Таварняк на абводнай каляіне

Югася Каляда

мэлядрама, казка, дэтэктыў

1. Прынцэса на гарошыне. Сьвятлана Лавянецкая

2. Сьнежная каралева. Ірма Гофман

3. Оле-Лукойе. Оскар Рафалоўскі

4. Сіняя Барада. Анатоль Грамыка

5. Маша і мядзьведзі. Марыя Лавянецкая

6. Эпілёг

1. ПРЫНЦЭСА НА ГАРОШЫНЕ


Сьвятлана Лавянецкая скіравала машыну ў двары, каб аб’ехаць затор на галоўнай дарозе. Дзе быў праезд, пасадзілі дрэўцы, а шчэ адзін зручны паварот перагарадзілі бэтоннымі блёкамі. Меркаваная перавага ў дзесяць хвілінаў ператваралася ў паўгадзінную затрымку. Малодшая сястра Лавянецкай кпіла зь яе нэрвовасьці.

Сьвятлана сьціскала вусны ды прапускала ўсе падачы; яна дала задні ход і, выкруціўшы шыю, глядзела ў задняе вакно, спрабуючы зь мінімальнымі стратамі манэўраваць па разьбітым дваровым асфальце.

Ад трасяніны з кранштэйну на прыборнай панэлі выпаў тэлефон. Лавянецкая памкнулася была яго падняць, але сястра перахапіла.

— На званочак чакаем? Ты сачы за дарогай! — яна націснула зялёную кнопку й пагартала сьпіс выклікаў. — О-о-о, даўно табе твой не званіў!

Лавянецкая падкрэсьлена абыякава пфыркнула.

Яна складана разварочвалася між прыпаркаванымі машынамі; і тут задняе правае кудысьці правалілася, дно скрыгатнула па асфальце.

Сьвета выйшла глядзець. Кола павісла над каналізацыйным калодзежам, а накрыўка — усё празь яе — тырчэла ўпоперак тамсама. Дамкрат ёсьць, справаў на пяць хвілінаў. Лавянецкая ўдарыла кулаком па даху машыны, потым мыском чаравіка па пратэктары, сказала: “Сука!” і заплакала.

Хуткая ехала сорак хвілінаў, і ўсе гэтыя сорак хвілінаў Лавянецкая курчылася ў гістэрыцы на заднім сядзеньні. Маша сядзела сьпераду, гартала каналы радыё і цярпліва адсочвала ў люстэрку задняга віду, як сястра выгінаецца і дзярэ пальцамі абіўку.

Мэдбрат укалоў соннага, і Лавянецкая адразу вырубілася; Маша вяла перамовы.

— Вы разумееце, што калі яе забіраць, то гэта будзе ня проста нейкі звычайны шпіталь?

— Я вам пра што і кажу, — Маша прыцішыла голас, бо вакол сабраўся маленькі натоўп зь цікаўных бабак, — я і кажу: забірайце…

— Ну, як знаеце, — лекар паціснуў плячыма.

* * *

Лавянецкая, якую паўгадзіны таму расштурхала мэдсястра, сядзела ў кабінэце лекара, церла вочы, скроні, пазірала за акно: намагалася адрозьніць ранак ад вечара.

— Распавядайце, распавядайце, — настойліва паўтарыў псыхіятар.

Лавянецкая напружылася.

— Я крыху не стрымалася, — яна зноў усьміхнулася, — і, шчыра кажу, інцыдэнт вычарпаны. У мяне ўсё выдатна. Выбачайце, што займаю ваш час.

— Сьвятлана, падыдзіце, калі ласка, да рукамыйніка. Так, туды, за шафу, — Лавянецкая паслухмяна пайшла, мяркуючы, што з валасамі непарадак, — і паглядзіце на сябе ў люстэрка.

Зь люстэрка над рукамыйнікам на яе глядзела панда. Пад вачыма былі такія роўныя сінія кругі, нібыта яе грыміравалі наўмысна.

— У нашае аддзяленьне стаіць чарга з усёй вобласьці, — працягваў доктар, — вы — пацыент, і я, як вы сказалі, не марную час, а працую. Вы добра сябе бачыце ў люстры? Калі вы, Сьвятлана, надалей маеце разыгрываць зь сябе супэр-боса, — калі ласка, сілай мы не трымаем нават платных пацыентаў. Але празь месяц вы зноўку трапіце ў шпіталь, але ўжо не ў псыхіятрыю і не ў аддзяленьне нэўрозаў, куды настаўніцы кладуцца як у санаторый, — а ў кардыялёгію, ці ў нэўралёгію, ці што ў вас там выявіцца найслабейшым у арганізьме. Так што спыніце гэтую барацьбу за ўладу, вярніцеся на месца, — Сьвета яшчэ агаломшана разглядала сваё новае аблічча, — і працягнем размову.

— Я проста стамілася, — Лавянецкая перабірала позіркам начыньне кабінэта, — ведаеце, у мяне крамы, людзі працуюць, а гэта такая адказнасьць…

Псыхіятар маўчаў і пільна глядзеў на яе. Лавянецкая пракаўтнула сьліну:

— Разумееце… Мяне кінуў… — горла запяршыла, голас запнуўся і дыяфрагма зноў падпёрла лёгкія; Лавянецкая, з жахам адсочваючы нутраныя сутаргі, паўтарыла гучна:

— Мяне кінуў каханак!

Яна пачала прамаўляць таропка, каб апярэдзіць чарговую хвалю прыбітай уколамі гістэрыкі:

— А ведаеце, што самае крыўднае? Ён мне даслаў паведамленьне: “Не пераймайся, я таго ня варты”! А чаму ты пра гэта не сказаў, калі з мной знаёміўся? Чаму, калі дасылаў з кур’ерам букеты, не чапляў паштовачку “Я таго ня варты”? Выходзіць, што кожнае ягонае слова каштавала меней, чым літары, зь якіх яно складзенае! Выходзіць, ён прадаваў сябе па найвышэйшым кошце, а калі я купіла — то патлумачыў, колькі каштуе насамрэч! Так нават на рынку не падманваюць! — Лавянецкая зноў заплакала.

* * *

Сьвятлана сапраўды доўга не стрывала ў шпіталі: змушанае нудоцьце пагражала разьвіцьцём новага псыхозу.

— О, а тут што за фоткі? Новыя? — сяброўка Ірма акупавала кампутар, а Лавянецкая ляжала побач на канапе, задзершы ногі.

— Гэта на дачы ў Баранава. Шэф гэтага, — Лавянецкая пракаўтнула імя нядаўняга каханка, — я ў яго парашкамі пральнымі маю закупіцца.

— Ого, а чаму ў яго на дачы мэбля такая? У мяне нат дома такой ніколі ня будзе!

— Таму што ён бандыт.

— Ты што? Сапраўдны?

— З тых, першых.

— Ну і свалата!

— Не пераймайся, яго ўжо бог пакараў.

— Як?

— У яго жонка памерла, а потым адзіны сын загінуў.

— Н-да, жах… А сыну колькі было?

— Дваццаць два.

— Божа, бедны хлапчук!

— Таксама быў бандыт.

Сьвятлана дацягнулася да стала, узяла пакунак з сокам, даліла сабе ў шклянку.

— Ну і фінгалы ў цябе, Лавянецкая! — каторы раз за дзень паўтарыла Ірма. — Ну, не пераймайся, усё па справядлівасьці…

— А ты толькі парады разумныя раздаеш…

— І раздаю! — пагадзілася Ірма. — Я табе адразу сказала: не набліжайся да гэтага мужчыны зь вялікай літары “Му”. А ты мне што? Сапраўдная любоў, сапраўдная любоў, ты мяне ня хочаш разумець, а толькі парады раздаеш. Паслухала б, меней цяпер сопляў было б.

Лавянецкая моўчкі чытала эсэмэскі ў тэлефоне Ірмы: тая бессаромна дэманстравала плён тыднёвага раману ў доме адпачынку.

— Ну як? Знайшла дзесяць адрозьненьняў? — Ірма забрала апарат. — Поўны набор жанатага курвеля. Люблю-люблю, каханая-каханая, найлепшая ў сьвеце, думаю толькі пра цябе. Ну і чым адрозьніваецца твая “сапраўдная любоў”?

— Слухайце, як вы ўсе жывяце? — змрочна пацікавілася Лавянецкая. — Сышліся, разышліся, здрадзілі, усе задаволеныя, усім добра! Чаму я адна пакутую?

— Ты ж прынцэса на гарошыне. Я цябе ведаю. Проста табе стае добрага выхаваньня не хадзіць паўзь людзей з выглядам “Асьцярожна, карона зваліцца”. Ты ганарлівая да паталёгіі. Людзі радуюцца жыцьцю, а ты спаць ня можаш: ах, мяне падманулі! Твая пыха — гэта твая гарошына. Ну падумаеш, падманулі, — плюнула і далей пайшла. Не-е-е, табе паўмесяца трэба было на гэтай гарошыне варочацца, ажно ў псыхушку трапіла…

Ірма нахілілася, і падушка з канапы праляцела міма.

— І рукі ў цябе, Сьветка, дрыжаць, — дадала яна.

* * *

На дачы трываў абязьлюднены зацішак: тое, чаго насамрэч неставала Сьвятлане ў горадзе. Зрэшты, дамову з Баранавым у стане была падпісаць і ейная намесьніца; пагатоў, ад Лавянецкай з кругамі пад вачыма й дрыжыкамі ў руках вялікай карысьці не было.

Апоўначы сон разбурылі грукат і гудзеньне; Сьвятлана, раптоўна абуджаная, не адразу зразумела, што па абводнай каляіне пусьцілі таварны цягнік. Грукат запоўніў усю прастору ночы; здавалася, нібыта таварняк зараз пройдзе паўз дом і ейны ложак.

Сьвятлана глядзела ў разбаўленую цемру: займаўся раньні летні сьвітанак. Ірма ўсё ж ня мела рацыі. Гарошына, што не давала ёй спаць, прарасла і цягнулася ўгору скручанымі тугімі вусікамі; і была яна ня пыхай, а любоўю. Цягнік усё грукацеў і грукацеў, скаланаючы зямлю; Сьвятлана ляжала і думала, што цяпер усё будзе добра, усё будзе проста ў жыцьці: варта толькі прычакаць, пакуль недарэчная расьлінка ейнай любові счарнее і скурчыцца без вады; варта трываць і чакаць, пакуль яе пачуцьцё выйдзе вонкі, зьнікне ў цемры і саступіць месца цішыні, як зараз зьнікне грукат таварнага цягніка.

2. СЬНЕЖНАЯ КАРАЛЕВА. ІРМА ГОФМАН


Ірма вярталася дадому ад сяброўкі. Па горадзе плыло каламутнае задушша, як бывае перад навальніцай; і Ірме здавалася, што гэта яе нутраны морак выйшаў вонкі і цяпер накрываў вуліцы. Наўрад ці варта было і без таго змучанай Лавянецкай назаляць уласнымі турботамі; але менавіта адчай Сьвятланы па кантрасьце выявіў Ірміну гіпатэрмію. Яна павольна крочыла па горадзе, спавітым сьпёкай, і адчувала крытычна паніжаны градус уласных эмоцый. Засвоены шчэ ў юнацтве спосаб унікаць любога болю нарэшце высьпеліў багаты ўраджай пабочных эфэктаў. Заставаўся адзіны сродак выжыць — не даваць сабе заснуць на марозе; калісьці Ірма ўваходзіла ў раманы зь непахіснай абыякавасьцю, якая пераможна кружыла галаву й дазваляла лёгка скараць любыя вяршыні; а цяпер хіба шчыпала сябе час ад часу, спрабуючы зрабіць балюча. Ашчадна выгадаваная прыгажосьць — годны паварот галавы, прыпушчаныя вейкі, паўусьмешка — усё гэта выявілася прыдатным хіба для таго, каб празрыста адбівацца ў люстраных вітрынах.

Ля кавярні Ірма прыпынілася, разважаючы пра магчымую каву, і раптам заўважыла за столікам малодшую сястру Лавянецкай, Машу; а зь ёй сядзеў — Ірма не магла з пэўнасьцю назваць нават ягонага імя — нядаўні каханак з дома адпачынку; менавіта ягоныя паведамленьні сталіся дыдактычным матэрыялам для рэабілітацыі Сьвятланы.

Як цікава ўсё ж закручваецца лёс! — Ірма пасьміхнулася — цікава і абсалютна бессэнсоўна. Сапраўды, які быў сэнс у тым, што цяпер яна мецьме агульнага каханка зь сястрой лепшай сяброўкі? Ірма хацела была пазваніць Лавянецкай, папярэдзіць; але падумала, што Сьветцы не да таго; вырашыла пазваніць пазьней; але ўрэшце махнула рукой. Хай ідзе як ёсьць.

Ірма рушыла далей па вуліцы. Нечаканая не-сустрэча крыху ўзрушыла яе, хвілінная туга мінулася; Ірма ішла, адсочваючы свой беззаганны адбітак у вітрынах, і думала: як добра, што ніводзін у сьвеце мужчына ня варты ейных сьлёз.

3. ОЛЕ-ЛУКОЙЕ. ОСКАР РАФАЛОЎСКІ


— Оскар Маркавіч, гэта да вас!

Адразу па голасе сакратаркі ён здагадаўся, хто мае адчыніць дзьверы кабінэта. Хлопцы, маладзейшыя за яго значна болей чым удвая, селі пры стале, не чакаючы запрашэньня, на сэкунду раскрылі пасьведчаньні і неразборліва назваліся.

— Паўтарыце, калі ласка, — папрасіў Рафалоўскі.

Адзін з наведвальнікаў хмыкнуў, не раўнуючы канвойны, якога вязень папрасіў аслабаніць кайданкі:

— Слухайце ўважліва, каб я не паўтараў два разы, — ён прамаўляў і пры тым пагрукваў па стале касьцяшкамі, акампануючы сабе барабанным дробам, — і тэлефончык ваш адключыце, я там ужо сакратарцы вашай загадаў, каб нікога не пускала…

Рафалоўскі пільна глядзеў яму ў вочы і чакаў, ці здагадаецца ўрэшце хлопец, наколькі не стасуецца тон ягонай прамовы з уласным векам, статусам, месцам і з прафэсіяй суразмоўцы.

— Оскар Маркавіч, — другі хлопец, якога відавочна апякло сорамам за борзасьць напарніка, сьпешна пачаў прамаўляць, — Оскар Маркавіч, выбачайце, што патурбавалі. Мы з Упраўленьня дэпартамэнту па фінансавых расьсьледаваньнях. Да вас цягам бліжэйшых дзён паступіць пацыентка Лавянецкая Сьвятлана, ёй трэба даць месца. І патрымайце яе ў шпіталі колькі дзён, мы потым паведамім. У яе будуць там праблемы з прыватным жыцьцём, ну, я ня ведаю, пераканайце яе неяк, гэта ўжо вашая справа. Яшчэ я папрашу, Оскар Маркавіч, каб інфармацыя далей за вас не пайшла, гэта зразумела.

— Ну што? — напалоханая сакратарка зазірнула ў кабінэт, калі наведвальнікі сышлі.

— Нармальна ўсё, нармальна! — Рафалоўскі махнуў ёй рукой, каб выйшла ды не пераймалася. Сорак гадоў ён працаваў псыхіятрам, і ніколі ня зводзіліся хлопчыкі, бязвусыя ці вусатыя, камічныя ды вартыя жалю ў сваёй п’янкой ілюзіі валоданьня ўладай.

4. СІНЯЯ БАРАДА. АНАТОЛЬ ГРАМЫКА


Анатоль Грамыка датычна сваёй будучыні ілюзій ня меў; пытаньне было ў тым, калі і хто менавіта ператворыць яго з жывога трупа ў труп сапраўдны. Уласна, выбару ён быў пазбаўлены ўжо тады, калі палкоўнік, зьнішчаючы крымінальную справу на роўні пракуратуры, тлумачыў, што трэба будзе “вярнуць пазыку”. А ад таго моманту, калі ў прыбіральні боўлінга мужчына ля суседняга рукамыйніка пазбаўленым эмоцый голасам паведаміў пра неабходнасьць сустрэцца, — ад таго моманту проста пачаўся зваротны адлік гадзіньніка, убудаванага ў выбуховую прыладу.

Таксама складана было даць веры, што Баран не заўважае пад уласным носам мянтоўскай распрацоўкі. Аднак загады мянта з прыбіральні адзначаліся ня меншым цынізмам, чым ідэі Барана.

— Для пэўнасьці, — казаў маёр (Грамыка ўмоўна называў яго маёрам, мяркуючы па веку), — для пэўнасьці неабходна стацца ейным каханкам.

Для якой пэўнасьці? — Грамыка меркаваў, што досыць і простых перамоваў, каб гендырэктарка сеткі крамаў набыла ў іх тры вагоны рознай хіміі.

Жыцьцё ў абыякавым чаканьні кулі ў лоб не спрыяе рамантычным развагам; Сьвятлана Лавянецкая, трыццаць пяць гадоў, забіваецца са сваімі чатырма крамамі; Грамыка справядліва ўважаў сябе абсалютна ня вартым зьвернутай да яго нечакана шчырай любові. Сьвятлану было шкада. Ейная любоў была, па сутнасьці, плёнам апэратыўнай распрацоўкі і мусіла быць пакладзеная на алтар дзяржаўнай бясьпекі.

Грамыка сядзеў на падлозе ў кватэры безь сьвятла і піў “Напалеон” з рыльца: здаецца, прысьпеў час, калі можна спусташаць бар з калекцыйнымі каньякамі. Сьветка выявілася адзіным чалавекам, зь якім шкада было разьвітвацца. Ён доўга шукаў прыдатнай фармулёўкі. “Не пераймайся. Я таго ня варты” — Грамыка пастараўся ўкласьці ў апошняе паведамленьне як мага болей шчырасьці.

5. МАША І МЯДЗЬВЕДЗІ. МАРЫЯ ЛАВЯНЕЦКАЯ


— Папярэдняя дамоўленасьць паміж Баранавым і крамай дасягнутая; апэрацыя па затрыманьні павінна быць праведзеная адразу пасьля падпісаньня дамовы асабіста Баранавым; такім чынам мы атрымліваем накладныя, на падставе якіх, скаардынавана з мытняй, праводзім арышт усёй партыі. Баранаў знахабеў і страціў асьцярожнасьць і пачуцьцё рэальнасьці; увесь таварны састаў праходзіць мытню як паражняк; такім чынам, мы атрымліваем буйны памер злачынства; і далей… Такім чынам… паводле нашых інфарматараў, наркотыкі ён перавозіць не асобным каналам, а разам з кантрафактам. Такім чынам, на падпісаньні дамовы мы маем фармальную нагоду затрыманьня Баранава. І, таварыш палкоўнік, у мяне будзе просьба асабістага кшталту, — Лавянецкая запытальна паглядзела на начальніка і, атрымаўшы дазвол, працягнула: — Я б хацела, каб на затрыманьні не прысутнічала мая сястра, а дамову падпісвала намесьніца.

Калі Маша ішла па калідоры з нарады да сябе ў кабінэт, Палякоў нагнаў яе і паклаў руку ніжэй сьпіны:

— Ну што, маёр Лавянецкая? Будзем з табой падпалкоўнікамі, а?

— Давай, Палякоў, ты са сваімі бабамі мяне блытаць ня будзеш, а? — Маша прыбрала ягоную руку. — Нам з табой шчэ працаваць разам.

* * *

Сьвятлана скіравала машыну ў двары, каб аб’ехаць затор на галоўнай дарозе. Маша намагалася завесьці зь сястрой гутарку пра тое, як добра было б ёй колькі дзён адпачыць, але Сьвятлана хіба зацята маўчала. Ад трасяніны з кранштэйну на прыборнай панэлі выпаў тэлефон. Маша перахапіла яго, каб спраўдзіць, ці не пачаў Грамыка, крый божа, якую-небудзь уласную гульню.

Тут задняе правае кола правалілася ў дрэнна закрыты люк; у Сьветкі пачалася страшная гістэрыка. Маша, у чаканьні выкліканай хуткай, сядзела на пярэднім сядзеньні, гартала каналы радыё і змрочна думала, што ідэя Палякова зьвесьці ейную сястру з паплечнікам Барана была стоадсоткава ідыёцкай: Сьветка і так пагадзілася б купляць у Барана пральныя парашкі. Адылі, ейная ўласная ідэя схаваць родную сястру — для бясьпекі! — у псыхушку была ідыёцкай ня менш. Аднак каяцца было позна.

Калі хуткая зьехала, Маша без усялякага дамкрата выехала зь люка і пазваніла Палякову:

— Давай пачынаць. Кажы там свайму Грамыку, што заўтра-пазаўтра з Баранам падпісваем ужо.

* * *

Маша сядзела ў кабінэце пры стале і грызла аловак. Яна не ўважала сябе за прымхлівую; аднак мела стоадсоткавую ўпэўненасьць, што менавіта Палякоў сваімі хапаньнямі яе за задніцу і прароцтвамі пра падпалкоўнікаў сурочыў усю справу. Баранаў зьнік, невядомым чынам і ў невядомым кірунку.

— Хадзем, Палякоў, кавы пап’ем, я не магу тут ужо сядзець, — яна зазірнула ў кабінэт да напарніка, і яны спусьціліся ў кавярню.

Па горадзе плыло каламутнае задушша, як бывае перад навальніцай. Але навальніца не пачыналася, а пачыналася ноч, якая набліжала наступны дзень, калі трэба будзе пісаць тлумачальную на імя палкоўніка Лесунова аб прычынах правалу апэратыўнай распрацоўкі.

Палякоў адказаў на званок мабільніка; і па тым, як ён мяняўся з твару, Лавянецкая разумела, што навальніца пачалася.

— Ну што, маёр Палякоў, будзем з табой лейтэнантамі?

— Знайшлі труп Барана, — Палякоў сунуў тэлефон у кішэню, — прыкладна тры дні наш кіраўнік буйной злачыннай арганізацыі правёў у каналізацыйным калодзежы ў цэнтры гораду, з куляй у галаве…

Яны подбегам вярталіся ў аддзяленьне; Палякоў увесь час набіраў адзін нумар.


— Ну што твой Грамыка? — Маша запнулася на прыступцы і схапіла Палякова за руку, каб ня ўпасьці.

— Недаступны! — Палякоў вылаяўся. — Ну і дзе яго шукаць?

Маша набрала нумар сястры; тая не адказвала.

— Ведаеш што, Палякоў? Я ня маю ніякага ўяўленьня…

6. ЭПІЛЁГ


Сьвятлана ляжала і думала, што цяпер усё будзе добра, усё будзе проста ў жыцьці; і тут у вакно пагрукалі; ёй заняло мову.

Яна стаяла на ганку босая і плакала, закрыўшы твар далонямі; злаваць на Грамыку Лавянецкая была ня ў стане; той зацягваў яе ў дом і цалаваў у патыліцу.

— Сьвета… Апранайся. Трэба ехаць. Нічога не бяры, толькі апраніся.

Калі Лавянецкая пабегла ў пакой, ён узяў ейны тэлефон, выцягнуў сім-картку, зламаў яе між пальцамі, потым размахнуўся і закінуў мабільнік у хмызы.

На ўсю ваколіцу грукацеў таварны састаў, парожні паводле мытных накладных.

Югася Каляда

Югася Каляда, magdalena-jo-jo.livejournal.com
28 гадоў, нарадзілася і жыву ў Гомелі, пішу прозу і вершы.

Калі я, з прапановы сяброў, пачала пісаць блог, то зьдзіўлена адзначыла, што дзіцячая мара пісаць пра асабістае і пры тым зьвяртацца да абстрактнага чытача нарэшце спраўдзілася. Я пішу блог, каб не губляць адэкватнасьці на самоце, каб адчуваць час; адным словам — каб заўжды быць “на сувязі”.

Утапічнае грамадзтва роўных магчымасьцяў насамрэч існуе ў блогасфэры. У рэале ты можаш быць кім заўгодна: зоркай эстрады, палітыкам і г.д., але тым самым не дадасі папулярнасьці свайму блогу. У блогасфэры ўспрыманьне чалавечай асобы ёсьць больш цэльным, не затлумленым стэрэатыпамі вонкавага выгляду і сацыяльнага статусу.

Датычна таго, што я не люблю ў блогах. Прасьцей будзе адказаць, у чым блогі больш дасканалыя, чым рэал: у жыцьці мне часьцяком нестае працэдуры бану :)

Я люблю чытаць блогі-дзёньнікі, шчырыя і падрабязныя; іх аўтары не імкнуцца да пашырэньня аўдыторыі, таму я давацьму спасылкі не на іх. Вось некалькі проста цікавых:

michaltraceuski — мой ніколі ня бачаны сусед, пэрыядычна піша вельмі цікавыя зьвесткі пра Гомель

prymus — добра піша, добра фатаграфуе

yury-birukov — вандруе па аддаленых краінах

amirko — паўсюль шукае і праяўляе старыя стужкі са старых фотаапаратаў

_bme_ — нарадзіўся з мной у адзін дзень, канцэпцыя ЖЖ настолькі шырокая, што лепш за ўсё акрэсьліваецца выразам “вельмі цікава!”