8 верасьня ў менскім сквэры Янкі Купалы бойкай падушкамі адзначылі гадавіну бітвы пад Воршай.
У сквэры Янкі Купалы сабралася больш за 1000 чалавек. Амаль кожны прыйшоў з сваёй пухаўкай. Багата хто прыйшоў проста паназіраць за відовішчам. Пераважна гэта былі маладыя людзі. Пэрформанс быў прысьвечаны ўгодкам Аршанскай бітвы. Паколькі большасьць удзельнікаў акцыі хацела змагацца на баку ліцьвінаў, адзін з арганізатараў акцыі Андрэй Кім прапанаваў тым, хто нарадзіўся ў няцотны месяц, стаць пад белым сьцягам ліцьвінаў, а хто ў цотным — пазмагацца пад чырвоным штандарам на баку Маскоўскага княства. У выніку ўсё ж перамагло войска ліцьвінаў.
Імпрэза выглядала абсалютна прыстойна. Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну ў форме і ў цывільным назіралі за тым, што адбываецца і ня ўмешваліся. Бо папярэдне арганізатары пэрформансу атрымалі дазвол ад Менгарвыканкаму на правядзеньне акцыі. Таму міліцыянты нікога не чапалі, але папрасілі каб не ўжывалася нацыянальная сымболіка.
Гэта ўжо другі такі пэрформанс. Першы быў прысьвечаны падзеям Грунвальдзкай бітвы.