Руал Дал. Генэзіс і катастрофа

Анка Упала

Сапраўдная гісторыя

(пераклад з ангельск. ― Анка Упала)


— Усё ў парадку, — сказаў лекар. — Проста адкіньцеся і адпачывайце.

Ягоны голас гучаў нібыта за кілямэтры адсюль, падавалася, што ён крычыць на яе.

— У вас сын.

— Што?

— У вас цудоўны сын. Разумееце мяне? Цудоўны сын. Чуеце, як ён плача?

— Ён у парадку, доктар?

— Вядома, у парадку.

— Калі ласка, дазвольце мне на яго паглядзець.

— Зараз вам яго прынясуць.

— Вы ўпэўнены, што ён у парадку?

— На сто адсоткаў.

— Ён усё яшчэ плача?

— Паспрабуйце адпачыць. Няма аб чым хвалявацца.

— Чаму ён перастаў плакаць, доктар? Што здарылася?

— Не накручвайце сябе, калі ласка. Усё добра.

— Я хачу яго бачыць. Калі ласка, дайце мне на яго паглядзець.

— Дарагая, — адказаў лекар, паляпваючы яе па руцэ, — у вас цудоўнае, моцнае, здаровае дзіця. Ці вы думаеце, я вас падманваю?

— А што тая фраў зь ім робіць?

— Ваша дзіця ўсяго толькі падрыхтоўваюць для таго, каб вам паказаць, — супакоіў доктар. — Яго проста выкупаюць. Прыйдзецца крыху пачакаць.

— Вы кленяцеся, што ён у парадку?

— Клянуся. А зараз прыляжце і адпачніце. Ну, заплюшчвайце вочы. Вось і малайчына. Так ужо лепей. Харошая дзяўчынка…

— Я так шмат малілася, каб толькі ён жыў, доктар.

— Вядома, ён будзе жыць. Пра што вы кажаце?

— Іншыя ня выжылі.

— Што?

— Ніхто з маіх ранейшых дзяцей ня выжыў, доктар.

Лекар стаяў каля яе ложка і разглядаў бледны змучаны твар маладой жанчыны. Дагэтуль ён ніколі яе ня бачыў. Яна і яе муж былі новымі людзьмі ў горадзе. Жонка гаспадара гатэлю, якая прыйшла дапамагчы з родамі, сказала, што муж гэтай кабеты ўладкаваўся працаваць на мытню. Каля трох месяцаў таму яны засяліліся ў гатэль, з сабой у іх былі толькі два чамаданы. Муж паддае, казала жонка гаспадара гатэлю, такі напышлівы і ўладалюбны алькаголік. А жонка — мілая жанчына, выхаваная і набожная. Вельмі сумная, ніколі не ўсьміхнецца. За некалькі тыдняў, якія яна правяла тут, жонка гаспадара гатэлю ніколі ня бачыла, каб тая ўсьміхнулася. Хадзілі плёткі, што ў ейнага мужа гэта ўжо трэці шлюб, што нібыта першая жонка памерла, а другая разьвялася зь ім з-за нейкай агіднай гісторыі. Але гэта было няпэўна, проста так казалі.

Лекар нахіліўся і падцягнуў коўдру вышэй, да грудзей пацыенткі.

— Няма з-за чаго хвалявацца, — сказаў ён мякка, — дзіця абсалютна нармальнае.

— Тое самае казалі і пра астатніх. Але я страціла іх усіх. За апошнія васямнадцаць месяцаў я страціла ўсіх трох маіх дзяцей, таму не вінавацьце мяне ў тым, што я занадта непакоюся.

— Трох?

— Гэта мой чацьвёрты… за чатыры гады.

Лекар ніякавата патаптаўся па голых дошках падлогі.

— Думаю, вы не ўяўляеце, што гэта значыць, доктар, страціць іх усіх, усіх трох, за кароткі тэрмін, аднаго за адным. Я ўсё яшчэ бачу іх. Магу бачыць твар Густава гэтак жа ясна, як бы ён ляжаў на ложку побач са мной. Густаў быў прыгожым хлопчыкам, доктар. Але ён заўсёды быў хворы. Жахліва, калі яны ўвесь час хварэюць, а ты нічога ня можаш з гэтым зрабіць.

— Ведаю.

Жанчына расплюшчыла вочы, некалькі сэкундаў глядзела на лекара, потым зноў іх заплюшчыла.

— А маю дзяўчынку звалі Іда. Яна памерла за некалькі дзён да Раства.Толькі чатыры месяцы таму. Хацела б я, каб вы ўбачылі маю Іду, доктар.

— У вас нарадзілася новае дзіця.

— Але Іда была такая прыгожая.

— Так, — сказаў лекар, — я ведаю.

— Адкуль вы ведаеце? — усхліпнула жанчына.

— Упэўнены, што яна была прыгожым дзіцём. Але гэтае, новае, таксама прыгожае.

Лекар адвярнуўся ад ложка, падышоў да вакна і паглядзеў ува двор. Быў шэры і вільготны красавіцкі дзень, бачна было, як буйныя кроплі плёскалі па чырвонай дахоўцы дамоў насупраць.

— Ідзе было два гады, доктар… і яна была такая прыгожая, што я не магла адвесьці вачэй, ад раніцы, калі апранала яе, да вечара, калі ўкладвала спаць. Увесь час я адчувала жуду ад таго, што з гэтым дзіцём можа штосьці здарыцца. Густаў сышоў, гэтак жа сама, як і мой маленькі Ота. Яна была ўсё, што ў мяне заставалася. Часам я ўзьнімалася ўначы, на дыбачках кралася да калыскі, каб нахіліцца вухам да яе рота і паслухаць, ці дыхае яна.

— Паспрабуйце адпачыць, — сказаў доктар, вяртаючыся да ложка. — Калі ласка, паспрабуйце адпачыць.

Твар жанчыны быў белы і бяскроўны. Вакол рота і крылаў носа ляжаў блакітна-шэры цень, да ілба прыліплі вільготныя валасы.

— Калі яна памерла… Я ізноў была цяжарная, калі гэта здарылася, доктар. Калі Іда памерла, ужо добрыя чатыры месяцы я насіла гэтае новае.

Клара
Не хачу яго! ― закрычала я пасьля пахаваньня. ― Ня буду яго нараджаць! Я дастаткова дзяцей пахавала!

А мой муж… ён тоўкся паміж гасьцямі зь вялікім куфлем піва… хутка падскочыў і сказаў: “Клара, у мяне для цябе добрыя навіны, сапраўды добрыя”. Вы можаце сабе гэта ўявіць, доктар? Мы толькі што пахавалі наша трэцяе дзіця, а ён стаіць з куфлем піва і кажа, што ў яго добрыя навіны. “Сёньня мне далі перавод у Браўнаў, ― так ён сказаў, ― так што ты можаш пачынаць пакаваць рэчы. Для цябе, Клара, гэта будзе новы пачатак, ― такія былі ягоныя словы. ― На новым месцы ў цябе будзе новы лекар…”

― Калі ласка, не размаўляйце больш.

― Доктар, гэта вы той самы лекар?

― Гэта я.

― І вось мы цяпер у Браўнаў?

― Так, мы тут.

― Я баюся, доктар.

― Паспрабуйце не баяцца.

― Якія шанцы ў гэтага чацьвёртага?

― Нам трэба перастаць гэтак думаць.

― Не магу. Я ўпэўнена, што нешта спадчыннае забівае маіх дзяцей. Мусіць быць штосьці такое.

― Глупства.

― Доктар, вы ведаеце, што сказаў мой муж, калі нарадзіўся Ота? Ён увайшоў у пакой, паглядзеў у калыску, дзе Ота ляжаў, і запытаўся: “Чаму ўсе мае дзеці павінны быць такімі дробнымі і слабымі?”

― Упэўнены, што ён такога не казаў.

― Ён засунуў галаву проста ў калыску Ота, нібыта дасьледаваў нязначную мошку, і сказаў: “Мяне зьдзіўляе толькі адно: чаму не атрымоўваюцца лепшыя экзэмпляры? Толькі гэта й зьдзіўляе”. А праз тры дні Ота памёр. Мы пахрысьцілі яго хутка, і ён памёр увечары. Потым памёр Густаў. Потым Іда. Усе яны памерлі, доктар… У момант наш дом спусьцеў…

― Толькі цяпер пра гэта ня думайце.

― Гэтае таксама такое маленькае?

― Нармальнае дзіця.

― Але маленькае?

― Крыху драбнаватае, але ў маленькіх часта мацнейшая хватка, чым у вялікіх. Толькі ўявіце, фраў Гітлер, праз год, гэтай самай парою, ён ужо будзе спрабаваць станавіцца на ножкі. Ці ня слаўная гэта думка?

Яна нічога не адказала на гэта.

― А праз два гады, магчыма, ён будзе без упыну балбатаць і выводзіць вас зь сябе сваім лапаценьнем. Вы яшчэ не абралі для яго імя?

― Імя?

― Ну, так.

― Ня ведаю, я ня ўпэўненая. Мне падаецца, муж казаў, што, калі будзе хлопчык, мы яго назавем Адольфусам.

― То бок яго будуць зваць Адольф?

― Так, мужу падабаецца імя Адольф, таму што яно гучыць падобна як Алаіз. Так завуць мужа.

― Выдатна.

― О не! ― са сьлязьмі закрычала яна, падскочыўшы з падушкі. ― Яны пыталіся тое самае, калі нарадзіўся Ота! Гэта значыць, што яно памрэ! Зараз жа рыхтуйце ўсё для хросту!

Алаіз
― Цішэй-цішэй, ― сказаў лекар, далікатна трымаючы яе за плечы, ― вы памыляецеся. Запэўніваю вас, памыляецеся. Проста вам трапіўся ня ў меру цікаўны лекар, вось і ўсё. Люблю пагаварыць пра імёны. Мяркую, Адольфус — надзвычай удалае імя. Адно з маіх любімых. Дарэчы, зірніце, вось і ён.

Ідучы з асьцярогай, высока трымаючы дзіця на неабнімных грудзях, жонка гаспадара гатэлю наблізілася да ложка. “Вось ён, маленькі прыгажун! ― прасьпявала яна з замілаваньнем. ― Ня хочаце яго патрымаць, дарагая? Пакласьці яго побач?”

― Яго добра загарнулі? ― запытаўся доктар. ― Дужа халодна тут.

― Вельмі добра загарнулі.

Дзіця было шчыльна спавіта ў белую ваўняную шаль. Адкрыты быў толькі ружовы тварык. Жонка гаспадара гатэлю ціха паклала скрутак каля маці. “Вось, цяпер можаце ляжаць і глядзець на яго колькі душа жадае”.

― Думаю, ён вам спадабаецца, ― сказаў лекар, усьміхаючыся. ― Цудоўнае немаўля.

― У яго самыя міленькія ручкі, ― выгукнула жонка гаспадара гатэлю, ― такія мініятурныя пальчыкі!

Маці не зварухнулася. Нават не павярнула галавы, каб паглядзець.

― Ну, зірніце ж! ― падбадзёрыла жонка гаспадара гатэлю. ― Ён вас ня ўкусіць!

― Баюся глядзець. Мне ўсё роўна, што ў мяне новае дзіця і што яно ў парадку.

― Не дурыце.

Павольна маці павярнула галаву і паглядзела на малюсенькі ціхамірны тварык таго, хто ляжаў на падушцы побач зь ёй.

― Гэта маё дзіця?

― Вядома.

― О… о… але яно прыгожае.

Лекар павярнуўся, перайшоў да стала і пачаў складаць свае рэчы ў валізу. Маці ляжала на ложку, разглядаючы дзіця і ўсьміхаючыся, пяшчотна кранала яго пальцамі, штосьці ціха казала яму.

― Прывітаньне, Адольфус, ― шаптала яна. ― Прывітаньне, мой маленькі Адольф.

― Ц-с-с-с! ― засыкала жонка гаспадара гатэлю. ― Чуеце? Здаецца, ідзе ваш муж.

Лекар падышоў да дзьвярэй. Адчыніў іх і зазірнуў у калідор.

― Гер Гітлер!

― Я.

― Калі ласка, заходзьце.

Увайшоў спадар нізкага росту ў цёмна-зялёнай уніформе, агледзеў пакой.

― Прыміце мае віншаваньні, ― сказаў лекар. ― У вас сын.

У спадара былі агромністыя бакенбарды і вусы на манэр імпэратара Франца Ёзэфа, бачна было, што іх пэдантычна прыводзяць у належны выгляд. Ад мужчыны моцна патыхала півам.

― Сын, кажаце?

― Сын.

― Як ён?

― У парадку. І вашая жонка таксама.

― Добра.

Мужчына завярнуўся і, крыху ненатуральна падскокваючы, вялікімі крокамі падышоў да ложку, дзе ляжала ягоная жонка.

― Ну што, Клара, ― сказаў ён, усьміхаючыся ў вусы, ― як справы?

Ён нахіліўся, каб паглядзець на немаўля. Потым нахіліўся яшчэ. Адрывістымі рухамі ён нахіляўся ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль ягоны твар не апынуўся за трыццаць сантымэтраў ад галавы дзіцяці. Жонка ляжала збоку на падушцы і глядзела на яго з маленьнем у вачох.

― У яго найдізвосныя лёгкія, ― заўважыла жонка гаспадара гатэлю, ― Шкада, вы ня чулі, як ён закрычаў, калі зьявіўся на сьвет.

― Але, божа мой, Клара…

― Што, мілы?

― Гэты яшчэ драбнейшы за Ота!

Лекар зрабіў два хуткія крокі наперад.

― Дзіця абсалютна здаровае.

Павольна мужчына выпрастаўся, павярнуўся сьпінай да ложка і паглядзеў на лекара. На яго твары былі зьбянтэжанасьць і боль.

― Ня варта маніць, доктар. Я разумею, што гэта значыць. Усё будзе гэтак жа, як і мінулыя разы.

―Цяпер слухайце мяне, ― сказаў лекар.

― Але ці ведаеце вы, што здарылася зь іншымі?

― Забудзьце пра тое, што здарылася зь іншымі, гер Гітлер. Дайце шанец гэтаму.

― Але настолькі малы і слабы!

― Дарагі мой, ён толькі што нарадзіўся.

― Хай нават і так…

― Што вы спрабуеце зрабіць? ― крыкнула жонка гаспадара гатэлю. ― Казаць так, пакуль і гэтага не зьведзяце ў магілу?

― Досыць! ― адрэзаў лекар.

Маці была ўжо ўся ў сьлязах, яе цела моцна торгалася ад усхліпаў.

Доктар наблізіўся да мужа кабеты, паклаў руку яму на плячо і прамовіў шэптам:

― Будзьце зь ёй ласкавым, калі ласка, гэта вельмі важна.

Ён моцна паціснуў яго плячо і цішком пачаў падштурхоўваць да жонкі. Мужчына вагаўся. Доктар сьціснуў пальцы на ягоным плячы мацней, настойваючы. Урэшце, зь вялікай неахвотай муж нахіліўся да жонкі і лёгка дакрануўся вуснамі да яе шчакі.

― Усё добра, Клара, ― вымавіў ён. ― Перастань плакаць.

― Я так шмат малілася, каб толькі ён жыў, Алаіз.

― Усё так.

— Кожны дзень некалькі месяцаў я хадзіла ў царкву і на каленях прасіла, каб гэтаму было дазволена жыць.

— Так, Клара, я ўсё гэта ведаю.

— Ты разумееш, што больш як трох памерлых дзяцей я не змагу вытрываць?

― Вядома.

― Ён павінен выжыць, Алаіз. Ён павінен, павінен… О божа, будзь літасьцівы да яго…

Анка Упала

Анка Упала, anka-upala.livejournal.com
Скончыла факультэт замежных моў Магілёўскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

2007 г. — перамагла ў літаратурным конкурсе імя Данііла Хармса ў Санкт-Пецярбургу.

2009 г. — выйшла ў фінал літаратурнага конкурсу імя Карласа Шэрмана для маладых літаратараў, арганізаванага беларускім ПЭН-цэнтрам.

Апавяданьні друкаваліся ў часопісе “Тэксты”, пераклад — у газэце “Літаратурная Беларусь”.



1. Навошта я пішу блог

Блог пішу як дзёньнік і як чарнавік. Не пісаць не магу, мне неабходна запісваць свае думкі і назіраньні так, каб іх чыталі. Усё прыватнае, праўда, пераважна пішу пад замок.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Свабоду і незалежнасьць. Я гаспадыня сваёй маленькай інтэрнэт-пляцоўкі.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах


Зьбіраньне віртуальных сяброў дзеля колькасьці. І добрым людзям, і нягоднікам, і рэклямным ботам, усім аднолькава “працягвае і паціскае руку” зьбіральнік. Я цаню людзей і таму паціскаю руку ня ўсім. Нават віртуальна.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Выбар характэрызуе чалавека. Таму я намалюю свой партрэт у блогах. Хопіць чатырох.

amin_77

kamrushepa

lionellia

n_mancevich