Міліцыянты разагналі пікет ля расейскай амбасады

Расьцяжку «1514 год. Памятай, маскаль!» згортвае супрацоўнік міліцыі.

Міліцыянты разагналі акцыю “Маладога фронту” насупраць будынку расейскай амбасады, прысьвечаную ўгодкам Аршанскай бітвы. Актывістаў арганізацыі Міколу Дземідзенку і Маргарыту Кароль затрымалі і адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску.

Мікола Дземідзенка і Маргарыта Кароль
Актывісты “Маладога фронту” Маргарыта Кароль і Мікола Дземідзенка правялі акцыю, нягледзячы на вялікую колькасьць міліцыянтаў. Маладыя людзі плянавалі пэрформанс на 15-ю гадзіну. Але, як толькі яны падышлі да амбасады, да іх кінуліся некалькі міліцыянтаў. Міколу павалілі на зямлю і спрабавалі адабраць расьцяжку.

Тройчы Міколу і Маргарыце ўдалося разгарнуць расьцяжку: “1514 год. Памятай, маскаль!” Нарэшце міліцыянты вырвалі яе з рук маладафронтаўцаў.

Мікола Дземідзенка пасьпеў сказаць некалькі словаў “Свабодзе”:

“Сёньня дзень беларускай вайсковай славы. Улічваючы, што пачынаюцца вучэньні беларускага войска і Расейскай Фэдэрацыі, “Малады фронт” хацеў выказаць сваю пазыцыю. У такі памятны дзень, калі тысячы беларусаў аддалі сваё жыцьцё ў змаганьні супраць расейскага акупанта, праводзіць сумесныя вучэньні з расейскім войскам — ня мае ні карэктнасьці, нічога…

Самі ствараюць узброеныя канфлікты ў краінах, якія ім не належаць, ды тую ж Грузію я маю на ўвазе, напрыклад… Мы ня лічым, што гэта нармальна для Беларусі”.

Маргарыта Кароль дадала:

“Нас адразу схапілі. Мы разгарнулі расьцяжку, дык у нас яе адразу яе адабралі. Міколу павалілі на зямлю. Мяне адцягнулі…”

Мікола патлумачыў, чаму ў акцыі не ўзялі ўдзелу іншыя маладафронтаўцы.

“Мы на такія пэрформансы лічым непатрэбным выводзіць вялікую колькасьць народу, каб іх не падстаўляць, бо ў нас ідзе кампанія збору подпісаў за беларусізацыю. Мы мелі такі досьвед, калі выводзілі вялікую колькасьць людзей, іх затрымлівалі, а літаральна праз тры дні іх бацькоў звальнялі з працы.

На сёньняшні дзень мы на небясьпечныя акцыі маем кастынг людзей, не заангажаваных на нейкіх дзяржаўных працах, ці студэнтаў, якія вучацца за мяжой, каб было як мага менш наступстваў для нашай арганізацыі”.

Міколу Дземідзенку і Маргарыту Кароль адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Маладых людзей суправаджалі сем спэцназаўцаў.

Іх паплечнікі спадзяюцца, што актывістаў выпусьцяць і яны змогуць удзельнічаць у заўтрашняй акцыі.

Аднак увечары 8 верасьня Міколу Дземідзенку і Маргарыту Кароль адвезьлі ў сьпецпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна. Заўтра іх будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну.



9 верасьня актывісты “Маладога фронту” выйдуць на пікет супраць уводу расейскіх войскаў у Беларусь. А 6-й вечара на Кастрычніцкай плошчы зьбяруцца актывісты партыі БНФ, сацыял-дэмакраты, прадстаўнікі кампаніі “Эўрапейская Беларусь” ды іншыя актывісты дэмакратычнага руху краіны. Яны плянуюць стаць жывым ланцугом з расьцяжкамі: “Не — расейскай акупацыі!”

Менавіта 9 верасьня пачнуцца беларуска-расейскія апэратыўна-стратэгічныя вучэньні “Захад-2009”. Адной з мэтаў вучэньняў называецца адпрацоўка шляхоў ліквідацыі збройных канфліктаў. Але актывісты дэмакратычнага руху лічаць, што пагроза нацыянальнай бясьпецы Беларусі можа паходзіць толькі з боку Расеі.

Затрымліваюць актывістку Маргарыту Кароль.

Затрымліваюць Міколу Дземідзенку.