Судзьдзя Гарадоцкага райсуду Ганна Ганчарова прызнала віцебскага актывіста Тараса Сургана вінаватым за тое, што 27-га ліпеня ён выйшаў на плошчу райцэнтру зь бел-чырвона-белым сьцягам. Гэта ўжо другі прысуд, вынесены спадарыняй Ганчаровай удзельнікам віншавальнай акцыі ў Гарадку.
У міліцэйскім пратаколе, які разглядаў сёньня Гарадоцкі раённы суд, было напісана, што Тарас Сурган “махаў бел-чырвона-белым сьцягам, чым парушыў заканадаўства аб правядзеньні масавых акцый”. Выкліканы ў якасьці сьведкі кіраўнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Гарадоцкага РАУС Аляксей Макаранка выказаўся яшчэ больш катэгарычна: заявіў, што 27-га ліпеня, на ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, на плошчы было “масавае зборышча” апазыцыянэраў са сьцягамі.
Тарас Сурган патлумачыў суду сваю пазыцыю наступным чынам:
“Мы хацелі зьвярнуць увагу людзей на тое, што ў нас ёсьць сапраўдны Дзень незалежнасьці, а не прыдуманы прэзыдэнтам. Сапраўды гістарычны дзень! Мы тлумачылі людзям, чаму мы выйшлі на плошчу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, і самае галоўнае, што людзі нас разумелі!”
Судзьдзя Галіна Ганчарова такія тлумачэньні актывіста пад увагу не ўзяла і аштрафавала яго на 350 тысяч рублёў паводле артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных парушэньнях. Яна зазначыла, што сьвяткаваць незалежнасьць трэба выключна 3 ліпеня і толькі з выкарыстаньнем чырвона-зялёных, афіцыйна прызнаных сьцягоў.
За бел-чырвона-белыя сьцягі Тараса Сургана суд пакараў ужо другі раз: цяпер у Гарадку і месяц таму ў Віцебску — 16 ліпеня хлопца затрымалі там на мосьце імя Блахіна за спробу прымацаваць нацыянальны сымбаль.
Другі асуджаны за сьвяткаваньне Дня незалежнасьці, старшыня гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў, ужо паспрабаваў абскардзіць судовае рашэньне ў Віцебскім абласным судзе. Тая самая судзьдзя Ганна Ганчарова 13 жніўня прысудзіла спадару Аўтухову штраф памерам 1 мільён 400 тысяч рублёў, і калегія абласнога суду ўчора падтрымала ейную пастанову.
Яшчэ двое затрыманых 27-га ліпеня ў Гарадку — Валеры Раманенка, прадстаўнік “Маладой Грамады”, і Ірына Пятрова з руху “Джынс за свабоду” — позваў у суд пакуль не атрымалі.