцяці”.
Дзіцячае “Эўрабачаньне”, як і многія дарослыя конкурсы, стала занадта камэрцыялізаваным, кажа сябра журы, кампазытар Леанід Шырын:
“Людзі занадта захапіліся зарабляньнем грошай, і гэта, мне падаецца, абядняе жыцьцё. Перад дзецьмі адразу ставяцца мэты дарослыя, мэты рацыянальныя”.
Псыхоляг Жанна Міцкевіч таксама супраць такіх камэрцыйных і рацыянальных мэтаў:
“Шкада, што за дзіцячым выступленьнем стаіць сёньня мэркантыльнасьць. І ў выніку на першае месца ставяцца матэрыяльныя ўмовы, выгоды (вядома, што маці Сітнік запатрабавала і кватэру ў Менску) — гэта тое, што не павінна ісьці за дзіцем. Дзіця, канечне, трэба ўзнагародзіць, але гэта павінна быць па-дзіцячаму, а не па-даросламу”.
На фінале беларускага конкурсу ніводзін зь дзесяці канкурсантаў не засьпяваў па-беларуску. Праўда, песенька пераможцы беларускага адборачнага конкурсу, дзякуючы літаратару Сяргею Балахонаву, загучала і на роднай мове. Але толькі ў межах праекту “Тузін. Перазагрузка”.
Чаму на конкурсах беларускія дзеці не сьпяваюць на роднай мове, пытаюся ў сябра журы Леаніда Шырына:
“Яно ж павінна неяк культывавацца. А зараз гэтага стала меней, гэта па-першае. А з другога боку, мы пачынаем разумець, што мы цікавыя той самай Эўропе, сьвету, калі мы на сваёй мове і сваё нацыянальнае штосьці робім. Гэта пытаньне, і пытаньне сур’ёзнае. Мы ўсё ж такі беларусы, і краіна — Беларусь”.