Рэвізор з Эўразьвязу

Міраслаў Лайчак

Зь візытам у Беларусі сёньня знаходзіцца міністар замежных спраў Славаччыны Міраслаў Лайчак. Фактычна ён выконвае функцыю рэвізора — зьбірае інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі за месяц да абмеркаваньня пытаньня аб скасаваньні ці захаваньні замарожаных санкцыяў Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі ды іншых беларускіх чыноўнікаў. Міраслаў Лайчак правёў перамовы з прадстаўнікамі ўладаў і апазыцыі.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Славаччыны Міраслаў Лайчак адзначыў дзьве мэты свайго візыту ў Менск. Першая — паглыбленьне адносін паміж дзьвюма краінамі ў розных галінах, другая — разьвіцьцё адносін Беларусі і Эўразьвязу:

“Славаччына актыўна ўдзельнічае ў фармаваньні пазыцыі і палітыкі Эўрапейскага Зьвязу ў адносінах да Беларусі, мы хочам і ў будучым быць актыўнымі яго ўдзельнікамі. Наперадзе ў нас дыскусія на гэтую тэму, так што мой візыт сёньня — добрая магчымасьць пазнаёміцца з сытуацыяй на месцы”.

Гаворачы пра будучую дыскусію аб Беларусі, спадар Лайчак мае на ўвазе разгляд міністрамі замежных спраў Эўразьвязу пытаньня пра скасаваньне ці працяг візавых санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэньня, якія гэтай вясной былі толькі прыпыненыя. Рашэньне наконт гэтага будзе прымацца ў кастрычніку ў Брусэлі. Вынік залежыць ад прагрэсу ў Беларусі ў галіне лібэралізацыі і выкананьня правоў чалавека.

Лайчак: Ніколі ня можам быць задаволенымі тэмпамі, заўсёды можна ісьці хутчэй.
Знаходзячыся ў Менску, Міраслаў Лайчак дыпляматычна ўхіляўся ад ацэнак, хоць і адзначыў, што нельга быць задаволеным тэмпамі разьвіцьця адносін Беларусі і Эўразьвязу:

“Ніколі ня можам быць задаволенымі тэмпамі, заўсёды можна ісьці хутчэй. Беларусь для нас блізкая, суседняя краіна, эўрапейская дзяржава. Мы рады, што сёньня ў адносінах Беларусі і Эўразьвязу існуе спрыяльная атмасфэра, якая дае магчымасьць паглыбіць і пашырыць нашыя кантакты”, — заявіў Міраслаў Лайчак пасьля перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і Сяргеем Мартынавым.

Сустракаўся славацкі міністар замежных спраў і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі Аляксандрам Казуліным, Андрэем Кімам, Анатолем Лябедзькам, Аляксандрам Мілінкевічам. Усе яны назвалі перамены, што адбываюцца ў Беларусі, касмэтычнымі.

Аляксандар Мілінкевіч: “Першае пытаньне — ці ёсьць прагрэс у дэмакратызацыі і лібэралізацыі ў Беларусі. Усе, хто аб’ектыўна глядзіць на сытуацыю, са шкадаваньнем гавораць пра тое, што на дадзены момант дэмакратызацыя, якая так неабходная краіне, носіць вельмі павярхоўны характар. Калі першыя крокі былі зробленыя, то пасьля гэты працэс фактычна быў замарожаны. Няма нават мовы аб сыстэмных, структурных зрухах, якія не адбываюцца”.

Лукашэнка: У нас у гэтым пляне ідэальны парадак — тое, што ў некаторых дзяржавах называюць дыктатурай.
Мілінкевіч і іншыя беларускія апазыцыянэры нагадалі прадстаўніку Эўразьвязу пра палітвязьняў, справу Аўтуховіча, нерэгістрацыю новых партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, уціск незалежных СМІ, патрэбу зьменаў Выбарчага кодэксу.

Лукашэнка і Мартынаў на перамовах са славацкім міністрам казалі пра магчымасьці эканамічнага супрацоўніцтва і пра інвэстыцыі. Лукашэнка, у прыватнасьці, заявіў, што заўсёды сьвята выконвае дасягнутыя з інвэстарамі дамоўленасьці:

“У нас у гэтым пляне ідэальны парадак — тое, што ў некаторых дзяржавах называюць дыктатурай. Бізнэсоўцы вітаюць, калі ёсьць парадак: сказана — будзе зроблена. Яны ня любяць рознага кшталту псэўдадэмакратыю”.

Міраслаў Лайчак

Міраслаў Лайчак
Нарадзіўся 20 сакавіка 1963 году. Славацкі дыплямат. Выпускнік Унівэрсытэту імя Камэнскага ў Браціславе.

Атрымаў доктарскую ступень у міжнародных адносінах у Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін у Маскве.

Выпускнік курсаў Эўрапейскага цэнтру дасьледаваньняў у пытаньнях бясьпекі Джорджа К. Маршала ў Гарміш-Партэнкірхэне, Нямеччына.

1991—1993 Амбасадар Славакіі ў Расеі.
1994—1998 амбасадар у Японіі.
2001—2005 амбасадар у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія (пазьней Сэрбія і Чарнагорыя), Альбаніі і Македоніі.

26 студзеня 2009 г. Лайчак стаў міністрам замежных спраў Славакіі.

Валодае ангельскай, нямецкай, расейскай, баўгарскай, сэрбскай, басьнійскай і харвацкай мовамі.