Беларусь — у лідэрах па колькасьці самагубстваў

10 верасьня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень папярэджаньня самагубстваў. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя сьведчыць, што Беларусь займае трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці самагубстваў.
Напярэдадні 1 верасьня зьвёў рахункі з жыцьцём 15-гадовы юнак зь вёскі Слабодка Талачынскага раёну, што на Віцебшчыне. Трагедыя здарылася пасьля таго, як хлопца зьвінавацілі ў саўдзеле ў крадзяжы шасьці мяхоў калгаснага збожжа. І гэта чацьвёрты выпадак самагубства школьнікаў за апошнія паўгода, кажа актывіст грамадзкай кампаніі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка:

Мікалай Петрушэнка
“Дзяўчынка 9-клясьніца кінулася пад цягнік і загінула ў вёсцы Коханава. На другі дзень у Талачыне дзяўчынка 14 год задушылася ў пятлі, а яе пахавалі па дакумэнтах як 19-гадовую. Затым загінуў 7-клясьнік зь вёскі Слаўнае — таксама самагубства. А вось паводле статыстыкі міністэрства мы чытаем, што гэта неасьцярожнасьць. Таму чацьвёрты выпадак, які здарыўся напярэдадні 1 верасьня, пэўна, таксама будзе сьпісаны на неасьцярожнасьць. Зараз пракуратура распачала крымінальную справу па факце фальшаваньня дакумэнтаў аб сьмерці 14-гадовай дзяўчынкі. Гэткім чынам, „Наш дом“, аб’яднаныя дэмсілы здолелі даказаць, што фальшуецца, прыхарошваецца статыстыка самагубстваў”.

Чыноўнікі ад мэдыцыны заяўляюць, што колькасьць суіцыдаў у Беларусі зьмяншаецца. І, у прыватнасьці, за першае паўгодзьдзе — на 3,2%. Аднак колькі чалавек зьвялі рахункі з жыцьцём сёлета — пра гэта інтэрнэт-сайт Міністэрства аховы здароўя маўчыць. Адмовілася паведаміць гэтую інфармацыю і галоўны псыхіятар міністэрства Сьвятлана Занская:

“Праз тэлефоны мы ніякай інфармацыі не даём. Такое распараджэньне кіраўніцтва, такі парадак”.

Тым ня менш адмыслоўцы сьведчаць, што толькі ў Менску з уласнай волі разьвітваюцца з жыцьцём каля двухсот чалавек штогод, а па ўсёй Беларусі самагубцаў за год набіраецца каля трох тысяч. Палова гэтых людзей нідзе не працуюць і ня вучацца. Каля 77% — гэта людзі працаздольнага веку, і каля 60% зь іх зводзяць рахункі з жыцьцём у стане алькагольнага ап’яненьня. Летась суіцыды выйшлі на першае месца ў структуры сьмяротнасьці ад зьнешніх прычын — 18,6%. Сярод найбольш вядомых — палітычнае самагубства праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай. Аднак моцны ўплыў мае і сацыяльна-эканамічны фактар, мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
“Тое, што людзі ня маюць пэўнасьці ў заўтрашнім дні, а плюс вялікая алькагалізацыя насельніцтва, неабароненасьць і гэтак далей. Пэўна, гэта асноўны сацыяльны фактар”.

Афіцыйная статыстыка пра колькасьць самагубстваў у Беларусі падае зьвесткі 2007 году, калі было зафіксавана 2 666 суіцыдаў — гэта 27,5 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Сярэднеэўрапейскі паказчык меншы на дзесяць выпадкаў, а паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя высокім лічыцца ўзровень 20 самагубстваў на 100 тысяч.



Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, на адно самагубства ў сьвеце прыпадае 8-9 спробаў суіцыду. У Беларусі такіх спробаў летась было зарэгістравана 6729, што на 50,6% больш, чым у 2007 годзе.